2 траўня 2024, Чацвер, 1:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Італьянскія дэпутаты сабраліся ў акупаваны Крым

7
Італьянскія дэпутаты сабраліся ў акупаваны Крым

Дэпутаты з папулісцкіх партый Пяць зорак і Ліга поўначы збіраюцца наведаць паўвостраў восенню, але дапускаюць магчымасць узгаднення візіту з Украінай.

Пра гэта заявіў адзін з ініцыятараў паездкі, дэпутат ад партыі «Пяць зорак» Манліо ды Стэфана, паведамляе «Коммерсант».

«Мы прынялі пастанову прыехаць у Крым і Маскву ў складзе дэлегацыі ад італьянскага руху Пяць зорак, - паведаміў Манліо ды Стэфана, сябра камітэта Палаты дэпутатаў Італіі ў замежных справах. - На днях я звяжуся з прадстаўнікамі амбасады Расеі ў Рыме, каб прыступіць да арганізацыі візіту».

Са слоў ды Стэфана, паездка намячаецца на пачатак кастрычніка. Групу парламентарыяў партыі Пяць зорак, колькасць якой будзе ад васьмі да дзесяці чалавек, узначаліць Алесандра ды Батыста, яшчэ адзін сябра парламенцкага камітэта замежных спраў. Раней ды Стэфана выступіў у парламенце краіны з заклікам «пакуль не позна спыніць палітыку прэзідэнта ЗША Барака Абамы і NATO ў Еўропе», абвінаваціўшы Вашынгтон ў абвастрэнні міжнародных стасункаў. Рэвалюцыю Годнасці ва Украіне ён назваў дзяржаўным пераваротам, якому паспрыяў Захад.

Са слоў суразмоўцаў выдання ў італьянскай дэлегацыі, наведаць Маскву і акупаваны Крым ім прапанаваў намеснік старшыні камітэта міжнародных спраў Савета федэрацыі РФ Андрэй Клімаў. Дэлегацыя збіраецца ўехаць у Крым праз РФ.

Пра гатоўнасць далучыцца да парламенцкай паездкі ў Крым заявіў і Серджо Дзівіна, сенатар ад прарасейскай італьянскай партыі Ліга Поўначы.

Нагадаем, на мінулым тыдні Крым наведала група французскіх палітыкаў на чале з дэпутатам Нацыянальнага сходу Цьеры Марыяні. У склад дэлегацыі ўвайшлі дзесяць парламентарыяў, у тым ліку віцэ-старшыня камісіі замежных спраў Сената Іў Паццо ды Барго. Падчас візіту Марыяні ў чарговы раз заклікаў зняць з Расеі санкцыі, заявіў аб прызнанні легітымнасці псеўдарэферэндуму ў Крыме і пра тое, што крымскіх татараў на паўвостраве нібыта не пераследуюць.

У сувязі з несанкцыянаваным візітам французскіх парламентарыяў у АРК МЗС Украіны папярэдзіў дэпутатаў пра магчымую забарону на ўезд на ўкраінскую тэрыторыю ў выпадку паездкі на акупаваны паўвостраў. Візіт дэпутатаў асудзілі і ў МЗС Францыі, назваўшы яго парушэннем міжнароднага права. 25 ліпеня Міністэрства замежных спраў Украіны звярнулася ў СБУ з заявай аб забароне ўезду ва Украіну для ўсіх дзесяці дэпутатаў Нацыянальнага сходу і Сената Францыі, якія наведалі Крым.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках