23 траўня 2024, Чацвер, 20:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лаўрынас Кашчунас: Крамлю трэба паўгода, каб зняць Лукашэнку

18
Лаўрынас Кашчунас: Крамлю трэба паўгода, каб зняць Лукашэнку
Лаўрынас КАШЧУНАС

Беларускі дыктатар - фактычна расейскі губернатар, мяркуе літоўскі палітолаг.

Літоўскі палітолаг Лаўрынас Кашчунас упэўнены, што існы дыялог беларускага рэжыму з Захадам, спробы нармалізацыі стасункаў з ім - толькі фасад, бо як толькі Захад вылучыць умовы, якія супярэчаць фундаментальным асновам рэжыму, увесь дыялог згорнецца.

Што тычыцца стасункаў і Беларусі, і Расеі, то, са слоў палітолага, «Лукашэнка з'яўляецца дастаткова самастойным прэзідэнтам несамастойнай дзяржавы».

Акрамя таго, у інтэрв'ю charter97.org ён адзначыў, што ў вайсковай сферы Беларусь даўно страціла незалежнасць, а ў сувязі з узмацненнем бачнасці NATO ў краінах рэгіёну можна чакаць яшчэ большай вайсковай інтэграцыі Беларусі і Расеі.

- Як вы ацэньваеце сітуацыю, у якой цяпер знаходзіцца Беларусь? Яна спрабуе быць пляцоўкай для замірэння паміж Кіевам і сепаратыстамі (дакладней, паміж Украінай і Расеяй), ёй у той жа час трэба быць у добрых стасунках з Крамлём, паралельна ўлады Беларусі падлашчваюцца з Еўропай. Як абмаляваць агульную сітуацыю ў двух словах?

- Калі ацэньваць сітуацыю, то ў Беларусі няма нічога новага ўжо 3-4 гады. Лукашэнка пакуль усё яшчэ мае цвёрдую пазіцыю, бо падтрымліваецца Расеяй, ён субсідуецца коштамі газу і з дапамогай іншых крэдытаў і зніжак. Таму ўсе гэтыя гульні з Захадам, Еўропай, гэта новае «ўцягванне», «новыя стасункі», новая «нармалізацыя» з'яўляюцца толькі фасадам, паколькі патрэбныя Лукашэнкі ў прынцыпе як перамоўны рычаг у стасунках з той жа Расеяй.

Ён структурна звязаны з Расеяй і ключы да палітычнай трансфармацыі ягонай сістэмы - у Расеі. І Еўропе трэба дакладна зразумець, што ўсялякая спроба Лукашэнкі гуляць у нейкую новую хвалю стасункаў запраграмаваная на няўдачу, бо Лукашэнка будзе гуляць толькі да пэўнай мяжы. Іншымі словамі, пакуль гэта не будзе супярэчыць усёй архітэктуры ягонай палітыкі бяспекі, стасункам з Расеяй, як гарантам стабільнасці ягонага палітычнага рэжыму. ЕЗ, дзейнічаючы паводле прынцыпу more for more, у пэўны момант вылучыць пэўныя рэчы, якія могуць супярэчыць падмурку рэжыму Лукашэнкі.

Я хачу сказаць, што Лукашэнка з'яўляецца дастаткова самастойным прэзідэнтам несамастойнай дзяржавы. Вось так гэта цікава гучыць. Яшчэ адна аналогія, якая магла б быць у гэтым выпадку - расейскі губернатар з вялікай свабодай дзеянняў. Так я бачу цяперашнюю Беларусь, і тое, што адбываецца - гэта яе пэўная траекторыя. Я не думаю, што яна можа ў сістэмным плане выйсці з-пад кантролю Расеі. Выхад азначаў бы і тое, што яна адмаўляецца ад тых інструментаў, якія падтрымліваюць жыццяздольнасць Беларусі і цяперашняга рэжыму. А для Расеі, магчыма Лукашэнка камусьці і не падабаецца, але сітуацыя такая, што ён найлепшы з найгоршага, таму з ім ужываюцца.

- З развіццём сітуацыі ва Украіне, з тым, што ідуць размовы аб размяшчэнні сіл NATO па суседстве з Беларуссю, у краінах Балтыі, як гэта можа адбіцца на вайсковым супрацоўніцтве Беларусі і Расеі?

- Я адкажу проста. Ужо з моманту, калі пачаліся размовы аб Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі (можна крытыкаваць гэты праект і г.д.) менавіта ў вайсковай, абароннай сферы гэтыя дзве краіны дасягнулі таго ўзроўню, калі ў прынцыпе беларуская вайсковая структура больш не дзейнічае як самастойная, а працуе як частка расейскіх узброеных сілаў. І месца прыняцця рпастаноў, кнопка, у большасці выпадкаў знаходзяцца не ў самой Беларусі. Асабліва ў пытанні ВПС, хоць не інтэграваныя ўсе сектары, але ў прынцыпе гэта найбольш інтэграваная сфера дзвюх краін. Тое, што адбываецца ў сувязі з узмацненнем вайсковай бачнасці NATO ў краінах Балтыі, гэта стане каталізатарам, які не тое, каб нешта правакуе, але можа прымусіць Расею ўмацоўваць вайсковы сектар і патэнцыял Беларусі, узмацніць інтэграцыю ў расейскую сістэму бяспекі.

Я не думаю, што Беларусь у вайсковай сферы можа дзейнічаць як самастойны аб'ект. Так што размяшчэнне сіл NATO па суседстве з Беларуссю можа быць падставай для яшчэ большай вайсковай інтэграцыі Беларусі і Расеі.

- Чаму ЕЗ «вядзецца» ў чарговы раз на пацяпленне стасункаў з Лукашэнкам? Зразумела, што наперадзе «выбары», але якія надзеі ёсць у еўрапейцаў, і нават амерыканцаў, якія, як мы бачылі, сустракаліся з Лукашэнкам...

- Вельмі складана казаць аб узроўні гэтага «ўцягвання». Я не думаю, што Захад мяркуе, што можа з Лукашэнкам выцягнуць Беларусь са сферы ўплыву Расеі.

- Цяпер мы можам бачыць, што нават пытанне палітычных зняволеных ужо не падымаецца Захадам першым...

- Я згодны, што ёсць пэўная дэвальвацыя умоў. Але санкцыі яшчэ дзейнічаюць, не знятыя. Кантакты ёсць, нейкія сігналы пацяплення ёсць, але думаю, што здаровы сэнс на Захадзе дамінуе, што з Беларуссю нельга гуляць, як з краінай, якая балансуе паміж Захадам і Усходам, яна ўсё роўна на Усходзе.

Магчыма, Захад не ўсвядоміў таго, што гэта «ўцягванне» прадаецца і прадаецца. Магчыма, яны не да канца разумеюць як працуе і функцыянуе Беларусь. Магчыма, яны хочуць вызваліць месца для манеўру, знізіць сваю залежнасць ад Расеі. Магчыма. Гэта здагадкі.

Але я не думаю, што Захад спадзяецца на тое, што зможа зламаць геапалітычны курс Лукашэнкі. А ў яго курсе ёсць толькі гульня з Расеяй, не болей. Я б не сказаў, што Захад сур'ёзна думае пра «ўцягванні» Беларусі, але шукае пэўны канал для дыялогу, развязвае нейкія прагматычныя пытанні і г.д.

- Як у такім выпадку рэагаваць на набліжаюцца «выбары»? Лукашэнка вельмі моцна карыстаецца ўкраінскімі падзеямі...

- Так, і ён ўзмацніў свае пазіцыі, сімвалізуючы парадак і стабільнасць.

- Ён зусім знішчыў усю апазіцыю, якая толькі была магчымая. Што чакаць ад гэтых «выбараў»?

- Чаго чакаць... Будзе чарговы фарс фальсіфікацыі для працягу тэрміну для сябе яшчэ на некалькі гадоў. Вось і ўсё. На гэты раз, як ніколі, нават ніякага пералому не спее, не відаць, нават няма сцэнароў для Плошчы г.д. Рух знізу нават не абмяркоўваюцца. Так што нічога не варта чакаць.

Варта чакаць чарговага фарсу, напэўна, менш паказальнага. Магчыма, паспрабуюць пагуляць у плюралізм, паказаць барацьбу, што нібыта ёсць канкурэнцыя. Не зрабіць памылкі, як пяць гадоў таму, каб кагосьці падтрымліваць, каб зноў не было пата з Захадам на пяць гадоў. Улады будуць шукаць спосаб паказаць, што ёсць нейкі плюралізм. Але гэта, вядома, фасад. Я думаю, што гэтыя «выбары», калі іх правесці ў кірунку плюралізму, гэта магчымасць паказаць сябе перад вачыма Захаду. Структурна жа, не адчуваецца, каб цяпер беларускае грамадства магло быць рухаючай сілай пераменаў унутраных і пераменаў знізу. Мне так не здаецца.

- Чым больш бліжэй «выбары», тым больш Лукашэнка дазваляе сабе рэзкія выказванні ў дачыненні да Расеі. Крытыкуе яе, паводзіць сябе ў дачыненні да акупаванага Крыма, як і ў дачыненні да Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Ці можа Крамлю гэта надакучыць і якія могуць быць у гэтага наступствы?

- Наступствы... Калі яны будуць, то Крамлю трэба паўгода, год каб зняць Лукашэнку. Падняць кошты газу да рынкавых, хаця б да ўзроўню коштаў для краінаў Балтыі і сістэма Лукашэнкі абрынецца. Але, ведаючы правілы гульні, яны мяркуюць, як я казаў і раней, што пакуль што іншага, лепшага варыянту няма. І можна шмат і гучна казаць, але Лукашэнка ў гэты момант самая спрыяльная для іх постаць. І мне здаецца, што ў гэты момант Лукашэнка патрэбны Расеі. Крэмль яго ўжо ведае.

- Што рабіць Літве ў сітуацыі, якая склалася з такім суседам?

- Літве трэба зніжаць сваю залежнасць ад такіх суседзяў. Дыверсіфікаваць гандаль...

- Але мы наадварот бачым, што ў сувязі з вайной ва Украіне і расейскімі санкцыямі, літоўскі бізнэс вельмі актыўна пайшоў у Беларусь...

- Гэта нядобра. Не самы найлепшы момант, бізнэс становіцца закладнікам рэжыму і можа пачаць служыць як пэўны агент гэтага рэжыму. Трэба добра аналізаваць, дзе бізнэс палітызаваны, дзе не. І спрабаваць зніжаць залежнасць, не думаць, што гэта «ўцягванне» можа прывесці да нейкіх структурных пераменаў у гэтай дзяржаве. Трэба, магчыма, мінімізаваць кантакты да эканамічнага супрацоўніцтва, дзе Беларусь без нас не можа. Магчыма, гэтага і дастаткова.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках