19 красавiка 2024, Пятніца, 23:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

50% апрацоўваючых прадпрыемстваў Беларусі - стратныя

18
50% апрацоўваючых прадпрыемстваў Беларусі - стратныя

Апошнім часам у Беларусі значна пагоршылася эканамічная сітуацыя: на многіх прадпрыемствах працуюць няпоўны працоўны тыдзень, прыбыткі насельніцтва памяншаюцца.

Пра агульную дынаміку ў беларускай эканоміцы «Радыё Рацыя» пагутарыла з эканамістам Леанідам Злотнікавым.

- Як можна ў агульных рысах акрэсліць сённяшні стан беларускай эканомікі?

- Калі мы возьмем жнівень 2014 і сакавік 2015 года, за гэты перыяд адбыўся значны спад даходаў насельніцтва. Тут я адзначу раздроблены тавараабарот, які рэзка знізіўся, аб'ёмы ў грамадскім харчаванні ніжэй леташніх, пачалі падаць у дачыненні да ўжо дасягнутага ўзроўня. Пакупніцкая здольнасць насельніцтва адбіваецца на спадзе рознічнага абароту, гэта значыць узровень жыцця насельніцтва знізіўся. Канкурэнтаздольнасць нашай эканомікі яшчэ больш парушылася. У нас ўпаў экспарт за першыя два месяцы сёлета на 25-30%. Прыблізна на 30% што імпарт, што экспарт зменшыліся. У нас з сярэдзіны 2012 года прадаўжаюць падаць аб'ёмы прамысловай вытворчасці. Моцна зніжаецца фінансавая эфектыўнасць працы, амаль ва ўсіх галінах. Хутка расце крэдыторская запазычанасць. Калі, напрыклад, за студзень 2014 года крэдыторская запазычанасць вырасла на 1-2% у розных галінах, то за студзень 2015 года гэтая запазычанасць вырасла на 15-17%. Паскорылася страта плацежаздольнасці прадпрыемстваў. Сёлета крызіс неплацежаздольнасці хутка развіваецца. У нас была раней перавага - выдаткі энэргіі нізкія на ўсё, а ў тых жа палякаў ці літоўцаў - высокія. Вось якія мы добрыя! Усё, цяпер мы нядобрыя. Страта канкурэнтаздольнасці адбылася скачкападобна. І нам цяпер выйсці ў свет і прадаваць, атрымліваць прыбытак, а не страты - гэта ўжо вельмі складана.

- Такая сітуацыя павінна была адбіцца на занятасці людзей у розных сферах працы.

- У нас ужо дзесьці больш за 100 тысяч людзей, паводле звестак Мінстата, - гэта ўжо няпоўная занятасць, у кожным выпадку. Асабліва пацярпеў горад Менск. Таму што апрацоўчая прамысловасць больш за ўсё губляе ў эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці, застаецца тое, што найбліжэй да сыравіны. У нас амаль усё ўпала, акрамя экспарту калійных і азотных угнаенняў. Экспарт калійных і азотных угнаенняў за апошнія два месяцы павялічыўся на 60-70%, у параўнанні з тымі двума месяцамі мінулага года. Калі дадаюцца выдаткі на кожным этапе перапрацоўкі пры вытворчасці прадукту, то гатовы прадукт неканкурэнтаздольны. А тут - сыравіна, яе яшчэ цяжка «сапсаваць», таму яна прадаецца, яшчэ эканоміка трымаецца. Вось сыры лес таксама прадаецца добра.

- А што можна сказаць пра стан сельскай гаспадаркі?

- Што тычыцца беларускай сельскай гаспадаркі, то яе канкурэнтаздольнасць ўпала. На сусветным рынку зменшыліся кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю, так як упалі кошты нафты і газу, у нас жа кошты засталіся на тым жа ўзроўні, яны былі нізкімі - і засталіся нізкімі. У іншых жа краінах - Польшчы, Нямеччыне - кошты нафты і газу сталі ніжэйшыя, а сабекошт сельскагаспадарчай прадукцыі ў выніку ўсіх ланцугоў уключае ў сябе выдаткі на нафту і газ, гэта блізу 20% сабекошту. Адпаведна, калі нафта і газ таннеюць, таннеюць і сельскагаспадарчыя прадукты. А гэта яшчэ вялікія страты для нашага сельскагаспадарчага экспарту, ён знізіўся за першыя два месяцы 2015 на 15-20%. Для некаторых асобных прадуктаў гэтая лічба яшчэ большая.

- У такой сітуацыі, калі беларускія прадпрыемствы неканкурэнтаздольныя, колькі з іх цяпер працуе ў страту?

- Агулам па Беларусі доля стратных прадпрыемстваў на пачатак 2014 года была 20%, а на пачатак гэтага года - 28,6%. Гэта значыць, іх колькасць павялічылася. Але галоўнае - павялічыліся страты ад гэтых прадпрыемстваў. Ужо буйныя прадпрыемствы сталі стратнымі, не проста вялікія, а буйныя. На пачатак 2015 ў нас у апрацоўчай прамысловасці стратныя прадпрыемствы займаюць 50%! У пачатку 2014 года іх было 32%. Гэта датычыцца ў першую чаргу машынабудавання. Колькасць страт вырасла вельмі моцна. Калі ў студзені мінулага года страты складалі 2 трыльёны рублёў, то за студзень гэтага года - ўжо 52 трыльёны рублёў, гэта значыць лічба вырасла ў 26 разоў! Гэта значыць, мы маем вельмі хуткую страту плацежаздольнасці прадпрыемстваў, хутка набліжаецца крызіс...

- Кіраўніцтва Беларусі робіць нейкія крокі, каб прадухіліць гэта? Шукае нейкія шляхі развязання праблем?

Не. У асноўным яны заклапочаныя цяпер тым, як захаваць сацыялізм - каб кантраляваць кошты, каб Сусветны Банк зноў не ціснуў на прыватызацыю і гэтак далей. Заклапочаныя тым, каб усе працавалі - уводзяць падатак на дармаедства. А зрабіць што-небудзь істотнае, каб змяніць сітуацыю, - ім нават такія думкі не прыходзяць у галаву.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках