«Беларуская Амерыканка ці выбары пры дыктатуры»
26- Андрэй Саннікаў
- 12.08.2015, 10:06
- 82,592
Адкрытая і сумленная кніга Андрэя Саннікава аб прэзідэнцкай кампаніі 2010 года, Плошчы і сутнасці рэжыму Лукашэнкі.
Кніга «Беларуская Амерыканка ці выбары пры дыктатуры» напісаная ў 2014 годзе і ў цяперашні час рыхтуецца да выдання. Са згоды аўтара сайт charter97.org пачынае публікаваць урыўкі з кнігі.
ПРАДМОВА
Я нарадзіўся і вырас ў Мінску. У самым цэнтры горада. За месяц да майго нараджэння ў доме, дзе я з’явіўся на свет, быў адчынены кінатэатр “Цэнтральны”, што толькі пацвярджае прыналежнасць дома да гарадскога цэнтра. У самым канцы нашага двара, за агарожай, і цяпер можна ўбачыць тыльную частку будынка ў маўрытанскім стылі. Гэта былая харальная сінагога Мінска. Сёння там месціцца Рускі драматычны тэатр імя Горкага.
Мой дом нумар 13 стаіць на тым жа месцы, дзе і стаяў заўсёды, аднак з часу майго нараджэння некалькі разоў паспеў памяняць адрас – вядома, па прычынах палітычных. Спачатку гэта быў праспект Сталіна, потым Леніна, пасля таго быў некаторы час праспектам Францыска Скарыны, а цяпер – Незалежнасці. Але затое радзільны дом, у якім я з’явіўся на свет, быў і застаецца на вуліцы Валадарскага.
Якраз насупраць гэтага дома знаходзіцца самая старая турма Мінска “Валадарка” – імя, адпаведнае той вуліцы. Раней турму называлі Пішчалаўскім замкам, таму што замовіў яе калісьці памешчык Рудольф Пішчала. Вязнямі замка былі паўстанцы 1830 і 1863 гадоў, пісьменнікі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Якуб Колас, начальнік польскай дзяржавы Юзэф Пілсудскі, а таксама стваральнік і натхніцель ЧК-КДБ Фелікс Дзяржынскі – Дракула з Беларусі.
Сярэдняя школа № 42, славутая “гвардзейская непрамакальная”, таксама знаходзіцца па сваім ранейшым адрасе, на вуліцы Камсамольскай, усяго за адзін квартал ад майго дома. І ўвесь гэты вялізны квартал займае гмах КДБ і МУС. Будынак прыкметны хіба толькі тым, што ў савецкія часы на ягоным фасадзе вывешвалі вялізныя партрэты членаў Палітбюро ЦК КПСС. А за тым жа фасадам надзейна схаваная ад старонніх позіркаў самая змрочная турма Беларусі – “Амерыканка”.
Дзесяць гадоў я хадзіў у школу міма белых калон параднага ўваходу ў КДБ, а наш выпускны вечар праходзіў у клубе імя Дзяржынскага , які месціцца ў тым жа квартале, якраз насупраць школы. Выпускны баль доўжыўся да самай раніцы, а ўзыход сонца мы сустракалі ў аэрапорце, да якога з цэнтра горада дайсці тады можна было пешшу ўсяго за гадзіну.
За пару кварталаў ад майго бацькоўскага дома – Кастрычніцкая плошча, якая раней называлася Цэнтральнай. Там у савецкія часы прымалі парады, наладжвалі народныя гулянні. Калісьці на гэтай плошчы ўздымаўся вялізны помнік Сталіну, узарваны восеньскай ноччу 1961 года.
За квартал ад майго дома ў супрацьлеглым баку знаходзіцца плошча Незалежнасці, якая раней была плошчай Леніна. А на гэтай плошчы – Дом ураду, адзін з нешматлікіх помнікаў савецкага канструктывізму, ацалелы ў гады вайны. У цэнтры таго ўрадавага ансамбля, у даваенны час самага вялікага ў Беларусі, манумент - каменны Ленін на трыбуне.
Вось у гэтым раёне я вырас, здавалася, усё ведаю з дзяцінства. Аднак некалькі гадоў таму мне давялося зведаць яго нанова, пазнаёміцца з патаемным, схаваным ад людскіх вачэй жыццём.
У 2010 годзе ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія “выбары”, у якіх я прымаў удзел у якасці кандыдата. Асноўныя падзеі, звязаныя з тымі “выбарамі”, якраз і адбываліся ў цэнтры Мінска, на плошчах і ў турмах майго раёна.
Пра ўсё гэта – у маёй кнізе.
1. Дом №13, к т "Цэнтральны"2. Радзільня №13. Школа №424. Будынак МУС/КДБ5. Турма Амерыканка6. Турма Валадарка7. Кастрычніцкая плошча (былая Цэнтральная)8. Дом Урада9. Плошча Незалежнасці10. Расейскі тэатр (былая сінагога)
ПАЧАТАК
Публічны старт атрымаўся нечаканым. Рашэнне балатавацца ў прэзідэнты я прыняў у канцы 2009 года, але з абвесткай пра тое не спяшаўся. На пачатку сакавіка мяне запрасілі на запіс ток-шоу “Форум” на незалежным беларускім тэлеканале “Белсат”. Запіс, як заўсёды, у Вільні, і мы з жонкай вырашылі паехаць усёй сям’ёй на машыне. Да нас далучыўся яшчэ і Зміцер Бандарэнка.
Ужо некалькі гадоў нас з Ірынай на мяжы не чапалі, не ўчынялі здзеклівых праверак, не шукалі забароненых “носьбітаў інфармацыі”. І мы дамовіліся, што ў паездку возьмем з сабой і Даніка.
Аднак гэтым разам нас на мяжы затрымалі. Калі такое адбываецца, ёсць некалькі варыянтаў тыповых дзеянняў памежнікаў, якіх КДБ звычайна інструктуе па тэлефоне або непасрэдна на месцы. Самым мяккім варыянтам у такім выпадку быў надгляд, затрымка недзе на гадзіну або патрабаванне запоўніць дэкларацыю, якую паводле закону прад’яўляць увогуле ня трэба, калі не вязеш нічога забароненага. Аднак у нашым выпадку памежнікі відаць атрымалі загад дзейнічаць жорстка. Мытнікі старанна дагледзелі машыну і ператрэслі ўсе рэчы. Потым кудысьці зніклі. З машыны нас ужо не выпускалі. Трымалі так болей за тры гадзіны. Не дазволілі нават павесці ў туалет трохгадовага Даніка. Гэта было ягонае першае сутыкненне з пачварамі ўлады.
Інфармацыя аб тым, што я збіраюся ісці на выбары, на той час ужо з’явілася ў прэсе і абмяркоўвалася ў апазіцыйным асяроддзі. Вось тады спецслужбы і вырашылі напэўна запалохаць мяне загаддзя. І ўсё ж недзе ўвечары пільныя памежнікі нас выпусцілі, хаця і без ноўтбука – яго канфіскавалі.
Ужо ў віленскім гатэлі мы правялі, так бы мовіць, невялічкую ваенную нараду і вырашылі, што наспеў час абвесціць аб маім намеры балатавацца, інакш улады ўпэўняцца, што тактыка запалохвання дае пэўны плён. Так вось і атрымалася, што аб сваім намеры я абвесціў упершыню менавіта на той перадачы.
На маё рашэнне паўплывала тады адна істотная акалічнасць: мы “памірыліся” нарэшце з Шушкевічам, першым кіраўніком незалежнай Беларусі. Па праўдзе сказаць, я ніколі з ім не сварыўся і ўсё не мог зразумець, чаму ягонае стаўленне да мяне змянілася раптам на рэзка адмоўнае. Потым ён патлумачыў, што паверыў калісьці словам аднаго чалавека, які праз пэўны час выявіў сябе поўным падонкам. А ў выніку гадоў дзесяць мы не размаўлялі і нават не віталіся. Для мяне гэта было пакутай. Станіслава Станіслававіча я не толькі глыбока паважаў, але і быў яму вельмі ўдзячны за ягоную непахісную пазіцыю ў пытанні вываду ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі.
Прынцыповасць кіраўніка краіны ў такім вострым і надзённым пытанні вельмі дапамагала мне падчас маёй працы ў Міністэрстве замежных спраў. Так, Шушкевіч добра вядомы ў свеце найперш таму, што ён разам з Ельцыным і Краўчуком падпісаў у Віскулях пагадненне аб дэнансацыі Дамовы аб стварэнні СССР. За што атрымаў у народзе ганаровае званне “белавежскі зубр”. Цяпер, калі на зямлі Украіны ідзе вайна, не цяжка зразумець, што ў 1991 годзе ўдалося пазбегнуць крыві, грамадзянскай вайны і разрухі. Савецкі Саюз сканаў ціхамірна, і ў гэтым вялікая заслуга Станіслава Шушкевіча, які быў гаспадаром гістарычнай сустрэчы ў Белавежскай пушчы.
Разам з ім сустракаліся мы неяк у Гданьску з Лехам Валенсам. І Шушкевіч тады сказаў:
- Лех, ты – мой герой. Тое, што ты здолеў зрабіць, проста неверагодна.
- Не, Стась,- запярэчыў Валенса, - калі б ты не распусціў Савецкі Саюз, танкі да нас абавязкова вярнуліся б. Так што сапраўдны герой – гэта ты.
У 2009 годзе мы аднавілі нарэшце добрыя стасункі паміж сабой, і Станіслаў Станіслававіч у перадвыбарчай кампаніі падтрымаў маю кандыдатуру.
Аднак яшчэ да гэтага ўзнікла вельмі своечасовая ініцыятыва Шушкевіча сабраць усіх палітычных лідараў для абмеркавання сітуацыі ў Беларусі. Адбылося некалькі гэткіх сустрэч на вёсцы, у невялічкім гасцінным дамку, па ўсіх правілах канспірацыі. Абмяркоўвалі розныя варыянты ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі. На пачатку ніхто па сутнасці ніякіх новых ідэй не прапаноўваў. Гаварылі пераважна пра ўсё тыя ж “праймерыз”, пра неабходнасць вылучэння адзінага кандыдата ад апазіцыі.
Тым не менш для мяне гэтыя сустрэчы былі надзвычай карыснымі. У той час я шукаў адказ на два пытанні: ці ёсць кандыдат, якога варта падтрымаць падчас будучай кампаніі, а таксама хто мог бы быць на тых выбарах саюзнікам нашай каманды. На вялікі жаль, адказ на першае пытанне быў адмоўны. Мы ўжо добра апякліся з гэткімі кандыдатамі і ў 2001, і ў 2006 гадах. Адказ на другое пытанне таксама быў несуцяшальны. Занадта розныя мэты былі ў зацікаўленых груп, вось толькі жадання абмяркоўваць пераможны сцэнар у іх не было.
Затое арганізаваны Шушкевічам мазгавы штурм, на мой погляд, канчаткова пераканаў Станіслава Станіслававіча падтрымаць маю кандыдатуру.
Быў і яшчэ адзін чалавек, які істотна паўплываў на мой выбар. Чалавек-легенда, няўлоўны “кур’ер з Варшавы” падчас другой сусветнай вайны, вораг нумар адзін камуністычнай Польшчы, заснавальнік і першы дырэктар польскай службы радыё “Свабода/Свабодная Еўропа”, дарадца чатырох прэзідэнтаў ЗША Ян Новак-Езераньскі. Знаёмствам з ім я абавязаны стваральніку і першаму кіраўніку Саюзу палякаў на Беларусі Тадэвушу Гавіну.
З Тадэвушам мы пазнаёміліся яшчэ падчас стварэння Хартыі’97 і да гэтага часу захоўваем сяброўскія, паважлівыя адносіны. Чалавек сумленны, чалавек гонару, Тадэвуш Гавін шмат чаго добрага зрабіў і для польскай меншасці ў Беларусі, і для беларускай дэмакратыі.
Менавіта ён у 2003 годзе запрасіў Яна Новака-Езераньскага ў Гародню і паклікаў мяне на сустрэчу з ім. Паехалі мы туды разам са Змітром Бандарэнкам і Алегам Бебеніным і былі проста ўражаны абаяльнасцю гэтага “дзядулі”, як мы яго між сабой называлі. Было яму тады ўжо дзевяноста гадоў, і даводзілася праз кожныя паўтары гадзіны рабіць перапынкі на адпачынак. Аднак гэта не перашкодзіла падчас вячэры па-заліхвацку кульнуць пару чарак брэстскай “бярозаўкі”, якая яму вельмі спадабалася.
Пасля паездкі ў Гародню Ян Новак надрукаваў у “Газеце выборчай” артыкул пад назвай “Абудзіць Беларусь”, у якім ён выказаў думку пра неабходнасць падтрымкі дэмакратычных сілаў Беларусі і падкрэсліў, што такая падтрымка адпавядае дзяржаўным інтарэсам Польшчы. Потым па ягонай просьбе я некалькі разоў наведваў Варшаву. Прыязджаў і адзін, і з калегамі, і мы працягвалі распачатае раней абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі, выказвалі меркаванні пра тое, як можна дамагчыся дэмакратычных пераменаў і што Захад дзеля гэтага мог бы зрабіць. Тыя размовы не былі дыскусіямі пераважна тэарэтычнымі. Зімой 2004 года Ян Новак паехаў у Вашынгтон, дзе правёў сустрэчы ў афіцыйных колах і ўрадавых арганізацыях менавіта па сітуацыі ў Беларусі.
Вярнуўшыся з Вашынгтону, ён запрасіў мяне ў Варшаву. І сказаў пры сустрэчы: “Я сваю частку справы зрабіў, пераканаў у важнасці Беларусі. Цяпер усё залежыць ад вас. Я давяраю вам і веру ў вас. У Беларусі я ўбачыў лідараў, якія маглі б кіраваць краінай і правесці неабходныя рэформы. Вам трэба ехаць у Вашынгтон. Усе неабходныя кантакты і рэкамендацыі я дам”.
Я паехаў вясной 2004 года і пераканаўся адразу, які аўтарытэт і ўплыў мае там Ян Новак-Езераньскі. Сапраўды ён здолеў разварушыць амерыканскі істэблішмент, аднавіць інтарэс да Беларусі, а ягонае імя адчыняла дзверы самых высокіх габінетаў. У арганізацыі тых сустрэч вельмі дапамаглі мне амерыканскія сябры Яна Новака яшчэ часоў “Салідарнасці”. Яны нават выдзелілі мне офіс для працы і неабходных сустрэч.
“Дзядуля” настойліва прасіў адразу паведамляць яму, калі якая-небудзь з дыпламатычных сустрэч апынецца раптам пад пагрозай зрыву. І сапраўды, разы два гэткая сітуацыя ўзнікала, аднак пасля тэлефанавання або факса да Яна Новака ўсё вырашалася найлепшым чынам. Высокія суразмоўцы на такіх сустрэчах звычайна звярталі ўвагу менавіта на ягоную асабістую ролю: “Я не магу не выканаць просьбу Яна”.
Падчас той паездкі пры сустрэчы са Збігневам Бжэзінскім я ўручыў яму не зусім звычайны падарунак. Гэта была ягоная кніга “Вялікая шахматная дошка” ды яшчэ з маім надпісам. Прафесар Бжэзінскій паглядзеў на мяне здзіўлена і нават крыху збянтэжана, але пасля маіх тлумачэнняў, як мне падалося, нават расчуліўся. А сутнасць была ў тым, што гэтую кнігу ў сакавіку 2003 года мы са Змітром Бандарэнкам і Лёнікам Малахавым чыталі ўголас, спрачаліся і абмяркоўвалі, седзячы ў камеры турмы на вуліцы Акрэсціна, куды нас кінулі тады за арганізацыю дэманстрацыі пратэсту.
На вялікі жаль, зімовае падарожжа ў Вашынгтон у дзевяностагадовым узросце для Яна Новака не прайшло бясследна. Ён захварэў на запаленне лёгкіх, якога ўжо не змог адолець. Ян Новак-Езераньскі памёр у Варшаве 20 студзеня 2005 года. Да апошніх дзён свайго жыцця рабіў ён усё, што мог, дзеля вызвалення Беларусі.
Калісьці іншы паляк Браніслаў Герэмек выказаў глыбокую думку на гэты конт: “У палякаў ёсць маральны абавязак перад беларусамі. Патрэбна наша дапамога, каб яны сталі вольнымі”. Ян Новак-Езераньскі застаецца для мяне сапраўдным узорам разумення гэтага абавязку.
Знаёмства з Янам Новакам, ягоная глыбокая вера ў дэмакратычную Беларусь, ягоныя шчырыя сімпатыі да людзей, з якімі ён тут сустракаўся, і сказаныя ім у Вашынгтоне словы пра тое, што ў Беларусі ёсць еўрапейскія лідары, сталі важкім аргументам на карысць майго рашэння балатавацца ў прэзідэнты Беларусі.
Блаславіў мяне на ўдзел у тых выбарах і Міхаіл Апанасавіч Марыніч, бадай самы дасведчаны ў нашай краіне палітык. Ён быў мэрам Мінска, дэпутатам парламента, міністрам, амбасадарам у Чэхіі і Латвіі, а таксама па сумяшчальніцтву – у іншых краінах. Мне даводзілася вырашаць з ім розныя справы ў той час, калі я працаваў у Міністэрстве замежных спраў, а Міхаіл Апанасавіч быў міністрам па знешнеэканамічных сувязях.
У 2001 годзе Марыніч таксама вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты. Лукашэнка, вядомы сваёй злапамятнасцю, гэткага непадпарадкавання дараваць не мог. У 2004 годзе Марыніча арыштавалі і абвінавацілі ў крадзяжы з ягонай жа арганізацыі “Дзелавая Беларусь” офіснай тэхнікі, якая належала амбасадзе ЗША. Амерыканцы адразу абверглі гэтае ідыёцкае абвінавачанне, але Марыніча гэта ўжо не ўратавала. Ён быў асуджаны да пяці гадоў калоніі. На судзе, дарэчы, у якасці сведкі абвінавачвання выступаў беларускі супрацоўнік амерыканскай амбасады. У Беларусі магчыма і гэта.
Калі Міхаіла Апанасавіча арыштавалі, мы распачалі кампанію за прызнанне Марыніча вязнем сумлення і неадкладнае яго вызваленне. Кампанію гэтую мы праводзілі разам з сынамі Марыніча Ігарам і Паўлам і вельмі зблізіліся з імі.
Марыніч адседзеў два гады з пяці прысуджаных, перанёс у турме інсульт і ледзь выжыў. Выратаваў яго, дарэчы, яшчэ адзін палітзняволены, вызвалення якога мы таксама дамагаліся, – Аляксандр Васільеў, або, як усе яго звалі, Сан Саныч. Праз пэўны час пасля свайго вызвалення і ён прыме ўдзел у маёй выбарчай кампаніі.
А тады менавіта Аляксандр Васільеў звярнуў увагу на тое, што Марыніч не з’яўляецца на “прамзоне”. Ніхто не бачыў яго і на тэрыторыі. Сан Саныч падняў крык, здолеў перадаць на волю трывожную інфармацыю, і толькі пасля гэтага адміністрацыя вымушана была аказаць Марынічу дапамогу. Цудам ён застаўся жывы. Пасля таго інсульту яго пакінулі ў бараку паміраць – без лекаў, без медычнай дапамогі. Відавочна, быў на тое адпаведны загад, не адміністрацыяй калоніі аддадзены, а спушчаны з самага верху.
На волю Марыніч выйшаў з падарваным здароўем, але з нязломнай рашучасцю дамагацца пераменаў у Беларусі. З ім лёгка было абмяркоўваць і шукаць магчымасці сумесных дзеянняў. Далучыўся да маёй прэзідэнцкай кампаніі і ягоны сын Павал, надзвычай энергічны, таварыскі, у чымсьці нават авантурны – усё гэта у перадвыбарчых баталіях вельмі спатрэбілася.
Пасля 19 снежня 2010 года Паўлу таксама давялося хавацца, каб пазбегнуць арышту, а потым і ўвогуле з’ехаць ў Літву. Апынуўшыся ў бяспецы, Павал не здолеў адмовіць сабе ў задавальненні патэлефанаваць тым, хто яго так настойліва пераследваў. Да таго ж клапатлівыя гэбісты нумар патрэбнага тэлефона пакінулі ягонай маме – на ўсялякі выпадак. Пераканаўшыся, што па той бок на сувязі насамрэч супрацонік КДБ, Паша выказаў усё, што думае пра яго, ягоных гаспадароў і Лукашэнку асабіста. Вядома ж, у выразах адпаведных. У Вільні Павал Марыніч зрабіў усё магчымае, каб як найхутчэй аднавіць поўнавартасную працу сайта Хартыя’97.
Падтрымка такіх палітычных “цяжкавагавікоў”, як Станіслаў Шушкевіч і Міхаіл Марыніч, адыграла важную ролю ў далейшым фармаванні маёй перадвыбарчай каманды. Касцяк яе, на мой погляд, быў на той час найлепшым у Беларусі. З гэткай камандай можна перамагчы ў любой краіне свету, дзе ёсць выбары.
АЛЕГ
- Ключавой постаццю каманды быў заснавальнік сайта charter97.org Алег Бебенін. Ягоная трагічная гібель у верасні 2010 года, на самым старце кампаніі, гэта, безумоўна, надзвычай жорсткая спроба уладаў спыніць наш удзел у выбарах. Мне было тады вельмі цяжка прыняць рашэнне прадоўжыць кампанію. Усе абстрактныя размовы з сябрамі пра тое, што кожны сам абірае для сябе ступень рызыкі, ператварыліся ў нішто, сутыкнуўшыся з рэальнай смерцю блізкага нам чалавека, да таго ж маладога хлопца. І гэтая страта магла быць не апошняй.
А з іншага боку, спыненне барацьбы ў нашай сітуацыі магло стварыць яшчэ большую небяспеку: подлая ўлада ідзе да канца ў расправе са сваімі праціўнікамі. Мы ўсё абмеркавалі. Падсумавалі ўсе выказванні пра тое, што нам рабіць. І вырашылі кампанію прадоўжыць І ў памяць Алега таксама. Тыя, хто рызыкаваць не хацеў, сышлі.
Такіх знайшлося няшмат.
Алег быў універсалам. Мог зймацца ўсім. І займаўся ўсім з нязменнай эфектыўнасцю. Журналіст, заснавальнік сайта Хартыя’97, ён ужо вызначыўся як менавіта той адмыслоўца, які быў так патрэбны нам у гэты момант. Займаўся транспартам і гукаўзмацняльнай апаратурай, друкаванай прадукцыяй і нашымі далёка не добраахвотнымі пераездамі з офіса ў офіс.
Такі чалавек не мог па сваёй волі пайсці з жыцця. Алег вельмі любіў свайго малодшага сына Сцяпана. І тут мы з ім зблізіліся яшчэ больш. Алег маладзей за мяне гадоў на дваццаць з нечым, а ягоны Сцяпан старэшы за майго малодшага сына Даніка на адзін год.
І для Алега, так мне падавалася, найвялікшым задавальненнем было размаўляць са мной аб нашых малых сынах, тым болей, што ён тут нават крыху прыўзняўся нада мной, як бацька больш дасведчаны. Пра нашых дзяцей мы гаварылі з ім бадай кожны дзень, пачынаючы ад ранку.
Да гэтага часу я карыстаюся акаунтамі ў сацыяльных сетках, якія вёў калісьці ён разам з Хведарам Паўлючэнкам. Шчыра кажучы, да сённяшняга дня не магу звыкнуцца з думкай, што яго ўжо няма. Так, бачыў яго нежывым у той халодны восеньскі вечар 3 верасня 2010 года, а потым з усімі разам праводзіў у апошні шлях.
Пра тое, што Алег знойдзены на лецішчы павешаным, мне паведаміў ягоны брат Саша. З самага ранку 3 верасня ў офіс патэлефанавала Каця, жонка Алега, паведаміла, што ён не начаваў дома, і што яна вельмі хвалюецца, ці не здарылася з ім чагосьці. На працы Алег таксама не з’явіўся. Я быў яшчэ дома. Напярэдадні мы з Алегам дамовіліся, што сустрэнемся ў другой палове дня.
Пачаліся званкі па ўсіх магчымых тэлефонах. У той апошні вечар Алег з сябрамі збіраўся на прэм’еру амерыканскага фільма. Ён быў кінаманам і ніводнай прэм’еры прапусціць не мог. Пазней па ягоных тэлефонных званках і эсэмэсках будзе вызначана дакладна, што ён абяцаў сябрам абавязкова быць у кінатэатры.
Тым часам зноў патэлефанавала Каця і паведаміла, што не знайшла ключы ад лецішча. Яна папрасіла нават сваіх сябровак паехаць і паглядзець, ці не там Алег. Паехаў туды і ягоны брат Саша. Потым ён патэлефанаваў адтуль і паведаміў жахлівую навіну. Зміцер Бандарэнка, Саша Атрошчанкаў, Хведар Паўлючэнка і я паехалі на тое лецішча.
Прыехаўшы, яшчэ чакалі міліцыю. Было ў той дзень вельмі халодна. Чаканне доўжылася некалькі гадзін. І тут ужо не маглі не з’явіцца першыя пытанні. Раённы аддзел знаходзіцца не так ужо і далёка. Чаму міліцыя не прыехала адразу, як толькі атрымала паведамленне, што знойдзена цела нежывога чалавека? Адно з верагодных тлумачэнняў – узгаднялі свае дзеянні з начальствам.
Разам з міліцыяй мы агледзелі месца трагедыі. Недарэчнасцяў было шмат. Здзіўляла найперш нейкая ненатуральная чысціня ва ўсіх пакоях. Толькі ў каміне было трошкі попелу. Магчыма, ад аднаго палена або ад нейкіх спаленых папер. Зусім недастаткова, каб прагрэць прасторны дом. Ніякіх слядоў нядаўняга знаходжання ў доме чалавека, акрамя цела Алега, якое вісела ў праёме дзвярэй. Яно нават не вісела, а амаль стаяла на каленях. Шчыкалатка правай нагі была ненатуральна вывернута, нібы зламаная. У пакоі каля сцяны з дэманстатыўнай стараннасцю былі выстаўлены дзве бутэлькі з-пад “Беларускага бальзаму” – барматухі, якую не п’юць нават алкашы.
Міліцыя - два чалавекі - была прыкметна напружаная. Калі мы спрабавалі звярнуць іх увагу на нейкія надзвычай важныя, на наш погляд, дэталі, яны нязменна імкнуліся пераканаць нас у адваротным. На касцяшках пальцаў левай рукі Алега была садраная скура, што магло сведчыць аб ягоным супраціве.
А ўвогуле, Алег выглядаў так, нібы смерць напаткала яго нядаўна – ніякага здранцвення, уласцівага нябожчыкам. Не было таксама і ніякіх іншых прыкмет таго, што з моманту смерці прайшло ўжо шмат часу. Аднак пасля анатаміравання паведамілі афіцыйна, што ўсё адбылося 2 верасня – за дзень да таго моманту, калі знайшлі цела.
Было шмат дэталяў, якія не ўкладваліся ў версію аб самагубстве. Аднак толькі гэтая версія і разглядалася падчас следства. Пачалі выклікаць на допыт сяброў Алега. Тут выявілася, што следства спрабуе навязаць версію, паводле якой Алег здзейсніў самагубства з-за нейкіх нібыта цёмных грашовых спраў.
І ў інтэрнэт пачалі паспешліва “зліваць” інфармацыю пра тое, што ён нібыта прысабечыў буйную суму грошаў.
Потым падкідвалі нават інфармацыю пра тое, што гэта я з ім расправіўся. Адзін са следчых настойліва распытваў мяне пра апошнюю сустрэчу з Алегам, якая адбылася за дзень да ягонага знікнення. Ён нават паказаў мне лісты з падрабязнай раздрукоўкай майго месцазнаходжання ў той дзень. Такім чынам я пераканаўся, што вызначыць каардынаты чалавека з мабільным тэлефонам прасцей простага. Па гэтак званых сотах усё можна вылічыць з дакладнасцю да некалькіх метраў.
Асабліва цікавіла следчага пытанне, чаму мы то знаходзіліся ў памяшканні, то выходзілі на вуліцу. Давялося яму патлумачыць, што выходзілі мы, каб пазбегнуць праслушкі з боку іх калег са спецслужбаў і дзеля гэтага нават вымалі з тэлефонаў акумулятары.
Не заставалася сумневу, што ўлады будуць і далей выкарыстоўваць гібель Алега для ўзмацнення ціску на нас. І мы пачалі патрабаваць незалежнага міжнароднага расследвання. Гэтага ж патрабавалі і журналісты. Пра тое, што смерць Алега – не самагубства, нечакана пачаў гаварыць і Лукашэнка.
Вось што пісалі пра гэта ў той час сродкі масавай інфармацыі.
Да сённяшняга дня беларуская пракуратура заяўляла, што гэта самагубства, а 4 лістапада ў інтэрв’ю польскім журналістам заявіў, пра сваю ўпэўненасць у тым, што справа аб смерці беларускага журналіста Алега Бебеніна мае крымінальны характар.
“Я лічу, што тое, што гэта злачынства крымінальнае, высветліцца, і хтосьці там будзе вельмі кепска выглядаць, тыя, хто сёння кідае камень ва ўладу. Як кажуць, на злодзеі і шапка гарыць. Я вінаваты ў тым, што гэта адбылося ў маёй краіне”,- цытуе Лукашэнку БелаПАН.
Па словах Лукашэнкі, любое здарэнне ў Беларусі звязваюць з палітыкай. “Як з гэтым Бебеніным. Паслухайце, я яго ўвогуле не ведаў, нейкі там апазіцыйны журналіст, - заявіў Лукашэнка. – Аказваецца, што на “Хартыі” ў інтэрнэце ён там нешта пісаў”.
Лукашэнка закрануў таксама тэму знікнення ў Беларусі вядомых людзей. “Што тычыцца.зніклых у нашай краіне, то я сам гэтым зацікаўлены. Я задумваюся, чаму выкралі менавіта гэтых людзей. Напрыклад, Дзмітры Завадскі працаваў маім аператарам, добры хлопец. Які ж ён палітык, які ён мне супернік? Што вось я, як мяне абвінавачвалі: а гэта Лукашэнка або ведае, або даваў каманду. А гэты хлопец у чым вінаваты? Альбо Гена Карпенка, які памёр у лякарні, якое дачыненне да гэтага мае Лукашэнка? Хочаце праверыць – калі ласка, прыязджайце, правярайце”.
Было зразумела, што супраць нас паспрабуюць сфабрыкаваць судовую справу, таму што наша прэзідэнцкая кампанія набірала моц і ўжо стала прыкметнай па ўсёй краіне. Улады вырашылі запрасіць экспертаў АБСЕ, нібыта адгукаючыся на патрабаванні грамадскасці. Нас, вядома, насцярожыла тое, што дыктатар раптам ўсумніўся ў версіі самагубства. А тут яшчэ з неверагоднай хуткасцю вырашылася пытанне з міжнароднай экспертызай.
Усе ж добра памяталі, як пад эгідай АБСЕ быў запрошаны нямецкі “эксперт” д-р Марцін Фінке для ацэнкі “справы аб тэрарызме” супраць Міколы Аўтуховіча. Гэты прадпрымальнік рашуча адстойваў свае правы і выкрываў факты карупцыі, за што быў кінуты ўладамі ў турму. Д-р Фінке, пакорпаўшыся ў паперах і не надта цікавячыся сутнасцю казуса, прыйшоў да высновы, што справа ўзбуджана правамерна. Аднак гэтая “правамерная” справа ў хуткім часе рассыпалася.
Я спрабаваў арганізаваць запрашэнне ў якасці эксперта фінскай адмыслоўцы Хелены Ранта, маёй даўняй знаёмай, жанчыны надзвычай адважнай, да таго ж праваабаронцы. Хелена Ранта добра вядомая тым, што яна ўзначальвала групы экспертаў, якія працавалі ў былой Югаславіі. Там эксперты мелі мужнасць пацвердзіць факты генацыду.
Я пісаў і тэлефанаваў ёй. Здолеў дазваніцца. Аднак сувязь была проста жахлівай, і я зразумеў толькі, што яна знаходзіцца ў Непале і хутка вярнуцца адтуль не зможа. Потым мне стала вядома, што ў Непале яна шукала месцы пахавання пяці студэнтаў, арыштаваных, а ў 2003 годзе бясследна зніклых.
Хелене ўдалося знайсці ўсе пяць патаемных пахаванняў. Аднак дапамагчы нам у той час яна не магла.
Мяркую, што як і ў выпадку з Аўтуховічам, у справе з Алегам не абышлося без пасярэдніцтва кагосьці з дыпламатаў і дамоўленасці з уладамі, што “эксперты” забяспечаць адпаведныя вынікі.
Так і адбылося. Памятаючы пра скандальны інцыдэнт з нямецкім экспертам, двое скандынаўскіх адмыслоўцаў прыехалі інкогніта і сваіх імёнаў так і не раскрылі. Яны вывучылі паперы, якія ім прапанавалі, пагаварылі з роднымі Алега і ягонымі сябрамі, і пацвердзілі версію самагубства. Сустрэцца з імі я не змог, хоць гэта і было запланавана. Пры незразумелых і дзіўных акалічнасцях у той дзень быў адкладзены рэйс самалёта з Прагі, на якім я вяртаўся ў Мінск. Надвор’е было добрае. Ні пра якія тэхнічныя праблемы ніхто нам не паведамляў. Аднак прыляцеў я ў Мінск у той час, калі ўжо эксперты пакінулі Беларусь.
Зміцер Бандарэнка з тымі экспертамі сустракаўся і меў магчымасць ацаніць іх “дзейнасць” у гэтай ролі:
На падставе той інфармацыі, з якой я азнаёміўся з заключэння экспертаў АБСЕ, магу адзначыць два моманты. Эксперты пацвердзілі, што ўласнага расследвання яны не праводзілі, і праводзіць яго не маглі, а ўсяго толькі азнаёміліся з паперамі, якія ім прадаставілі лукашэнкаўскія пракуратура і міліцыя. І адзіная выснова, якую ўдалося ім зрабіць, наступная: смерць Алега Бебеніна адбылася ў выніку ўдушэння. Мы, калегі і сябры Алега, з самага пачатку гаварылі пра тое, што ён не павесіўся, а быў павешаны, і пра тое, што ўлады яшчэ да правядзення судмедэкспертызы абвесцілі ў сродках масавай інфармацыі, нібыта Алег Бебенін скончыў жыццё самагубствам. Іншыя версіі беларускай міліцыяй і пракуратурай не разглядаліся і не даследваліся.
Узнікае ўражанне, што замежныя эксперты сталі ахвярай у палітычных гульнях беларускага рэжыму і тых заходніх палітыкаў, якія спрабуюць уратаваць апошнюю дыктатуру Еўропы. На падставе фактаў, пацверджаных экспертамі, якія прыязджалі на тры дні, пераканаўча гаварыць пра самагубства немагчыма. Слова “эксперт” у спалучэнні з абрэвіятурай АБСЕ хутка стане тут хадзячай назвай, бо наезджыя людзі не бяруць пад увагу тое, што Беларусь застаецца таталітарнай дзяржавай. А таму рабіць высновы толькі на падставе папер, якія прадаставілі сілавыя структуры рэжыму, немагчыма.
Папярэдні эксперт, які прыязджаў ў Беларусь з Германіі і рабіў заключэнне па справе палітзняволенага Міколы Аўтуховіча, таксама трапіў у няёмкае становішча, калі на падставе дакументаў следства пацвердзіў версію, што прадпрымальнік з’яўляецца тэрарыстам. Аднак усім вядома, што справа Аўтуховіча развалілася нават у лукашэнкаўскім судзе. Пасля змены ўлады ў Беларусі будзе праведзена сапраўднае расследванне смерці журналіста Алега Бебеніна, гэтак жа, як і па іншых гучных справах.
У “Амерыканцы”, турме КДБ, куды мы трапілі пасля выбараў, гісторыя з расследваннем гібелі Алега атрымала нечаканы працяг. Змітру Бандарэнку, Наталлі Радзінай, маёй жонцы і мне гэбэшнікі фактычна пацвердзілі, што Алега забілі. Пра гэта нам гаварылі і начальнік СІЗА КДБ палкоўнік Арлоў, і начальнік следчага, а затым “контррэвалюцыйнага” ўпраўлення КДБ, які за свае “заслугі” ў 2012 годзе быў прызначаны міністрам унутраных спраў, Шуневіч. Праўда, яны спрабавалі пераканаць нас, што ўсё было зроблена рукамі нейкіх “прыхадняў”, а КДБ маўляў да гэтага не мае дачынення.
Алега ўжо з намі не было. А мы ў запале прэзідэнцкай кампаніі больш думалі пра тое, як запоўніць тую пустату, усе тыя відавочныя дзіры, якія ўзніклі пасля ягонай гібелі. Сёння ж успамінаецца ўсё часцей, якім ён быў. Разумееш, як яго нам нестае. Успамінаеш, што Алег гатовы быў шмат чым ахвяраваць дзеля агульнай справы.
Аднойчы з мэтаю стварэння хоць бы часовага саюза перад чарговай акцыяй, якую мы рыхтавалі, ён падарыў аднаму незгаворліваму палітыку цэлы альбом з даволі каштоўнымі маркамі, якія ён калісьці з вялікай любоўю збіраў. Палітык шчодрасць падарунка ацаніў і да кааліцыі далучыўся. Гэта не пра меркантыльнасць палітыка размова, а пра высакароднасць Алега.
Яму была ўласціва цудоўная рыса – цікавіцца ўсім тым, што надзвычай важна і цікава для ягоных сяброў. І праз пэўны час інтарэсы гэтыя рабіліся ўжо ягонымі ўласнымі. Я парадаваўся шчыра, калі і ў ягоную сістэму каштоўнасцяў увайшла музыка і фільмы, якія паўплывалі на мяне, хаця мы былі з розных пакаленняў.
Няма Алега. Напэўна ж, ён таксама адсядзеў бы разам з намі і ў “Амерыканцы”, і ў калоніі, а потым стаў бы зноў такім неабходным для ўсіх згусткам энергіі і вытокам аптымізму. А найперш – даўнім добрым сябрам.
ПРАЦЯГ, ЧАСТКА «ДАМСКІ «СТАЛІН»
ПРАЦЯГ, ЧАСТКА «ІСТЭРЫЧНЫ ВЕРТУХАЙ»
ПРАЦЯГ, ЧАСТКА «ВЫБУХ У МЕТРО»
ПРАЦЯГ, ЧАСТКА «Я ЗАСТАЮСЯ КАНДЫДАТАМ У ПРЭЗІДЭНТЫ»
ПРАЦЯГ, ЧАСТКА «НЕЛЬГА «ОБУМНЯТЬ» ДЫКТАТАРАЎ»
ПРАЦЯГ, ЧАСТКА «НЕЛЬГА «ТОЛЬКІ ЗМЕНА ЎЛАДЫ МОЖА ВЫВЕСЦІ БЕЛАРУСЬ З КРЫЗІСУ»