Генпракуратура Украіны распачала справу супраць наведаўшых Крым французскіх дэпутатаў
3- 30.07.2015, 15:19
- 10,126
Крымінальная справа распачатая паводле артыкула «парушэнне парадку ўезду на часова акупаваную тэрыторыю Украіны і выезду з яе».
Генеральная пракуратура Украіны распачала крымінальную справу паводле факту візіту дэлегацыі французскіх дэпутатаў у акупаваны Крым. Пра гэта на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» паведаміў народны дэпутат Георгій Лагвінскі.
«Цьеры Марыяні заявіў, што ва ўкраінцаў «спецыфічнае пачуццё гумару», - піша ён. Але я прапаную яму смяяцца не аднаму, а адразу са сваім адвакатам, бо з маёй заявы ГПУ ужо адкрыла крымінальную справу і пачата дасудовае расследаванне ў дачыненні да яго і яшчэ 9 французскіх «дэпутатаў-экстрэмалаў».
Дэпутат апублікаваў фота атрыманага з Генпракуратуры адказу на ягоны запыт, піша «Лiга.нет».
У дакуменце гаворыцца, што крымінальная вытворчасць адкрытая паводле ч.1 арт.332-1 Крымінальнага кодэкса Украіны (парушэнне парадку ўезду на часова акупаваную тэрыторыю Украіны і выезду з яе з мэтай нанясення шкоды інтарэсам краіны). Санкцыя артыкула прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін з канфіскацыяй транспартных сродкаў.
Нагадаем, 23 ліпеня дэлегацыя дэпутатаў нацыянальнага сходу Францыі на чале з Цьеры Марыяні з двухдзённым візітам наведала анэксаваны Крым без узгаднення з украінскай уладай. У дэлегацыю ўвайшлі прадстаўнікі трох фракцый французскага парламента.