На дзяржаўную падтрымку прадпрыемстваў грошай больш няма
8- 26.06.2015, 14:12
- 13,357
Формы дзяржпадтрымкі прадпрыемстваў у Беларусі будуць звужаныя.
Пра гэта заявіў, выступаючы ў «палаце прадстаўнікоў», міністр фінансаў Уладзімір Амарын. З ягоных слоў, дзяржава стараецца «аптымізаваць формы дзяржпадтрымкі», піша БелТА.
Адпаведны ўказ Аляксандра Лукашэнкі, удакладніў міністр, рыхтуецца на будучы год. У ім, са слоў Уладзіміра Амарына, «будзе прадугледжаны роўны доступ усіх формаў уласнасці і істотна, скажам так, звужаныя формы дзяржпадтрымкі».
Міністр падкрэсліў, што аб'ёмы дзяржпадтрымкі вельмі маштабныя і стала раслі, дасягнуўшы ў 2014 годзе сумы больш за 10 трлн рублёў. Пры гэтым на выплату адсоткаў у крэдытах было накіравана 9,5 трлн рублёў.
Пры гэтым, канстатаваў Уладзімір Амарын, дзяржпадтрымка мадэрнізацыі прадпрыемстваў далёка не заўсёды давала чаканыя вынікі. Міністр прывёў у якасці прыкладу дрэваапрацоўчую галіну.
Нагадаем, апошнім часам многія прадпрыемствы пераводзяцца на скарочаны працоўны тыдзень або вымушаюць рабочых пісаць заявы на адпачынкі за свой кошт. У рэдакцыю charter97.org паступілі скаргі з такіх прадпрыемстваў як «Гомсельмаш», Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў, Светлагорскі завод жалезабетонных вырабаў, Бабруйскі завод дэталяў і агрэгатаў, «Магілёўтрансмаш», «Строммашына», МТЗ, «Гомельдрэў», Менскі падшыпнікавы завод, Беларуская чыгунка, ААТ «Віцебскія прадукты» і іншых.