19 сакавiка 2024, aўторак, 12:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея-Еўразвяз: Бітва за Смаленскую браму

14
Расея-Еўразвяз: Бітва за Смаленскую браму
Зміцер Бандарэнка

Ці зможа Еўропа і Беларусь спыніць новую экспансію імперскай Расеі?

На пытанні сайта charter97.org адказвае каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Ці апраўдваюць «геапалітычныя інтарэсы» адыход ад маральных крытэраў у стасунках Захаду з такімі дыктатарскімі рэжымамі, як рэжым Лукашэнкі?

- Згодзен з фармулёўкай, што назіраецца «адыход ад маральных крытэраў». Цяпер у Еўрапейскага Звязу мноства сур'ёзных праблем: барацьба з ІДІЛ, велізарная міграцыя бежанцаў з Афрыканскага кантынента і Блізкага Усходу (за тры месяцы ў Еўразвяз морам прыбыло 60 тысяч чалавек), расейская агрэсія супраць Украіны, пагроза дэфолту ў Грэцыі. Усё гэта, безумоўна, адсунула на другі план праблему пакут беларускага народа і рэпрэсій супраць беларускай апазіцыі.

Казаць пра тое, што змяненне палітыкі Еўразвязу ў дачыненні да Лукашэнкі выкліканае «геапалітычнымі інтарэсамі», мабыць, не варта, бо гэта спосаб апраўдання еўрабюракратаў сваёй млявай і нерашучай палітыкі ў дачыненні да беларускага рэжыму цягам многіх гадоў. І калі еўрапейскія палітыкі кажуць, што сустракаюцца з Лукашэнкам, бо ён нібыта «пайшоў супраць Пуціна» - яны, мякка кажучы, хітруюць. Хутчэй, гаворка ідзе пра развязанне эканамічных праблем, выкліканых расейскай агрэсіяй ва Украіне.

Дэ-факта рэжым Лукашэнкі з'яўляецца часткай новай Еўразійскай імперыі, дзе галоўны дыктатар - Уладзімір Пуцін, а астатнія проста сатрапы. Захад праз рэжым Лукашэнкі ўзаемадзейнічае з Расейскай імперыяй. Гэта Пуцін даў еўрапейскім чыноўнікам перамоўную пляцоўку на сваёй тэрыторыі - у Менску, каб развязваць тут пытанні легітымізацыі захопленага Крыма і Данбаса і шукаць магчымасці абыходу кантрабандным шляхам уведзеных адзін супраць аднаго санкцый.

- Цяпер ідзе рэальная вайна, ва Украіне гінуць тысячы людзей. Магчыма, у такой сітуацыі геапалітыкай зоймуцца не службоўцы, а вайскоўцы?

- Калі вайскоўцы займаюцца геапалітыкай, гэта значыць, што сітуацыя зайшла занадта далёка.

На жаль, Захад доўгі час думаў, што Расейская імперыя стала «вегетарыянскай», што яна сямімільнымі крокамі ідзе да дэмакратыі і нават стала дэмакратыяй: напрыклад, уступіла ў клуб дэмакратычных краін, якім з'яўляецца G8. Але высветлілася, што гэта зусім не так. Расея сёння вядзе палітыку рэваншу, у тым ліку і вайсковымі сродкамі.

Еўрабюракраты да гэтага былі негатовыя, таму вайскоўцы ўжо далучыліся напоўніцу. Мы бачым, што павялічылася колькасць вучэнняў войскаў NATO, у краіны Усходняй Еўропы перакідваюцца, хоць і ў невялікіх аб'ёмах, вайсковы кантынгент і тэхніка, а кіраўніцтва Альянсу падпісала пагадненне з Міністэрствам абароны Украіны аб супрацьдзеянні расейскай інфармацыйнай вайне і ў штабах краін NATO ідзе выпрацоўка новай стратэгіі ў дачыненні да РФ.

- Гэта значыць, у Еўропе пачалі разумець небяспеку ідэй расейскіх геапалітыкаў, такіх як Аляксандр Дугін ды іншых аўтараў канцэпцыі «расейскага свету». Ці нагадваюць яны ідэі фашызму 30-х гадоў мінулага стагоддзя?

- Так, Дугін захапляецца Карлам Хаўсхаферам, нямецкім геапалітыкам, які праз Рудольфа Геса спрабаваў паўплываць на палітыку Гітлера і кіраўніцтва Трэцяга рэйха. Дугін шкадуе аб тым, што дружба паміж Гітлерам і Сталіным доўжылася так мала, і не ўдалося тады зрэалізаваць ідэю Хаўсхофера аб стварэнні кантынентальнага блока Бэрлін-Масква-Токіё, накіраванага супраць дэмакратычных краін.

Дугіна многія на Захадзе раней уважалі за свайго кшталту «блазна» і фантазёра. А калі паглядзець ягоную галоўную кнігу «Асновы геапалітыкі. Геапалітычная будучыня Расеі», то там напісана, што навуковым кансультантам з'яўляецца генерал-лейтэнант М.П.Клокатаў, выкладчык Акадэміі Генеральнага штаба УС РФ. З падручнікамі Дугіна вось ужо 15 гадоў праходзяць падрыхтоўку ўсе вышэйшыя афіцэры расейскага войска. У сваіх планах Дугін, лідар геапалітычнай плыні «неаеўразійства», не пакідае ніякага месца беларускай незалежнасці, а за галоўных ворагаў уважае ЗША, Вялікабрытанію і NATO.

Сутнасцю канцэпцыі «неаеўразійства» - а значыць, і стратэгіі сённяшняй Расеі - з'яўляецца вяртанне Расеі да ранейшага статусу дамінантнай у Еўразіі імперыі. Пра гэта сведчаць і назвы раздзелаў кнігі Дугіна: «Еўразія перад усім», «Уз'яднанне Беларусі з Вялікаросіяй», «Зламаць санітарны кардон», «Дэкампазіцыя Украіны» ды іншыя. Там наўпрост гаворыцца, што трэба вярнуць Крым Расеі, што Украіна, акрамя яе заходняй часткі, а таксама ўся Беларусь павінны ўвайсці ў склад РФ, што сам факт існавання суверэннай Украіны на геапалітычным узроўні з'яўляецца абвяшчэннем Расеі вайны.

І калі паглядзець на дзеянні Пуціна, становіцца зразумелым, што ён кіруецца канцэпцыямі Дугіна і Генеральнага штаба ўзброеных сіл РФ. І галоўнае, што і Дугін, і Пуцін адкрыта выступаюць супраць такой формы палітычнага ладу, як дэмакратыя. Іх ідэалам з'яўляецца ідэякратыя, гэта рэжым, у якім «абраныя» вызначаюць дамінантную ідэалогію ў грамадстве і бескантрольна кіруюць з мэтай выканання нейкіх вышэйшых інтарэсаў.

- Яшчэ да вайны вы казалі, што вакол Еўразвязу ёсць своеасаблівая «дуга нестабільнасці», якую еўрабюракраты чамусьці ўважаюць за лепшае не заўважаць. Цяпер стала відавочна, што «палае» па ўсім перыметры межаў Еўразвязу. Які ваш прагноз у развіцці падзей у Беларусі, якая, як сцвярджае афіцыйная прапаганда, з'яўляецца нібыта «выспай стабільнасці»?

- Мне падаецца, што і для Беларусі, невялікай краіны, і для Еўразвязу, самага вялікага геапалітычнага ўтварэння ў аб'ёме УБП на планеце Зямля, вельмі важныя тыя працэсы, якія цяпер адбываюцца ўнутры мацерыка Еўразія. Класік геапалітыкі, ангельскі навуковец Хэлфард Макіндэр у свой час адкрыў геапалітычную заканамернасць: перыядычна з глыбіні кантынента Еўразія пачынаецца ўварванне ў Еўропу. І так было цягам усёй гісторыі. Спачатку гэта былі гуны, потым авары, вугорцы, балгары, цюркі, манголы - качавыя народы, якія з цэнтра Еўразіі раптам пачыналі масавае ўварванне. Праз стэп, які пачынаецца ад пустыні Гобі і цягнецца праз усю Еўразію да Вугоршчыны і Альп, процьма качэўнікаў на конях і вярблюдах вельмі хутка захоплівалі велізарныя тэрыторыі і карэнным чынам уплывалі на лёсы ўсёй Еўропы. Спадкаемніцай Мангольскай імперыі стала Масковія, а затым Расейская імперыя.

Макіндэр сцвярджаў, што, калі ў цэнтры Еўразіі ў раёнах, дзе ёсць вялікая нястача вады і ежы, раптам пачынаецца дэмаграфічны рост, то адтуль пачынаецца своеасаблівы «выбух вулкана». Асноўныя цывілізацыі, згодна Макіндэрам, размяшчаліся ў спрыяльных кліматычных зонах, дзе было досыць вільгаці. Гэта паўвыспа Еўропа, гэта паўвыспа Індастан, Кітай. Чацвёртай зонай з'яўляецца Блізкі Усход, хоць і зведвае нястачу вільгаці, але выхад да пяці мораў і стварыў вялікія аазісныя цывілізацыі Егіпта і Вавілона. І людзі, якія засялялі цэнтр Еўразіі, перыядычна вялі вайсковае ўварванне на берагавыя часткі мацерыка - туды, дзе існавалі магутныя і багатыя цывілізацыі: еўрапейская, індыйская, кітайская, арабская, размешчаныя ў басейнах Атлантычнага, Ціхага ды Індыйскага акіянаў.

Але ключавым для сусветнай гісторыі, паводле Макіндэра, быў акурат Хартлэнд - «сэрцавая зямля» або «сярэдзінная зямля». Гэта тэрыторыя з рэкамі ўнутранага басейна і басейна Паўночнага Ледавітага акіяна. Да гэтага рэгіёну, які Макіндэр называў «геаграфічнай воссю гісторыі», належыць сёння 12 краін, у тым ліку і Расея. У пазнейшых працах брытанец Сібір выключыў з Хартлэнда як маланаселены край.

Калі паглядзець на развіццё краін «унутранага басейна» за апошнія паўстагоддзя, то ў большасці з іх назіраецца дэмаграфічны выбух надзвычайнай сілы. Напрыклад, з 1960 года насельніцтва Ірана, Таджыкістана, Узбекістана, Афганістана павялічылася ў 4 разы. Азербайджана і Туркменістана - утрая, Казахстана - амаль удвая. Насельніцтва Расеі вырасла за гэты час на 25 мільёнаў чалавек, у першую чаргу, дзякуючы мусульманскім рэспублікам.

Атрымліваецца, што мы назіраем глабальную з'яву, прычына якой не залежаць ад жаданняў палітыкаў - як у Еўрапейскім Звязе, так і ў Расеі ды Беларусі. Трэба адзначыць, што насельніцтва Украіны, Беларусі, Літвы, Румыніі, Балгарыі, Вугоршчыны за апошнія 55 гадоў засталося на ранейшым узроўні.

- Атрымліваецца, Еўропу «захопяць качэўнікі»?

- Сёння мы маем справу з іншым узроўнем развіцця эканомікі і тэхнікі, але законаў геапалітыкі ніхто не касаваў. Паводле розных звестках, ад 14 да 20 мільёнаў працоўных мігрантаў, галоўным чынам з Сярэдняй Азіі і Каўказу, не знаходзячы працы ў сваіх краінах, накіраваліся ў Расею. У Маскве і Маскоўскай вобласці нават няўзброеным вокам відаць, наколькі радыкальна за апошнія 10 гадоў змяніўся этнічны склад насельніцтва.

Выбух з Хартлэнду ўжо пачаўся. Першай ахвярай гэтай з'явы стаў Савецкі Саюз, калі камуністычныя ўлады не здолелі развязаць праблему, чым заняць мільёны жыхароў мусульманскіх рэспублік. Ідэя «перакідання» паўночных рэк у Сярэднюю Азію была няўдалай спробай развязаць праблему арашэння сухіх зямель, стварэння новых працоўных месцаў і прымальных умоў для жыцця ў гэтым рэгіёне. Вайна ў Афганістане, як спосаб прабіць калідор да Індыйскага акіяну, таксама была выкліканая спробай развязання праблемы дэмаграфічнага выбуху ў Сярэдняй Азіі.

Сёння ў Расеі рэакцыя карэннага насельніцтва на прыток мігрантаў з Каўказа і Сярэдняй Азіі выяляецца ў росце нацыяналістычных настрояў, у стварэнні радыкальных экстрэмісцкіх арганізацый. Што рабіць Пуціну з гэтай з'явай? У яго ёсць два варыянты: альбо правесці эканамічную, тэхналагічную і палітычную мадэрнізацыю Расеі на заходні ўзор, альбо перанакіраваць энэргію мільёнаў мігрантаў і нацыяналістаў на вайну з Еўропай.

І мы бачым, што на Данбасе сёння ваююць чачэнцы, інгушы, асеціны, «казакі», дагестанцы - гэта прадстаўнікі тых рэгіёнаў Расеі, дзе адбыўся дэмаграфічны выбух. Адначасова Пуцін адпраўляе на вайну «гарачыя галовы» з нацыяналістычных экстрэмісцкіх аб'яднанняў, якія з'явіліся як супрацьдзеянне міграцыі.

Адразу хачу абмовіцца, што нельга думаць, што жыхары азіяцкіх і каўказскіх рэспублік чымсьці горшыя ці чымсьці лепшыя - проста гэта зусім іншая цывілізацыя. І мы сёння назіраем, як Расея з пераважна еўрапейска-азіяцкай цывілізацыі становіцца ўсё больш класічна азіяцкай дэспатыяй, той ідэякратыяй, пра якую марыць Аляксандр Дугін.

- Якая будучыня чакае Беларусь на фоне гэтых геапалітычных зменаў?

- Беларусь ужо з'яўляецца часткай Еўразійскай імперыі. Гэта нават прысутнічае ў назве аб'яднання, у якое яна ўваходзіць - Еўразійскі эканамічны саюз. Так, Беларусь заўсёды мела досыць выгаднае геапалітычнае становішча, дзякуючы якому нават рэжым Лукашэнкі быў ўстойлівым. Праз яе праходзяць асноўныя гандлёвыя шляхі - як з поўначы на ​​поўдзень, так і з усходу на захад. І геапалітычнай сутнасцю Беларусі - таксама як і Полацкага княства, і ВКЛ - з'яўляецца функцыя кантролю так званай Смаленскай брамы, міжрэчча Заходняй Дзвіны і Дняпра. Я б нават сказаў, што геапалітычным сімвалам Беларусі з'яўляецца герб горада Магілёва: стражнік ля «брамы», над якой - герб «Пагоня». Трэба расстацца з небяспечнай ілюзіяй, што Беларусь - цэнтр Еўропы. Мы - апошні рубеж Еўропы і заўсёды ім былі, ёсць і будзем.

Уварванні з Хартлэнду ў Еўропу адбываліся трыма асноўнымі шляхамі. Першы шлях - праз Іран і Малую Азію на Балканы. Другі - праз прычарнаморскія стэпы. Трэці - праз Смаленскую браму. З гісторыі вядома, што як толькі Расейская імперыя пераходзіла межы Дняпра, наступным яе «прыпынкам» былі ўжо Карпаты і Вісла ці нават Эльба і Дунай.

Вайскоўцы краін Еўразвязу і ЗША пра гэта яшчэ не забыліся. Таму ёсць надзея, што Беларусь не стане новым, агрэсіўным фарпостам Еўразійскай імперыі, з якога будуць рыхтавацца напады на краіны Балтыі, Польшчы і знішчэнне Украіны.

- Мы з вамі цяпер камунікуем у Польшчы, вы вывучалі геапалітыку ў Варшаўскім універсітэце. Як польскія акадэмічныя колы ацэньваюць сітуацыю ў нашым рэгіёне?

- Маё захапленне геапалітыкай пачалося 15 гадоў таму, але, вядома, два гады вучобы ў Варшаўскім універсітэце былі вельмі карыснымі для знаёмства з польскімі школамі геапалітыкі. Польшча сваім геапалітычным становішчам, а таксама ў разуменні сутнасці Расейскай імперыі, займае ключавую пазіцыю. Тут ёсць некалькі геапалітычных цэнтраў, якія разглядаюць галоўным чынам адную тэму - развіццё краін Міжмор’я - тэрыторыі паміж Балтыйскім морам з аднаго боку, і Чорным і Адрыятычным - з другога.

Праца гэтых цэнтраў акурат накіраваная на вывучэнне патэнцыялу нашага рэгіёну і на выпрацоўку стратэгіі ў дачыненні да Расеі. УБП і колькасць насельніцтва краін Міжмор’я пераўзыходзяць УБП і колькасць насельніцтва Расеі, асабліва яе еўрапейскай часткі. Агрэсіўнасць Масквы ў дачыненні да Польшчы шмат у чым тлумачыцца тым, што Польшча, як ніхто іншы, разумее, з пункту гледжання геапалітыкі, дзеянні Расеі і ведае, як ім супрацьстаяць.

- І як можна ім супрацьстаяць?

- Вельмі рашуча і вельмі аператыўна. Сёння краіны Міжмор’я ў вайсковым дачыненні значна слабейшыя за ​​Расею. Гэта звязана з дамоўленасцямі паміж NATO і РФ аб неразмяшчэнні на тэрыторыі краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы войскаў Альянсу і новай зброі. Пасля расейскага ўварвання ва Украіну сітуацыя ў ваенным плане стала значна змяняцца.

Мне падаецца, што наступствы дэмаграфічнага выбуху ў Хартлэндзе і новую экспансію імперскай Расеі можна будзе спыніць толькі шляхам размяшчэння ядзерных ракет сярэдняй далёкасці ва Усходняй Еўропе і прадуманай інфармацыйнай працай у краінах «Усходняга партнёрства».

Мы жывем у вельмі складаны час. Я думаю, што Еўразвязу пры дапамозе ЗША ўдасца спыніць уварванне з боку Еўразійскай імперыі. Тады Расея будзе вымушаная змяніць вектар руху і заняцца праблемамі развіцця сваіх маланаселеных рэгіёнаў. Асвоіць Сібір без заходніх тэхналогій Расея не ў стане. Трэба будзе ці аддаваць яе Кітаю, або паступова мадэрнізавацца і дэмакратызавацца.

Калі кароль Польшчы і вялікі князь Літвы Стэфан Баторый у 16 стагоддзі адбіў уварванне Івана Жахлівага і адкінуў яго орды за Смаленскую браму, Масковія была вымушаная рухацца ў бок Урала і Сібіры. На 75 гадоў экспансія ў бок Захаду была спыненая. Гісторыя паўтараецца.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках