19 сакавiка 2024, aўторак, 14:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пшэмыслаў Жураўскі вель Граеўскі: Усе краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы знаходзяцца пад пагрозай расейскай агрэсіі

6
Пшэмыслаў Жураўскі вель Граеўскі: Усе краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы знаходзяцца пад пагрозай расейскай агрэсіі
Пшэмыслаў Жураўскі вель Граеўскі

Агрэсія на ўсходзе Украіны павінна абысціся Расеі як мага даражэй.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту charter97.org выказаў навуковы супрацоўнік Лодзінскага ўніверсітэта (Польшча), экспэрт у пытаннях міжнароднай палітыкі і бяспекі Пшэмыслаў Жураўскі вель Граеўскі.

- Пан Пшэмыслаў, вы з'яўляецеся адным з вядучых экспэртаў Польшчы. Цяпер ваша краіна знаходзіцца на парозе палітычных пераменаў. Чым, на вашу думку, адрозніваюцца падыходы ў замежнай палітыцы ў партыі «Права і справядлівасць» ад падыходаў партыі «Грамадзянская платформа»?

- Перш за ўсё, гэта вялікая ангажаванасць партыі «Права і справядлівасць» у рэгіянальную палітыку Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Былі розныя перыяды, але варта ўспомніць, што ў 2008-2013 гадах «Грамадзянская платформа» абвяшчала ідэі стратэгічнага збліжэння з Расеяй - зніжэнне напружання ў дачыненнях з ёй. А «Права і справядлівасць» заўсёды адносілася да Расеі з недаверам. І думаю - паколькі гэтая пазіцыя атрымала пацверджанне ў 2014 годзе - сітуацыя паказвае, што не будзе ніякіх паслабленняў у палітыцы ў дачыненні да Расеі.

А з гэтага выцякаюць і далейшыя наступствы: па-першае, прызнанне таго, што ўсе народы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы знаходзяцца пад пагрозай расейскай экспансіі. А таму і Беларусь, і, несумненна, Украіна, краіны Балтыі, Малдова, у нейкай ступені - Румынія, Грузія, Фінляндыя - павінны паміж сабой супрацоўнічаць, каб спыніць расейскую экспансію. З гэтага таксама вынікае «атлантычная опцыя», гэта значыць, прызнанне таго, што галоўным фактарам вайсковай стабільнасці ў Еўропе з'яўляецца моц войска ЗША.

Пасля 2008 года, у кіраванні «Грамадзянскай платформы», мела месца пэўнае астуджэнне - або нават «згасанне» - польска-амерыканскіх стасункаў (не без удзелу амерыканцаў, бо кантэкстам гэтага працэсу была амерыкана-расейская «перазагрузка»). Але гэтая нядоўгая «перазагрузка» скончылася, і ў Польшчы ёсць надзея зноў прыцягнуць увагу ЗША да праблем Цэнтральнай Еўропы і быць у выйгрышы ад гэтага. У гэтым зацікаўленая не толькі Польшча, але і Румынія, і краіны Балтыі - усё гэта дазваляе меркаваць, што палітычная актыўнасць на гэтым кірунку будзе паспяховай.

Думаю таксама, што «Права і справядлівасць» прадэманструе больш рашучую палітыку ўнутры Еўрапейскага звязу - без пошуку якіх-небудзь «канфліктаў», бо тут няма чаго дзяліць, можна толькі супрацоўнічаць. Але не можа далей працягвацца тое, што Польшча не мела сваёй пазіцыі ў Еўразвязе, а толькі чакала нямецка-французскіх пастаноў і дастасоўвала да іх сваю палітыку. Польшча мае свае інтарэсы, і яны павінны ўлічвацца ва ўсіх перамоўных працэсах. Асабліва гэта тычыцца расейскай агрэсіі ва Украіне, перамовы аб якой вядуцца толькі ў нямецка-расейска-французскім фармаце, без удзелу Цэнтральнай Еўропы (гаворка ідзе не толькі пра Польшчу).

У гэтай сітуацыі пазіцыя Польшчы таксама павінна паважацца, і яна павінна мець доступ да прыняцця пастаноў разам з астатнімі дзяржавамі. А на сённяшні дзень у перамовах такога тыпу - якія праходзяць, дарэчы, без узгаднення з прававымі нормамі Еўразвязу - не ўдзельнічае ніводная дзяржава, якая б межавала з Расеяй ці Украінай. І гэта як мінімум дзіўна.

Думаю, што асноўным кірункам дзейнасці ўрада «Права і справядлівасці» - калі ён будзе сфармаваны пасля парламенцкіх выбараў - стане ўзмацненне ўплыву Польшчы ў рэгіёне. Польшча не будзе імкнуцца да таго, каб стаць шараговым удзельнікам лігі «вялікіх дзяржаў» Еўразвязу, адасобленым пры гэтым ад свайго рэгіёну. Хутчэй, Польшча будзе імкнуцца стаць такой дзяржавай, якая зможа аб'яднаць нашых суседзяў па рэгіёне, дзейнічаючы ў абароне агульных інтарэсаў і атрымліваючы за гэта іх падтрымку. Таксама Польшча будзе імкнуцца да аднаўлення супрацоўніцтва - у першую чаргу вайсковага - з ЗША і супрацьдзейнічаць разам з партнёрамі па рэгіёне расейскай палітыцы, якой мы, здабываючы практычныя высновы з сітуацыі, не павінны давяраць.

- Вы кажаце, што ў стасунках з Украінай неабходна праводзіць такую ​​палітыку, якая спыніла б Расею. Ці магчыма дзеля гэтага супрацоўніцтва з дыктатурамі, накшталт беларускай, што мы назіраем сёння, калі Лукашэнка выкарыстоўвае вайну ва Украіне ў сваіх інтарэсах?

- Тут мы маем два ўзроўні палітыкі, да кожнага з якіх трэба знайсці свой падыход. Першы - гэта міждзяржаўная палітыка, стасункі паміж дыпламатамі. І відавочна, што беларуская дзяржава на гэты момант знаходзіцца пад дыктатарскай уладай Аляксандра Лукашэнкі. І іншай дзяржавы, на жаль, цяпер няма. І з гэтай дзяржавай нейкія суседскія стасункі трэба падтрымліваць. Таксама трэба памятаць - падабаецца нам гэта ці не - што расейская агрэсія ва Украіне дазволіла Лукашэнку на гэтым фоне ўважацца за менш адыёзнага дыктатара.

Ілюстрацыяй гэтага з'яўляецца хаця б тое, што перамовы адбываюцца ў Менску. А яшчэ год таму ніхто з еўрапейскіх палітыкаў не хацеў бы знайсці сябе на агульнай фатаграфіі або відэа з Лукашэнкам. А з прычыны расейскай агрэсіі Лукашэнка ўяўляецца Захаду больш «легкатраўным». І гэты кантэкст, гэтая сітуацыя з'яўляюцца рэальнасцю. Я не кажу, што гэта добра - проста яе апісваю. І гэта неабходна прымаць да ўвагі.

У той жа час на іншым - больш важным і фундаментальным, на маю думку, узроўні, то бок узроўні стасункаў з беларускім народам, павінен быць абавязковым базавы прынцып польскай дыпламатыі. А менавіта: ніякіх размоў на тэму Беларусі з Расеяй. Не можа быць таго, каб з іншай, імперыялістычнай дзяржавай нешта развязвалася за спіной беларусаў.

І другое: вызначальным у польска-беларускіх стасунках - стасунках паміж народамі, а не дзяржавамі - з'яўляецца культурна-гістарычнае вымярэнне. Я мяркую, што як польская дзяржава, так і польскія грамадскія арганізацыі ва ўзаемадзеянні з беларускімі дэмакратычнымі структурамі павінны інвеставаць у развіццё агульнай культурна-гістарычнай памяці Польшчы і Беларусі. Іншымі словамі - у фільмы, культурныя мерапрыемствы, сюжэтную кінематаграфію. Скажу так: калі б было магчымым стварэнне беларускіх фільмаў пра бітву пад Воршай, ці пра Булак-Балаховіча, або пра Францыска Скарыну, стварэнне твораў, якія б нагадвалі беларусам пра іх гістарычную веліч і ўласныя цывілізацыйныя дасягненні - гэта тая справа, у якую Польшча павінна ўключыцца. І гэта ўзровень для працы закладання асноў, для адукацыйнай дзейнасці і ў самой Польшчы. Бо і Польшчы патрэбна больш ведаў пра тое, як многае нас аб'ядноўвала гістарычна і як мы разам стваралі нашу агульную цывілізацыю. І спадчынай яе з'яўляецца спадчына свабоды, адна з самых уражлівых ў свеце. І гэты ўзровень палітыкі адукацыйнай, гістарычнай, культурнай з'яўляецца задачай не толькі дыпламатаў міністэрства замежных спраў, але таксама - і перш за ўсё - міністэрства культуры.

І трэцяе вымярэнне, пра якое нельга ўспомніць без сораму для польскага боку - гэта неабходнасць ачысціць польскі дзяржаўны апарат ад перажыткаў камуністычнай эпохі. Каб не паўтараліся такія кампраметуючыя сітуацыі, як з Алесем Бяляцкім, калі польскімі дзяржаўнымі службамі была перададзеная інфармацыя карным органам лукашэнкаўскай дыктатуры. Інфармацыя, якая была потым выкарыстаная Лукашэнкам для рэпрэсій супраць апазіцыі. Такое не павінна паўтарыцца. Падобныя з'явы павінны быць выкараненыя з максімальнай калянасцю, бо гэта кампраметуе Польшчу.

- Якія змены, на вашу думку, павінны адбыцца ў польскім войску ў сувязі з вайной ва Украіне?

- Гэта цяжкі працэс, хоць бы таму, што лёгка нешта разбурыць, а вось аднавіць - цяжка. Польшча скасавала ўсеагульную вайсковую павіннасць, праз што цяпер сталі відавочнымі праблемы, якія тычацца рэзерву асабістага складу польскага войска. Цяпер будзем старацца гэта выправіць. На сённяшні дзень, па-мойму, немагчыма прыняць палітычную пастанову аб аднаўленні ўсеагульнай вайсковай павіннасці. Таму трэба будзе стварыць новую сістэму навучання рэзерву.

Думаю, не менш важнай задачай стане выхад на належны тэхнічны ўзровень супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны. І гэта стане галоўным кірункам канцэнтрацыі намаганняў найбліжэйшым часам. Прыярытэт у развязанні абаронных задач абумоўлены фактарам часу і грошай, якія неабходна на гэта выдаткаваць. Таму сярод многіх задач, гэтыя дзве, названыя мной - стварэнне эфектыўнай супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны і аднаўленне мабілізацыйных магчымасцяў польскага войска - будуць развязвацца ў першую чаргу.

З абароннымі задачамі цесна звязаны і сучасны кірунак - забеспячэнне кібернетычнай бяспекі дзяржавы. Возьмем хоць бы эстонскія падзеі 2007 года, калі дзяржаўныя ўстановы Эстоніі былі атакаваныя Расеяй у рамках кібер-вайны. Таму неабходна на належным узроўні прыгатавацца да магчымых выклікаў у гэтай сферы.

Да ўласна абаронных задач непасрэдна прымыкаюць і пытанні вайсковай геапалітыкі. Не выклікае сумневу, што Польшча будзе прасоўваць дактрыну «Newport plus», якая азначае выхад за абмежаванні, устаноўленыя апошнім самітам NATO ва Уэльсе. І гэты выхад, на думку Польшчы, мяркуе размяшчэнне істотных узброеных кантынгентаў войска ЗША ў краінах Цэнтральнай Еўропы, гэта значыць у Польшчы, краінах Балтыі і Румыніі. І мы будзем імкнуцца да гэтага.

- У пачатку гэтага года адміністрацыя Абамы заявіла аб неабходнасці ліквідаваць у мэтах эканоміі, 15 вайсковых баз ЗША ў Еўропе. Як можна было прыняць такую пастанову, калі ў Еўропе фактычна ідзе вайна?

- Гэта хутчэй пытанне да адміністрацыі прэзідэнта ЗША. У Польшчы, на жаль, няма кампетэнцыі на прыняцце пастаноў у гэтай сферы. Я мяркую, што палітыка ЗША, заснаваная на збліжэнні з Расеяй, была стратэгічнай памылкай, якая на фоне дэстабілізацыі сітуацыі павінна быць выпраўленая. Гэта калі казаць у геастратэгічным разрэзе.

Акрамя таго, трэба памятаць, што перамяшчэнне вайсковых баз са «старых» дзяржаў NATO, такіх як Нямеччына, ў Польшчу не будзе простым таксама з меркаванняў сацыяльна-эканамічных. Вайсковыя базы - гэта сур'ёзнае фактар ​​на рынку працы, яны забяспечваюць працай вялікую колькасць людзей. Безумоўна, гэта прывядзе да канфлікту інтарэсаў унутры NATO, бо «старыя» дзяржавы альянсу будуць неахвотна пазбаўляцца ад амерыканскіх вайсковых баз на сваёй тэрыторыі. Хоць няма ніякіх вайсковых прычын знаходжання іх там, а не ў «новых» краінах NATO.

Пакуль жа можна толькі сказаць, што пастанова аб ліквідацыі ў будучыні 15 вайсковых кантынгентаў была стратэгічнай памылкай, але гэта не было пастановай Польшчы. Пастановай Польшчы было скарачэнне войска, пачатае ў 1991 годзе. І гэта было вельмі маштабнае скарачэнне, якое закранула 80% узброеных сіл. Цяпер відавочна, што гэтая пастанова была легкадумнай і не ўлічвала магчымага развіцця міжнароднай сітуацыі. І гэта давядзецца выправіць.

- Пытанне, якое цяпер хвалюе многіх: ці трэба пастаўляць смяротную зброю Украіне?

- Адназначна, так. І Польшча павінна гэта зрабіць у якасці сваёй нацыянальнай ініцыятывы, не чакаючы ўзгаднення з хаўруснікамі. Неабходна выдаць Украіне эфектыўную зброю ў той колькасці, на якую Польшча здольная. Зразумела, што Польшча не валодае супермагутным арсеналам найноўшых узбраенняў, і я пакуль не гатовы сказаць, які менавіта вайсковы рыштунак трэба пастаўляць - але відавочна, што ніякіх абмежаванняў у гэтым пытанні быць не павінна. Украіна з'яўляецца суверэннай дзяржавай, пры гэтым зазнала вонкавую атаку і стала ахвярай агрэсіі. І гэтая агрэсія павінна абысціся Расеі як мага даражэй.

Скажу можа некалькі брутальна і не дыпламатычна, але кожны расейскі жаўнер і кожная адзінка вайсковай тэхнікі, знішчаныя ва Украіне - ужо не з'явяцца ні ў якай іншай дзяржаве. Таму ў інтарэсах Польшчы, і ўсяго рэгіёну - каб агрэсія на ўсходзе Украіны абышлася Расеі як мага даражэй. Недастаткова словаў падтрымкі для ўкраінцаў - трэба даць ім эфектыўныя сродкі вядзення вайны ў той колькасці, на якую толькі здольная Польшча.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках