Gazeta Wyborcza: Сённяшняя слабасць Расеі дае новы шанец для Беларусі
19- 21.07.2015, 14:13
- 20,224
Супраціў украінцаў расейскай агрэсіі не дазваляе Пуціну ліквідаваць Беларусь.
Пра гэта на старонках "Gazeta Wyborcza" піша журналіст Анджэй Пачобут, паведамляе ZN.ua.
Ён прыводзіць вынікі даследавання, паводле якіх 62% беларусаў уважаюць Крым за расейскі, 47% падтрымліваюць незалежнасць так званай "Наваросіі" і 51% выступаюць за інтэграцыю Беларусі з Расеяй, а не з ЕЗ. Аўтар падкрэслівае ўзмацненне прарасейскіх настрояў у Беларусі, якіх раней не было.
З ягоных слоў, у краіне з'явілася новая прарасейская большасць. З аднаго боку, гэта з'ява выкліканая і расейскай прапагандай. А з другога - дзяржаўная палітыка Аляксандра Лукашэнкі таксама гэтаму спрыяла апошнія два дзесяцігоддзі. Ён неяк сказаў, што "беларусы - гэта расейцы, толькі лепшыя". І гэты тэзіс абагульняе ягоную прарасейскую палітыку з першых дзён на пасадзе кіраўніка краіны.
Беларускі дыктатар заўсёды бачыў ворага ў нацыянальнай культуры і самабытнасці свайго народа. Ён адмовіўся ад нацыянальных сімвалаў і адзінай дзяржаўнай мовы, надаўшы афіцыйны статус расейскай. Тым самым ён загнаў беларусаў у расейскае "культурнае гета". Паводле статыстычных звестак, нават у школах расейская мова дамінуе. У беларускія школы ходзіць толькі кожны дзесяты школьнік, а на беларускай мове навучаюцца ўсяго 300 дзяцей.
"Такім чынам, Лукашэнка стаў закладнікам уласнай антыбеларускай палітыкі, - піша Анджэй Пачобут. - Яго турбуе культурная, эканамічная і палітычная экспансія суседняй краіны. Ён пайшоў на татальную эканамічную залежнасць ад Расеі дзеля гарантыі стабільнасці свайго аўтарытарнага рэжыму. Лукашэнка змагаўся з нацыянальнай беларускай ідэнтычнасцю, падмяняючы яе савецкай спадчынай і расейскай мовай. Такім чынам, ён пабудаваў у Беларусі меншую альтэрнатыўную Расею. Сярэднестатыстычны расеец не адчувае сябе за мяжой у Беларусі. Усюды гавораць па-расейску, слухаюць расейскую музыку, а па тэлевізары паказваюць расейскія каналы.
Калі б ва Украіне Уладзімір Пуцін змог рэалізаваць усе свае планы, калі б пасля "вызвольнага маршу" ў Крыме адбыўся такі ж марш на Данбасе, а прарасейскі антымайдан зрынуў урад у Кіеве і на чале Украіны стаў новы прарасейскі палітык, расейскі нацыяналізм захацеў бы ад Крамля большага. Тады б маскоўскі праект Еўразійскага саюза ператварыўся б у новы СССР. І Беларусь з яе прарасейскімі і прапуцінскімі настроямі стала б безабароннай перад гэтай пагрозай".
Але аўтар заўважае, што Украіна пачала супраціўляцца. Прарасейскія баевікі разам з расейскім войскам не змаглі захапіць нават Луганскую і Данецкую вобласць цалкам. Масква пагрузілася ў эканамічны крызіс і не можа сабе дазволіць канфлікты з іншымі суседзямі. Такім чынам, незалежнасць Беларусі засталася абароненай.
Аўтар нагадвае, што Крэмль заўсёды ставіў беларускую суверэннасць пад пытанне, калі перажываў цяжкасці. У папярэдні раз гэта адбылося ў 1918 годзе, калі расейцы сілай ліквідавалі нацыянальную беларускую дзяржаву, далучыўшы яе да СССР. А сучасная Беларусь з'явілася пасля распаду савецкай імперыі.
"Сённяшняя слабасць Расеі дае новы шанец для Беларусі вырвацца з-пад дамінавання Расеі. Пытанне толькі ў тым, ці зможа Беларусь, а дакладней, яе эліты, ім скарыстацца", - гаворыцца ў артыкуле.