ЗША абвінавацілі Расею ў эскалацыі канфлікту на Данбасе
- 3.06.2015, 21:25
- 5,784
Дзярждэп ЗША не выключыў пашырэння санкцый супраць Расеі.
Улады ЗША ўважаюць РФ за адказную ў эскалацыі канфлікту на Данбасе, дзе ў сераду ўпершыню за доўгі час пачаліся маштабныя баі паміж украінскімі вайскоўцамі і прыхільнікамі самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі, паведамляе BBC.
Афіцыйная прадстаўніца дзяржаўнага дэпартамента Мэры Харф заявіла, што баі пад Мар’інкай пачаліся з наступу прыхільнікаў «ДНР». Наўпроставую адказнасць за прадухіленне такіх інцыдэнтаў, на думку Харф, нясе Расея.
У сувязі з гэтым прадстаўніца дзярждэпартамента не выключыла пашырэння санкцый супраць Расеі. Са слоў Харф, такі варыянт развіцця падзей будзе магчымы ў выпадку далейшай эскалацыі канфлікту.
Раней украінскія вайскоўцы і кіраўніцтва так званай ДНР абвінавацілі адзін аднаго ў парушэнні рэжыму спынення агню.