29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Der Standard: Заходнія спецыялісты адварочваюцца ад Расеі

5
Der Standard: Заходнія спецыялісты адварочваюцца ад Расеі

Экспэрты скардзяцца на кадравы дэфіцыт праз адток з расейскага працоўнага рынку замежнікаў.

Доўгі час Расея была месцам, дзе спецыялісты і мэнэджары з краін Захаду маглі добра зарабіць. У краіне не ставала высокакваліфікаваных спецыялістаў, таму кампаніі заваблівалі іх у РФ высокімі заробкамі і рознымі прывілеямі.

Як паведамляе ZN.ua, пра гэта на старонках аўстрыйскага выдання Der Standard піша Андрэ Бален, заўважаючы, што пакуль мігранты з постсавецкіх краін атрымлівалі капейкі, работнікі з краін Заходняй Еўропы атрымлівалі блізу 250 тысяч даляраў у год, поўны сацыяльны пакет і часта службовы аўтамабіль з кіроўцам або кватэру.

Але ад гэтай раскошы, якая была яшчэ год таму, мала што засталося цяпер. Дарагія кадры масава вяртаюцца дадому, на Захад. У мінулым годзе Расею пакінулі 15% ад усіх работнікаў з ЕЗ і ЗША. А ўсяго з пачатку вайны ва Украіне Расею пакінулі 31% работнікаў з Нямеччыны, 36% амерыканцаў, 38% брытанцаў і 41% гішпанцаў. Пра гэта сведчаць звесткі Федэральнай міграцыйнай службы РФ.

«Прадстаўніцтва заходніх кампаній зачыняюцца, а іншыя кампаніі дзеля эканоміі пазбаўляюцца ад дарагіх замежных супрацоўнікаў», - гаворыцца ў артыкуле.

У гэты ж час, старшыня Грамадскай рады пры Федэральнай міграцыйнай службе Уладзімір Волах запэўнівае, што масавага адтоку няма. З яго слоў, Расею пакінулі 20-30 тысяч замежнікаў. У гэты ж час, экспэрты рынку працы скардзяцца на рост кадравага дэфіцыту ў краіне.

Прэзідэнт кампаніі HeadHunter Юрый Віровец сказаў аўстрыйскім журналістам, што катастрафічная кадравая сітуацыя ўжо назіраецца ў сферы ІТ, інжынерна-вытворчай і аграпрамысловай сферах. Падчас прэзідэнцкай кампаніі ў 2012 годзе Пуцін абяцаў стварыць новую эканамічную мадэль, якая забяспечыць стабільны рост і стварэнне працоўных месцаў. Аднак, экспэрты кажуць, што праз адток высокакваліфікаваных заходніх работнікаў Маскве наўрад ці ўдасца выканаць гэтае абяцанне.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках