25 красавiка 2024, Чацвер, 17:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галівудская пагоня ў Івацэвічах: бяспраўнік «бартануў» аўто ДАІ

7
Галівудская пагоня ў Івацэвічах: бяспраўнік «бартануў» аўто ДАІ

Кіроўца Fiat Ducato, пазбаўлены правоў за перавышэнне хуткасці зладзіў галівудскую пагоню з ДАІ.

Сёння а 11:45 на 154-м км аўтадарогі Р44 (Гародня - Ружаны - Івацэвічы) у вёсцы Сеньковічы інспектары ДАІ спынілі аўтамабіль Fiat Ducato. Кіроўца рухаўся з боку Гародні са значным перавышэннем хуткасці (94 км/г пры дазволенай хуткасці ў 60 км/г). Аднак хлопец, памарудзіўшы, ударыў па газах, зладзіўшы проста галівудскую пагоню. Абставіны здарэння onliner.by паведамілі ў ДАІ Берасцейскай вобласці.

Інспектар ДАІ падаў кіроўцу сігнал аб прыпынку. Той спачатку працягнуў рух, але праз 400 метраў усё ж спыніўся. Супрацоўнік ДАІ на службовым аўтамабілі пад'ехаў і, падышоўшы да Fiat, папрасіў прад'явіць дакументы. Кіроўца растлумачыў, што вадзіцельскага пасведчання ў яго няма, і сказаў, што зараз возьме астатнія дакументы на аўтамабіль і пройдзе да машыны інспектара. Але калі супрацоўнік ДАІ адышоў, кіроўца завёў машыну і сарваўся з месца, спрабуючы схавацца ў бок горада Івацэвічы.

Пачалася пагоня. Інспектар на службовым аўтамабілі з уключанымі пробліскавымі маячкамі чырвонага і сіняга колеру, гукавой сігналізацыяй неаднаразова патрабаваў спыніцца. Але кіроўца Fiat не рэагаваў. Падчас пераследу інспектар звязаўся з дзяжурнай часткай РАУС і папрасіў дапамогі ў затрыманні парушальніка. У Івацэвічах да пераследу далучыўся яшчэ адзін нарад ДАІ. Падчас руху супрацоўнікі ДАІ спрабавалі апярэдзіць парушальніка, але ён не даваў ім гэтага зрабіць. У нейкі момант на вуліцы Механізатараў інспектар пачаў апярэджанне, але кіроўца, бачачы гэта, ударыў суседні аўтамабіль у бок.

Да затрымання далучыліся супрацоўнікі Дэпартамента аховы. Пераслед працягваўся па вёсцы Стайкі, затым па вёсцы Гошчава, пасля чаго парушальнік зноў выехаў на аўтадарогу Р44, а затым зноў рушыў у Івацэвічы. На цэнтральных вуліцах горада кіроўца Fiat ствараў пагрозу бяспецы дарожнага руху.

Перад выездам на аўтадарогу М1 (Берасце - Менск - мяжа Расеі) парушальнік павярнуў да гаражнага кааператыва і там заехаў у заборную агароджу аднаго з прадпрыемстваў. Пасля сутыкнення кіроўца і пасажыр выскачылі з машыны і пачалі бегчы. Інспектары ДАІ дагналі і затрымалі іх.

Высветлілася, што кіроўца 1994 года нараджэння, жыхар горада Пінска, 25 чэрвеня гэтага года быў пазбаўлены права кіравання паводле ч. 4 арт. 18.13 КаАП РБ (перавышэнне хуткасці руху паўторна на працягу года). На гэты момант у дачыненні да парушальніка складаюцца адміністрацыйныя пратаколы. Аўтамабіль, які належыць дзядулі кіроўцы, атрымаў механічныя пашкоджанні. Асоба пасажыра высвятляецца.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках