16 красавiка 2024, aўторак, 23:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На фэсце ў Горадні расейцы раздавалі георгіеўскія стужкі

29

На фэсце славянскіх адзінаборстваў гарадзенцам далі адчуць дыханне «рускага свету».

У падножжы Кургана славы людзі абступілі арганізатараў, якія доўга развязвалі нейкія праблемы з гукам, перад пачаткам выступу. Яшчэ болей было тых, што абступілі сталы народных майстроў і калекцыянераў з клуба «Скарабей». Тыя, у каго не атрымалася апынуцца ў першых шэрагах, залазілі для лепшага агляду на танкі, устаноўленыя ля падножжа кургана, піша «Наша нiва».

Гэта ўжо XV фестываль славянскіх адзінаборстваў ў Горадні. Са слоў арганізатара, лідара «Нёманскага казацтва» Уладзіміра Адамава, фестываль сабраў блізу 30 клубаў з Расеі і Беларусі. Пару гадоў таму назад сюды прыязджалі нават украінцы - у вышыванках і шараварах...

УЛАДЗІМІР АДАМАЎ. ФОТА: АВ

Падчас аб'явы ўдзельнікаў і арганізатараў гукатэхніка зноў ламаецца, і скандальную арганізацыю «Русь маладая» аб'яўляюць ледзь не шэптам. Цікава, што, мабыць, упершыню на фестываль прыехаў асабіста Сяргей Лушч, лідар «Румола», хоць пра тое, што ён падтрымлівае ініцыятыву Адамава, было вядома даўно.

«Румолаўцы» працуюць вокамгненна: адразу пасля абвяшчэння каля дзесятка дзяўчат пачынаюць раздаваць чорна-аранжавыя стужкі. Людзі бяруць ахвотна, вяжуць на рукі, заплечнікі, уплятаюць ў валасы. Неахопленымі «каларадскімі кветкамі» застаюцца толькі падаспелыя студэнты-туркмены, і якія прысутнічалі тут вайскоўцы і афіцыйныя асобы з чырвона-зялёным колерам на грудзях.

СЯРГЕЙ ЛУШЧ. ФОТА: АВ

Падчас выступаў праваслаўных вайскова-патрыятычных клубаў удзельнікі аднаго з іх разбіваюць аб галовы сілікатныя блокі з надпісам «славяне». Інструктар, былы дэсантнік, назірае за выхаванцамі. Тут жа - паказальныя прыёмы самаабароны: нож, пісталет, гумавая дубінка... Усё пад выбухі піратэхнікі.

Лішнімі на фоне ўсяго гэтага выглядалі рыцары з «Белага Пегаса», «Дружыны св. Патрыка» і іншых клубаў. Рыцары прадэманстравалі серыю паядынкаў, пакуль дзяўчыны, удзельніцы клубаў, забаўлялі дзяцей бутафорскай зброяй.

Апафеоз фестывалю - выступ казацкага клуба «Ярмак» з Бабруйска. Гэта рэканструкцыя бою партызан з немцамі, падчас якога савецкія патрыёты павінны былі адбіць палоннага. Незвычайна, што ў самога высокага «немца» з пластыкавым аўтаматам на галаве была пілотка з камплекту ўніформы беларускай міліцыі ўзору 90-х.

Здзівіла, што на некалькі сотняў гасцей і ўдзельнікаў прыходзілася ўсяго ... два міліцыянты, якія трымаліся недзе збоку. Сітуацыя для Беларусі дзівосная.

Фота: АВ
Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках