29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

BRUTTO арганізуюць у Кіеве антыімперскі фестываль «Партызан-рок»

BRUTTO арганізуюць у Кіеве антыімперскі фестываль «Партызан-рок»
Фото: CHARTER97.ORG

Фестываль пройдзе 29 жніўня ў сталіцы Украіны.

Ідэя правядзення антыімперскага фестывалю належыць гурту BRUTTO. Як паведамляе budzma.by, склад удзельнікаў таксама выбіралі ўдзельнікі каманды. На сцэне арт-завода «Платформа» выступяць гурты Dzieciuki з Беларусі, Antis з Літвы, «Тэлевізар» з Расеі, «Гайдамакі» з Украіны і ўласна заснавальнікі фестывалю.

«Гэта не чарговы фестываль ежы або сэксу, якія апанавалі прастору. Гэты фестываль - антыімперскі і антываенны. Ён аб'ядноўвае ўсіх, хто выступае супраць новай халоднай вайны. Хто малады, хто любіць спорт, хоча быць моцным, адважным і вольным духам», - адзначае прадусар гурта BRUTTO Антон Азізбекян.

BRUTTO наважылі правесці такую маштабную акцыю, калі зразумелі, што іх ідэі прымае вялікая колькасць людзей. Падчас гастроляў яны сустрэлі нямала гуртоў, блізкіх ім па духу. Таму і заснавалі фестываль, які называюць «тэрыторыяй, на якой усім даецца свабода думаць, тварыць і гаварыць тое, што ўважаюць за правільнае».

Паводле задумы заснавальнікаў «Партызан-року», ён павінен стаць традыцыйным і перасоўным. Першы фестываль наважылі правесці ва Украіне. Наступны мяркуецца зладзіць у Літве.

«Мы хочам, каб «Партызан-рок» стаў фестывалем, які можна сустрэць у любым месце свету. Цяпер ён найбольш патрэбен ва Украіне. Потым будзе Літва, а магчыма, праз некаторы час пройдзе і ў Беларусі», - адзначыў прадстаўнік BRUTTO.

Назву фестываль атрымаў паводле аднайменнага сінглу-лозунгу BRUTTO, пад якім у гэтым годзе праходзіў тур каманды Сяргея Міхалка па Украіне.

Яшчэ адным беларускім гуртам на першым фестывалі «Партызан-рок» у Кіеве будуць Dzieciuki - майстры фантастычна вясёлага фолк-панку з Гародні. Музыкі прысвячаюць свае песні беларускім героям розных часоў і распавядаюць пра гісторыю краіны. У 2014 годзе яны атрымалі прэмію «Героі года» ад партала Tuzin.fm.

Адна з прыкметнасцяў фестывалю - выступ літоўскага гурта Antis на чале з Альгердам Каўшпедасам - адным з лідараў руху «Саюдзіс», які ўзначаліў калісьці працэс выхаду Літвы са складу СССР. У другой палове 90-х Antis уважаўся за ўвасабленне літоўскай нефармальнай сцэны і здзіўляў слухачоў ва ўсім свеце сваімі вар'яцкімі тэатралізаванымі шоў у духу «The Wall» Pink Floyd. Аднавіў дзейнасць гурт у 2007 годзе - праз 17 гадоў (!) пасля распаду і цяпер паспяхова гастралюе.

Яшчэ адна легенда з 80-х - расейскі гурт «Тэлевізар» з Міхаілам Барзыкіным на чале. Міхалок неаднаразова выказваўся аб сваім непрыманні такой з'явы, як «расейскі рок», але гэтую каманду адрознівае ад большасці яе прадстаўнікоў выразна акрэсленая грамадзянская пазіцыя і вытанчанасць аранжыровак. Іх песні забаранялі як падчас перабудовы, так і падчас кіравання Пуціна. «Тэлевізар» выступаў у траўні ў Кіеве і выканаў сваю новую песню - «Ты прабач нас, Украіна».

Яшчэ адны ўдзельнікі фестывалю - Haydamaky з Украіны, якіх прадстаўляюць як «музычную фармацыю з еўрапейскімі поглядамі». Гэтыя музыкі - зацятыя прыхільнікі сучаснай рок- і world- music і сінтэзуюць у сваёй творчасці рок, даб, панк, ска, замяшаны на ўкраінскім фолк і балканскіх матывах.

Фестываль «Партызан-рок» пройдзе 29 жніўня ў Кіеве. Кошт квіткоў на канцэрт пачынаецца з 249 грыўняў (блізу 9 еўраў).

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках