18 красавiка 2024, Чацвер, 18:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейскае «Дынама» - на мяжы банкруцтва

6
Берасцейскае «Дынама» - на мяжы банкруцтва

Футбольны клуб прадае ўласную кантору, каб выжыць. Аўкцыён адбудзецца 8 ліпеня.

У выпадку, калі пакупнік так і не знойдзецца, клуб можа быць абвешчаны банкрутам, паведамляе «Белсат».

У мінулым сэзоне футбалісты «Дынама» некалькі разоў затрымлівалі пачатак матчаў, каб звярнуць увагу на фінансавыя праблемы ў каманды. Найлепшыя футбалісты ўжо сышлі з «Дынама», у тым ліку і ўсе легіянеры.

Сёлета клуб не змог правесці паўнавартасную падрыхтоўку да сэзону і быў дапушчаны да нацыянальнага чэмпіянату толькі пад гарантыю аблвыканкама. Улады Берасцейскай вобласці абяцалі сплаціць ўсе запазычанасці дынамаўцаў, але слова так і не стрымалі. Ужо некалькі месяцаў гульцам і работнікам «Дынама» не выплачваецца так званая бюджэтная частка заробку - 2 мільёны рублёў.

Нягледзячы на дзіравы бюджэт, гуляючы фактычна задарма, каманда дабралася да паўфіналу Кубка Беларусі, перамагла ў рамках чэмпіянату заможнае менскае «Дынама» і салігорскі «Шахцёр».

Фанатаў «Дынама» прапускалі праз аўтазак, а футбалістаў абшукваюць перад выхадам на поле

Сёлета заўзятары набылі камандзе форму, чым выклікалі цікавасць да сябе з боку пракуратуры, якая ўгледзела ў дзеяннях заўзятараў парушэнне заканадаўства.

Заўважым, што на пачатак сэзона заўзятары «Дынама» ігнаравалі хатнія гульні каманды праз прыніжальную для чалавечай годнасці працэдуру праходу на стадыён цераз міліцэйскі аўтазак.

Падчас учорашняга матчу супраць салігорскага «Шахцёра», які берасцейцы здабылі з лікам 3:2, ОМОН абшукаў усіх футбалістаў перад уваходам на стадыён.

«Не ведаю, што чакае нашу каманду, не ведаю, ці застануся я ў клубе, але фактам застаецца тое, што каманду пакінуць некалькі галоўных футбалістаў», - заўважыў пасля гульні галоўны трэнер берасцейцаў Сяргей Кавальчук.

Адзіны шанец адтэрмінаваць банкруцтва каманды - продаж клубнай канторы. Аўкцыён адбудзецца 8 ліпеня. На думку экспэрта, які пажадаў застацца ананімным, будынак можа каштаваць $870 тысяч. «Нават калі яго прададуць, банкруцтва берасцейскага «Дынама» будзе адкладзена на некалькі месяцаў. У іх даўгоў на 10-12 мільярдаў рублёў».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках