19 траўня 2024, Нядзеля, 14:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхароў Віцебска просяць скінуцца на помнік Аляксандру Неўскаму

23
Жыхароў Віцебска просяць скінуцца на помнік Аляксандру Неўскаму

Аднак надзеяў на добраахвотныя ахвяраванні мала, бо далёка не ўсе жыхары горада вітаюць устаноўку помніка рускаму князю.

Гараджане ўпэўненыя, што добраахвотна фінансаваць праект мала хто захоча, таму перажываюць, што ўлады пачнуць патрабаваць грошы з прадпрыемстваў і гнаць усіх на спецыяльна арганізаваныя для гэтага суботнікі. Згодна з умовамі тэндэру, абвешчанага ЖКГ, помнік павінен быць зроблены і ўсталяваны да траўня 2016 года. Гарвыканкам прапануе пералічваць грошы на помнік, бо ўзвесці яго трэба за пазабюджэтныя сродкі, паведамляе «Радыё Свабода».

Спецыяльны рахунак ужо створаны, яго надрукавалі ў гарадской газеце «Віцьбічы». Аднак надзеяў на добраахвотныя ахвяраванні мала, бо далёка не ўсе жыхары горада вітаюць устаноўку помніка рускаму князю, які мае да Віцебска вельмі ўскосную прыналежнасць. Таму віцебцы чакаюць, што іх пагоняць на спецыяльныя суботнікі, арганізаваныя для збору сродкаў для гэтага помніка, або загадаюць пералічыць грошы ўсім прадпрымальнікам або цэлым прадпрыемствам.

Жыхароў Віцебска ўжо прывучаюць да думкі, што «помнік Аляксандру Неўскаму з ягонай жонкай віцебскай князёўнай Аляксандрай Брачыславаўнай і сынам Васілём» - так ён называецца афіцыйна - будзе ўзведзены, нягледзячы на ўсякія пратэсты.

Намеснік старшыні гарвыканкама Пятро Падгурскі выклаў сваё бачанне сімвалізму гэтага помніка. З ягоных слоў, скульптурная кампазіцыя з трох асобаў - Аляксандра Неўскага, ягонага сына-падлетка Васіля і жонкі Аляксандры (у іншых крыніцах - Параскевы) павінна ўвасобіць сямейныя каштоўнасці. А гэта, мяркуе чыноўнік, вельмі істотна, бо недалёка ад помніка ў нявызначаным будучым плануецца ўзвесці Палац урачыстых абрадаў.

Падгурскі кажа, што маладыя будуць браць прыклад з рускага князя, бо гэты помнік - «увасабленне вернасці і любові». Таксама, а можа, і ў першую чаргу, скульптурная група павінна ўвасобіць «адзінства старажытнарускіх княстваў». Паколькі шлюб Аляксандра Неўскага з дачкой полацкага князя Брачыслава быў не толькі сямейным, але і палітычным саюзам.

Цяперашні намеснік старшыні гарвыканкама, Пятро Падгурскі, быў у 2009 годзе супрацоўнікам аддзела культуры, калі гісторыя з помнікам Аляксандру Неўскаму толькі пачыналася.

Тады гарвыканкам наважыў усталяваць у Віцебску адразу тры помнікі: князю Альгерду, легендарнай княгіні Вользе, якая нібыта заснавала Віцебск, і Аляксандру Неўскаму – ягоная прыналежнасць да гісторыі горада самая сумнеўная. Паводле легенд, ён нібыта ажаніўся ў віцебскай Благавешчанскай царкве, але дакументальна гэта не пацверджана. Іншых «прывязак» да горада ў гэтай асобы няма.

Дарэчы, яшчэ ў 2010 годзе чыноўнікі накіравалі запыт у Акадэмію навук аб мэтазгоднасці ўстаноўкі ўсіх трох помнікаў. Адказ акадэмікаў быў адназначным - помнікі князю Альгерду і княгіні Вользе як легендарнай заснавальніцы Віцебска навукоўцы падтрымалі, а вось помнік Неўскаму - не.

Шэсць гадоў таму былі арганізаваныя грамадскія абмеркавання макетаў усіх трох помнікаў. І, акрамя помніка князю Альгерду, сама ідэя выдаткоўвання сродкаў на ўвекавечанне дзвюх іншых асоб падвергнулася сур'ёзнай крытыцы з боку мясцовых жыхароў.

Аднак чыноўнікі наважылі ісці на пралом і давесці справу да канца: абралі пераможцу конкурсу, выказалі шэраг крытычных заўваг паводле праекта помніка, і нарэшце ён быў перароблены іншым мастацкім калектывам. Цяпер аўтарамі помніка, на які заклікаюць збіраць грошы ўлады, з'яўляюцца віцебскія скульптары Аляксандр Гвоздзікаў і Іван Казак, а таксама Яўген Колчаў з Менска.

Пляцоўка пад помнік была падрыхтаваная яшчэ ў 2011 годзе: яна знаходзіцца на плошчы Тысячагоддзя Віцебска, і пакуль што выконвае ролю клумбы. Вышыня помніка складае 4 метры, а вось суму тых пазабюджэтных сродкаў, якую трэба сабраць «добраахвотна», ніхто не называе. Аднак яшчэ ў 2010 годзе паводле неафіцыйнай інфармацыі гаворка ішла аб 2 млрд рублёў, так што цяпер гэтую суму можна смела памнажаць на 5!

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках