29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Партызанская вайна» пад Гародняй: хто адкажа за прабітыя ногі і колы?

18

Невядомыя пачалі выстаўляць пасткі з цвікамі ў Румлёўскім лесе, а пацярпелыя пагаворваюць аб самасудзе над адным з мясцовых жыхароў.

Румлёва - лясны масіў з векавымі дубамі і ліпамі на беразе Нёмана, любімае месца адпачывальнікаў, у тым ліку бегуноў і веласіпедыстаў. Рэльеф тут няроўны, уверх-уніз, дзясяткі сцяжынак ва ўсе бакі, пераважна не асфальтаваныя, паведамляе тэлеканал «Белсат».

І ўсё б добра, калі б апошнім часам прагулкі або паездкі праз лес не пачалі ператварацца ў прыгоды: то тут, то там трапляюцца пасткі з шэрагам вострых цвікоў, разлічаныя на пешаходаў і веласіпедыстаў...

- У нас 9 праколатых колаў падчас трэніроўкі і 3 на спаборніцтвах, - распавядае трэнер дзіцячай спартовай школы веласіпедыст Яўген Камагораў, - я сам прабіў так красоўкі, добра, што нага не пашкоджаная. Чатыры пасткі мы знайшлі, адну я падарыў участковаму. А колькі яшчэ засталося?

Са слоў веласіпедыста такія «сюрпрызы» пачаліся з вясны гэтага года: раней нічога падобнага ён не прыгадвае, хоць Румлёва ўжо здаўна з'яўляецца традыцыйным месцам трэнінгу для ягоных вучняў.

Тры асобнікі спецыфічных «вожыкаў» Яўген узяў з сабой, каб паказаць: цвікі заточаныя спецыяльна і надзвычай востра, а мацаванні, якія «патанаюць» у зямлі, дзе-нідзе маюць дадатковыя гаплікі - каб цяжэй было выцягнуць. Адна пастка ўжо іржавая, то бок пастаўленая досыць даўно, але большасць - свежыя і бліскучыя. На сцежцы ўздоўж Нёмана яны былі прысыпаныя пяском або старой лістотай у якасці маскіроўкі.

Але каму спатрэбілася займацца ў лесе «паляваннем» на мінакоў у стылі партызанскай вайны ва В'етнаме? Камагораў упэўнены, што гэта ўладальнік крайняга дому, які знаходзіцца крыху на адлегласці ад найбліжэйшай вёскі Солы, фактычна ў невялікім яры ля Нёмана. Менавіта яму прыпісвалі раней «забарыкадаваныя» галінамі сцежкі або абмазванне галінак салідолам у гэтых жа месцах, пра што ўжо пісалі СМІ. У каментарах тады пачалі нават з'яўляцца заклікі да самасуду над «шкодным дзедам»...

Гаспадар падворка Дзмітрый адмаўляе сваю датычнасць да з'яўлення пастак, але, разам з тым, крытыкуе аматараў адпачынку ў Румлёве.

- Гэтыя месцы не прызначаныя для выгулу сабак, і ездзіць на роварах тут не трэба: зверху ад Салаўёў спецыяльны шлагбаўм і знак «цэгла» стаіць. Дык чаго ездзіць? Ходзяць пастаянна, а калі п'яныя - дык крычаць, лаюцца..., - кажа ён.

Дзмітрый і ягоная жонка Казіміра прызнаюцца, што раней, калі горад быў далёка, усё было па-іншаму. Цяпер жа спальныя кварталы падышлі зусім блізка. З домам, скажам, у абмен на кватэру, яны б даўно развіталіся: чуткі аб зносе Салаўёў ходзяць з часоў Брэжнева, але ніяк не зносяць, таму прыходзіцца выжываць.

Справай аб пастках цяпер займаецца ўчастковы, а гарадзенцам даводзіцца больш уважліва ставіцца да шпацыраў над Нёманам, якія могуць ператварыцца ў сапраўдную паласу перашкод.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках