25 красавiка 2024, Чацвер, 13:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

10 тысяч пілігрымаў маліліся за Беларусь у Будславе

10
10 тысяч пілігрымаў маліліся за Беларусь у Будславе
ФОТА: CATHOLIC.BY

Свята Маці Божай Будслаўскай сёлета наведалі больш за 10 тысяч чалавек, у тым ліку 3000 пешых пілігрымаў.

Вернікі, сярод якіх былі не толькі каталікі, але таксама праваслаўныя ды ўніяты, прыбылі ў вёску ў Мядзельскім раёне як самастойна, так і ў складзе груп. Пры гэтым менавіта сяголета спаўняецца 25 гадоў з таго моманту, калі традыцыя пілігрымак у Будслаў была адноўленая.

Вялікая частка ўдзельнікаў, збольшага моладзь, была адзетая ў дзень свята ў вышытыя беларускія кашулі ды іншае адзенне з нацыянальным арнаментам і сімволікай, піша «Наша нiва».

Паводле традыцыі, апоўначы з 3 на 4 ліпеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў імшу, якой папярэднічала ўрачыстая працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай, піша партал Каталіцкай царквы ў Беларусі.

Мітрапаліт адзначыў, што ў Будслаўскім санктуарыі Панна Марыя «падтрымлівала нас у цяжкія гады пераследу Касцёла, і адбыўся цуд - мы атрымалі свабоду веравызнання», аднак «злы дух не спіць, і выклікі сэкулярызму пагражаюць нашай веры».

«Марыя, прадстаў нас перад Тваім Сынам, папрасі для нас ласку навяртання і ласку цуду жыцця з Ягонай волі, каб мы ўвесь час удасканальваліся, каб наша вера не слабела, а мацавалася, і каб наша радзіма, Беларусь, сынамі і дочкамі якой мы з'яўляемся, была краінай, дзе валадарыць Бог, каб мы маглі з радасцю выклікнуць: «На Беларусі Бог жыве і Беларусь жыве Богам», - з такімі словамі арцыбіскуп звярнуўся да Божай маці.

Пад канец набажэнства Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў пілігрымам, якія прыйшлі на гэтыя імпрэзы. Іхняе прыбыццё ў Будслаў арцыпастыр назваў «сімвалам адданасці Богу і знакам таго, што Касцёл у Беларусі жыве, умацоўваецца і расце».

Нагадваючы, што Святое Пісьмо называе Марыю блаславёнай сярод усіх жанчын, Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да яе з наступнымі словамі: «Марыя, папрасі ў Бога ласку, каб кожны жыхар нашай краіны сказаў Богу «так» і каб нашая краіна была блаславёнай».

Будслаўскі абраз напісаны невядомым майстрам у ХVI стагоддзі. Першым яго ўладальнікам быў менскі ваявода Ян Пац. Перайшоўшы з кальвінізму ў каталіцтва, ён здзейсніў пілігрымку ў Ватыкан, дзе ў 1598 годзе атрымаў абраз з рук Папы Рымскага Клімента VIII. Ваявода вельмі шанаваў абраз і змясціў яго ў сваім віленскім палацы. Пасля смерці Паца абраз перайшоў да капелана Ісака Салакая, які перавёз яго ў Даўгінава. У пакутную пятніцу 161 года, быўшы на набажэнстве ў Будслаўскім касцёле бернардзінцаў, Ісак саступіў просьбам манахаў і ахвяраваў абраз у кляштарны, тады яшчэ драўляны, касцёл.

Абраз адразу стаў аб'ектам шанавання простых людзей, праславіўся цудамі і ласкай, і ў 1635 годзе быў перанесены ў галоўны алтар на месца абраза «Наведванне Марыяй Лізаветы». У 1643 годзе майстар з Полацка Андрэй Кромер пабудаваў каменны касцёл, для якога майстар Пётр Грамель вырабіў унікальны драўляны алтар, у яго і быў змешчаны цудатворны абраз. Ён намаляваны алеем на палатне памерам 72 на 65 см, належыць да заходне-еўрапейскага іканаграфічнага тыпу Адыгітрыі. Маці Божая намаляваная да сярэдзіны, у чырвоных шатах, белым галаўным уборы і цёмна-зялёным мафорыі (доўгім жаночым покрыве) з карункавай аблямоўкай. Дзіця на левай руцэ ў вольнай позе, у светлым хітоне і цёмна-жоўтым плашчы. Ручкі працягнутыя да Маці: правая бласлаўляе, а левай Езус нібы падае Маці плод граната, шматзначны сімвал вечнага жыцця, а таксама Царквы, шматлікіх вернікаў якой паказваюць зярняты. Твар Маці Божай прыгожы, з тонкімі рысамі, погляд накіраваны на гледача. Фон асветлены, салатава-шэрага адцення, німбы вохрыстыя, разграфленыя вострымі праменямі.

Парафіяне распавядаюць, што ў 1941 годзе, адыходзячы праз мястэчка, савецкія войскі хацелі падарваць бажніцу. Быў прызначаны і час выбуху - раніца 1 ліпеня. Калі людзі даведаліся пра гэта, то атачылі касцёл жывым колам і ўсю ноч маліліся каля святыні. З надыходам раніцы войскаў у Будславе ўжо не было. Так людзі і абраз уратавалі бажніцу. Святары называюць цудам і тое, што, нягледзячы на некалькі войнаў і пераслед за савецкім часам, Будслаўскі храм не замыкаўся ні на адзін дзень і што з часам фарбы на абразе не цьмянеюць, а людская плынь да святыні з кожным годам толькі павялічваецца.

Цяпер абраз стаў для беларускіх каталікоў нацыянальнай святыняй. У 1996 годзе згодна з папскім пасланнем яна была названая заступніцай Менска-Магілёўскай дыяцэзіі. 2 ліпеня 1998 года адбылася афіцыйная каранацыя абраза ў вёсцы Будслаў. Ва ўрачыстай атмасфэры Кардынал Казімір Свёнтэк прымацаваў папскія кароны на абраз. У гонар 400-гадовага юбілею Будслаўскай іконы ў 2013 годзе ў Беларусі выпушчаныя манета і паштовая марка.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках