19 сакавiка 2024, aўторак, 8:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

3 ліпеня ў Магілёве: вышыванкі і бел-чырвона-белыя сувеніры

5

У Магілёве адбылося свята нацыянальнай культуры «Беларусь - жыцця майго крыніца».

Месцамі для правядзення свята выбралі Камсамольскі сквер і пешаходную вуліцу Ленінскую. Былі тут і беларускія нацыянальныя строі, і сувеніры ў бел-чырвона-белых колерах, паведамляе «Радыё Свабода».

На свята прыйшло багата люду. Шмат хто прывёў з сабой дзяцей. На падыходзе да сквера журналісты пацікавіліся ў мінакоў: «Якім яны б хацелі бачыць свята нацыянальнай культуры?».

«Мы б хацелі чуць больш беларускай мовы. А ў нас так выходзіць, што пераважае расейская мова. Мы мала чуем беларушчыны», - адказваюць на пытанне сужэнцы сталага веку. Жанчына ў блузцы з беларускай вышыўкай. Кабета кажа, што надзявае яе на важныя імпрэзы.

«Такія, на жаль, мы і ёсць цяпер беларусы, - працягваюць суразмоўцы. - Адракліся ад сваёй мовы, культуры, дый ментальнасць змянілася ў пэўнай ступені. Можа, не ўсе адракліся, але не даюць развіцца».

«Павінны прапагандавацца на такіх святах нацыянальныя традыцыі, - кажа наступная суразмоўца. На думку дзяўчыны, удзельнікі і наведнікі такога свята павінны ўбірацца ў нацыянальныя строі. «Беларуская мова павінна гучаць, - адзначае яна, - каб яе чулі людзі. Песні на беларускай мове павінны быць».

У самым скверы беларускага было няшмат. Тутэйшае паветра было прасякнутае дымам з мангалаў, на якіх гатавалі шашлыкі. Тут прадавалі сувеніры, прысмакі для дзяцей, выпіўку і закуску для дарослых.

Беларускія песні гучалі на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Музыкі сабралі ля сябе немалы натоўп мінакоў. Некаторыя з іх важыліся на танцы. Тут жа прадаваліся і беларускія сувеніры. Шмат рамеснікаў убралася ў нацыянальныя строі.

«Вышыванка - гэта сімвал Беларусі. Гэта наш гонар, - адзначае адзін з рамеснікаў.

«Вышыванка да нас прыйшла даўно. На жаль, мы трохі ў свой час не туды пайшлі. І патроху сталі забыць нашу мінуўшчыну. Нашы звычаі і абрады. Але нягледзячы ні на што, гэта ўсё будзе вяртацца да нас», - падагульняе суразмоўца.

«Мы, рамеснікі, павінны дэманстраваць наш беларускі нацыянальны строй, - працягвае размову майстрыха.- Я сама са Шклова і мой строй набліжаны да нацыянальнага. Трохі стылізаваны, праўда. Я не думаю, што беларусы саромеюцца адзявацца па-беларуску. Цяпер жа ўсё нашае самабытнае ўваходзіць у моду».

«У Менску цяпер вельмі папулярныя ў моладзі рэчы, якія плятуцца на бердах, - заўважае суразмоўца. - Тыя ж павязкі, гальштукі носяць, менавіта з нашым беларускім нацыянальным арнаментам. Можа, пакуль, не так культывуюцца вышываныя блузкі, хоць і яны сустракаюцца. І гэта ўваходзіць паволі ў моду. Гэтаму цяпер - зялёнае святло».

Нямала беларускіх сувеніраў на свяце было выраблена ў бел-чырвона-белых колерах. Іх ахвотна куплялі наведнікі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках