Журналістку Вольгу Чайчыц будуць судзіць за «працу без акрэдытацыі»
3- 8.05.2015, 9:11
- 25,627
Вольгу Чайчыц абвінавачваюць паводле артыкула 22.9 КаАП (праца без акрэдытацыі на замежныя СМІ).
Са слоў журналісткі, позву ёй не ўручылі асабіста, а даслалі праз пошту, паведамляе тэлеканал «Белсат».
«Для высвятлення абставінаў я прыйшла ў Фаніпальскае аддзяленне міліцыі, дзе праваахоўнікі адмовіліся гутарыць па-беларуску. Я папрасіла, каб мне падалі перакладчыка, але мне прапанавалі гаварыць па-кітайску. Нібыта ў нас дзве дзяржаўныя мовы, і кожны размаўляе як хоча», - сказала Вольга Чайчыц.
Выклік у міліцыю звязаны з матэрыялам, які з'явіўся на старонцы тэлеканала «Белсат». Міліцыянты паказалі дзяўчыне раздрукоўкі з сайта з нядаўнім сюжэтам, які тычыўся грамадскага абмеркавання забудовы ў Фаніпалі.
«Як сказаў супрацоўнік міліцыі, супраць мяне асабіста негатыву няма, дадаўшы, што можа гэта і добры матэрыял. Калі б мы проста рабілі матэрыял, але не паказвалі яго, ніякага б правапарушэння не было, але выстаўляць у інтэрнэце мы не мелі права. Таму трэба перадаць справу ў суд, дата якога пакуль не вызначаная».
На думку Вольгі Чайчыц, яе будуць судзіць разам з Сяргеем Краўчуком, які таксама раней атрымаў позву за гэты матэрыял.
Сёлета беларускіх журналістаў ужо 12 разоў прызнавалі вінаватымі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП, а агульная сума штрафаў у гэтым артыкуле перасягнула суму 60 мільёнаў рублёў.