17 красавiка 2024, Серада, 0:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рада правоў чалавека ААН: Палітвязні ў Беларусі павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя

15
Рада правоў чалавека ААН: Палітвязні ў Беларусі павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя
Фота: un.org

Мандат спецдакладчыка ААН аб Беларусі Міклаша Харашці падоўжаны на год.

Пра гэта паведамляе «Голас Амерыкі» са спасылкай на Управу Вярхоўнага камісара правоў чалавека ААН.

Рада правоў чалавека ААН (РПЧ) у выніку галасавання падчас штогадовай сесіі, якая праходзіць гэтымі днямі ў Жэневе, прыняла рэзалюцыю аб прадаўжэнні на адзін год мандата спецыяльнага дакладчыка аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Рада выказала глыбокую заклапочанасць працягам парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, якія носяць «сістэматычны і сістэмны характар». РПЧ заклікала ўрад Беларусі правесці рэформы судовай сістэмы і адвакатуры, каб дамагчыся поўнай незалежнасці і бесстароннасці судоў, забяспечыць прэзумпцыю невінаватасці і права на справядлівае судовае разбіральніцтва.

Рада таксама настойліва заклікае ўрад Беларусі вызваліць і цалкам рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных і заснаваць у Беларусі нацыянальны праваабарончы орган у адпаведнасці з парыжскімі прынцыпамі.

Дэлегацыя Латвіі, якая ад імя Еўрапейскага звязу ініцыявала прыняцце рэзалюцыі, пры ўнясенні праекта звярнула ўвагу на такія парушэнні правоў чалавека ў Беларусі як пераслед, запалохванне, адвольныя арышты і затрыманні праваабаронцаў, палітычных апанентаў і журналістаў. Акрамя таго, адзначаецца відавочнае пагаршэнне сітуацыі ў такіх ключавых галінах як правы працоўных, заканадаўства ў рэгуляванні дзейнасці грамадзянскай супольнасці, правядзенне выбараў, а таксама свабоды слова і СМІ.

Гэтыя тэндэнцыі асабліва трывожаць з улікам «прэзідэнцкіх выбараў» у Беларусі ўвосень 2015 года. ЕЗ таксама заклапочаны прымяненнем смяротнай кары ў Беларусі - адзінай краіне ў Еўропе - і недастатковай празрыстасцю ў гэтым пытанні.

Дэлегацыя Беларусі скрытыкавала праект рэзалюцыі, уважаючы яго за прыклад двайных стандартаў. Беларусь адзначыла парушэнне прынцыпу неўмяшання, замацаванага ў Статуце ААН, і заявіла аб адмове весці справы ў міжнародных стасунках такім чынам.

Нягледзячы на шматлікія заклікі да супрацоўніцтва з боку ААН і краін-чальцоў, урад Беларусі катэгарычна не прызнае мандат спецдакладчыка і адмаўляецца з ім супрацоўнічаць аж да адмовы ў праве на ўезд у Беларусь.

За прыняцце рэзалюцыі аб Беларусі прагаласавала 21 дзяржава, у тым ліку ЗША, краіны ЕЗ, Аргенціна, Бразілія, Карэя. Супраць - 8 дзяржаў, сярод іх Венесуэла, Індыя, Кітай, Куба, Расея, Казахстан. Пры галасаванні 18 чальцоў РПЧ устрымаліся.

Мандат спецдакладчыка ААН аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі дзейнічае з 2012 года. З моманту ўвядзення мандата ААН прызначае спецдакладчыкам Міклаша Харашці, былога прадстаўніка АБСЕ аб свабодзе СМІ.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках