29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Ізраіль перадумаў пастаўляць Украіне беспілотнікі праз Пуціна

2
Bloomberg: Ізраіль перадумаў пастаўляць Украіне беспілотнікі праз Пуціна

Ізраіль скасаваў угоду аб продажы беспілотных лятальных апаратаў Украіне пасля таго, як Уладзімір Пуцін патэлефанаваў з гэтай нагоды Біньяміну Нетаньяху.

Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на ізраільскага чыноўніка, які пажадаў застацца ананімным, піша РБК-Украіна.

У адміністрацыі прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху, Мінабароны Ізраіля і кампаніі IAI, вытворцу БПЛА, адмовіліся ад каментароў. Прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў не адказаў на запыт аб каментары.

Пры гэтым калі менавіта адбылася размова Уладзіміра Пуціна з Нетаньяху, не ўдакладняецца. Агенцтва піша, што ў кастрычніку 2014 падчас візіту ў Ізраіль кіраўніка ўкраінскага МЗС Паўла Клімкіна ён заявіў мясцовым журналістам, што ягоная краіна вельмі зацікаўлена ў пастаўках ізраільскіх беспілотнікаў, каб маніторыць захаванне замірэння з баевікамі.

У верасні, нагадвае агенцтва, другі канал ізраільскай тэлевізіі паведамляў, што кампанія IAI дамовілася аб продажы Украіне беспілотнікаў, аднак угода была сарваная пад ціскам яе супраціўнікаў ва ўрадзе Ізраіля. Канал не падаў крыніцы гэтай інфармацыі. СМІ паведамлялі, што ўгоду заблакаваў МЗС Ізраіля, які баіцца сапсаваць стасункі з Расеяй.

Са слоў навуковай супрацоўніцы Інстытута даследаванняў нацыянальнай бяспекі ў Тэль-Авіве Сары Файнбэрг, Ізраіль устрымліваўся ад паставак узбраенняў Кіеву ў надзеі, што Расея не будзе пастаўляць ЗРК С-300 Ірану, але цяпер збіраецца перагледзець сваю пазіцыю. Крыніца агенцтва ў Ізраілі мяркуе, што Расея адмаўлялася пастаўляць зенітна-ракетныя комплексы Ірану, каб не сарваць закупку ізраільскіх беспілотнікаў, але, атрымаўшы першыя ўзоры гэтай тэхналогіі, перастала разглядаць гэтую ўгоду як стрымальны фактар. У жніўні 2014 Мінабароны Ізраіля загадала ўсім кампаніям краіны спыніць перамовы з Расеяй аб пастаўках БПЛА ў сувязі з "далейшым расейскім умяшаннем у канфлікт ва Украіне".

У красавіку 2015 Пуцін падпісаў указ аб зняцці забароны на пастаўку Ірану С-300, які дзейнічаў з 2010 года. На наступны дзень пасля падпісання ўказа ізраільская старана ініцыявала тэлефонную размову з Крамлём, падчас якой Пуцін запэўніў Нетаньяху, што пастаўка Ірану С-300 не пагражае бяспецы краін блізкаўсходняга рэгіёну.

Раней прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ, якім зняў забарону на пастаўку зенітных ракетных сістэм С-300 у Іран. Ізраіль быў сур'ёзна ўстурбаваны такой пастановай і некаторыя спецыялісты бяспекі ў выніку адзначалі, што адказам на такі жэст расейскага прэзідэнта можа стаць пастаўка ўзбраення Ізраілем Украіне ды Грузіі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках