Віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі: Украіна застанецца галоўным транзіцёрам газу ў ЕЗ
- 6.05.2015, 9:45
- 18,268
Украіна ёсць і будзе адным з галоўных транзіцёраў газу ў Еўрапейскі Звяз.
Пра гэта заявіў віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі ў пытаннях энэргетычнага звязу Мараш Шафчовіч, паведамляе «Радыё Свабода».
«Украіна з'яўляецца адной з вядучых краін газавага транзіту паміж Расеяй і ЕЗ вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў, і будзе заставацца такой у найбліжэйшай будучыні. У 2013 годзе палова расейскага газу, імпартаванага ў ЕЗ, прайшла праз Украіну. Хай у меншай ступені, але Украіна таксама гуляе важную пасрэдніцкую ролю ў нашых закупках нафты. Таму ў агульных для Кіева і Брусэля інтарэсах забяспечыць Украіне сучасную і функцыянальную энэргетычную інфраструктуру», - сказаў Шафчовіч 5 траўня падчас канферэнцыі аб энэргетычнай бяспецы ЕЗ у Брусэлі.
Шафчовіч вітаў намаганні ўкраінскага ўрада ў прасоўванні рэформы энэргетычнага сектара.
У снежні мінулага года Масква і Анкара дамовіліся аб будаўніцтве газаправода «Турэцкі паток».
14 студзеня старшыня праўлення расейскага «Газпрама» Аляксей Мілер пасля перамоваў з Шафчовічам заявіў, што газаправод «Турэцкі паток» павінен стаць адзіным маршрутам для паставак расейскага газу ў ЕЗ і гэта дазволіць зняць рызыкі транзіту праз Украіну.
Са слоў Мілера, цяпер еўрапейцы павінны стварыць неабходную газатранспартную інфраструктуру ад мяжы Турцыі і Грэцыі для прыёму газу праз так званы «Турэцкі паток».
У «Нафтагазе» адзначылі тады, што заявы расейскага «Газпрама» не маюць эканамічнай падставы і з'яўляюцца палітычным блефам.