28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Касьянаў заклікаў у сваю партыю Навальнага і Хадаркоўскага

1
Касьянаў заклікаў у сваю партыю Навальнага і Хадаркоўскага
Міхаіл Касьянаў
ФОТА: EPA

Партыя РПР-Парнас на сваім з'ездзе абрала Міхаіла Касьянава адзіным старшынём і скараціла сваю назву да лаканічнага Парнас.

На з'езд РПР-Парнас у нядзелю ў гатэлі «Ізмайлава» на паўночным усходзе Масквы сабраліся 126 дэлегатаў з 54 рэгіёнаў. Большасцю галасоў дэлегаты прынялі пастанову змяніць структуру кіраўніцтва, адмовіўшыся ад інстытута сустаршыняў на карысць адзінаначалля, піша РБК.

У 2012 годзе, калі ў Рэспубліканскую партыю Расеі, старшынём якой быў Уладзімір Рыжкоў, увайшлі прыхільнікі Барыса Нямцова і Міхаіла Касьянава, яна была пераназваная ў РПР - Партыю народнай свабоды, а Нямцоў і Касьянаў сталі яе сустаршынямі. Рыжкоў сышоў з партыі са скандалам у лютым мінулага года, Нямцоў быў застрэлены ў лютым гэтага года на Вялікім Маскварэцкім мосце.

Першы пасля забойства Нямцова з'езд партыі выбраў адзіным старшынём Касьянава - паводле статуту ён будзе ўзначальваць яе наступныя чатыры гады. Ягонымі намеснікамі сталі Ілля Яшын, Канстанцін Мярзлікін і Уладзімір Кара-Мурза. Са слоў Касьянава, перад галасаваннем актыў партыі правёў кансультацыі з лідэрамі апазіцыйных палітычных сіл наконт магчымых сустаршыняў РПР-Парнас. Але ніхто з імаверных прэтэндэнтаў цяпер не гатовы ўвайсці ў кіраўніцтва партыі, заявіў ён.

Абраны старшынём партыі Касьянаў не выключыў, што ў будучыні ў кіраўніцтва ўсё-ткі маглі б увайсці і іншыя лідэры апазіцыі, напрыклад, кіраўнік пазбаўленай рэгістрацыі Партыі прагрэсу Аляксей Навальны і заснавальнік грамадскага праекта «Адкрытая Расея» Міхаіл Хадаркоўскі.

Навальны не змог пракаментаваць заяву Касьянава, са слоў ейнай прэс-сакратаркі Кіры Ярмыш, ён знаходзіцца ў адпачынку. Але аб магчымасці аб'яднання Партыі прагрэсу з РПР-Парнас у сакавіку гэтага года казаў сакратар цэнтральнай рады партыі Навальнага Уладзімір Ашуркоў. Тады ён падкрэсліў, што РПР-Парнас блізкая Партыі прагрэсу ідэалогіяй. Тады ён сцвярджаў, што перамовы аб зліцці вядуцца.

У сярэдзіне красавіка Касьянаў і Навальны абвясцілі аб стварэнні «Дэмакратычнай кааліцыі», аб'яднання ліберальных сіл, якое будзе вылучаць адзіных кандыдатаў на рэгіянальных выбарах пад эгідай РПР-Парнас. У кааліцыю ўвайшлі таксама незарэгістраваная Партыя 5 снежня, рух «Салідарнасць» і «Дэмакратычны выбар» Уладзіміра Мілава. Партыя «Грамадзянская ініцыятыва» былога міністра эканомікі Андрэя Нячаева, аднак, пасля перамоў з ініцыятарамі аб'яднання пастанавіла ўдзельнічаць у выбарах самастойна.

Прадстаўнікі кааліцыі, сябра Партыі прагрэсу Леанід Волкаў, Уладзімір Мілаў і Сяргей Давідзіс з Партыі 5 снежня гаварылі на з'ездзе і аб супольных планах на выбарах у Дзярждуму 2016 года. Касьянаў жа заявіў, што гатовы пазмагацца за прэзідэнцкую пасаду.

«У мяне няма прэзідэнцкіх амбіцый, але калі кааліцыя скажа, то я гатовы выканаць гэтую функцыю», - паведаміў ён у нядзелю. Касьянаў удакладніў, што перад прэзідэнцкімі выбарамі 2018 партыя таксама правядзе праймерыз і абярэ самага годнага кандыдата.

На з'ездзе дэлегаты РПР-Парнас прагаласавалі за скарачэнне назвы партыі, адмовіўшыся ад гістарычнай прыстаўкі РПР. З сённяшняга дня гэтая палітычная сіла будзе называцца Партыяй народнай свабоды. Гэта было зроблена для выгоды выбаршчыкаў: дагэтуль у назве партыі тры разы паўтаралася слова «партыя». «Калі людзі на выбарах бачылі ў бюлетэнях поўную назву дробным шрыфтам, ніхто не мог вызначыць, што гэта за партыя, і мы трацілі выбаршчыкаў проста з тэхнічных прычын», - патлумачыў Касьянаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках