2 траўня 2024, Чацвер, 5:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрыемствы Беларусі гандлююць з тэрарыстамі ДНР і ЛНР

18

Прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў без праблем можна знайсці ў крамах акупаванага Данбаса.

«Еўрарадыё» расказала, як тавары з нашай краіны трапляюць на ўсход Украіны.

У рэпартажы расейскага журналіста з занятага сепаратыстамі Луганска гучыць фраза: «У крамах шмат беларускіх прадуктаў. Расейскіх, вядома, больш, але і беларускіх тавараў стае».

«Шмат беларускага піва, - пацвярджае жыхар Данецка. - У рознай тары: і шкляныя бутэлькі па 0,5 літра, і пластыкавыя палтаралітровікі. З беларускімі акцызамі, як мае быць. Вось, сам бачыў «Белавежскае». 1,5 літра просяць 55 грыўняў».

А яшчэ ў крамах шмат беларускай малочнай прадукцыі, алею і згушчонага малака. У якасці доваду нават дасылаюць здымак апошняга. І фота беларускага піва і чэкі з данецкай крамы.

Як жа так? Афіцыйны Менск нібыта ніякіх ДНР/ЛНР не прызнае, уважае гэтыя тэрыторыі, з якімі ніякага легальнага гандлю праз Украіну няма, украінскімі. Якім чынам туды трапляюць беларускія прадукты? Можа, праз некантраляваную расейска-ўкраінскую мяжу, як кантрабанда? Журналіст патэлефанаваў на Берасцейскі піўзавод, вытворцу піва «Белавежскае», з пытаннем, як бізнэсовец з Данецка мог бы набыць партыю іх тавару?

«Рэч у тым, што ў нас ужо ёсць прадстаўнік у Данецку. Размаўляць трэба з ім - ён усё раскажа, якім чынам і што... Гэта нашы прадстаўнікі, і на гэты момант мы працуем з імі», - шакуе мяне супрацоўніца піўзавода.

Нават не нейкая асобная фура, якая бясстрашна прарвалася праз блок-пасты ўкраінскага войска, а цэлы прадстаўнік. Гісторыя набывае нечаканы паварот.

На Рагачоўскім малочна-кансервававым камбінаце журналіст таксама распавёў гісторыю пра «знаёмага бізнэсоўцу з Данецка, які хоча набыць прадукцыю, але не ведае як».

- Гледзячы, колькі ён хоча, разумееце? Таму што везці менш за грузавік сэнсу няма. Калі гэта для яго вялікі аб'ём, то трэба звяртацца да тых, хто возіць вялікімі аб'ёмамі - хоць бы аўтамабілямі, - зусім не здзіўляюцца прапанове на камбінаце.

- Думаю, што грузавік для яго - нармальны такі аб'ём.

- А чаго ён баіцца сам патэлефанаваць? Калі што, то інтэрнэт жа ў іх там ёсць? Хай скіне свае прапановы на наш адрас. Але ведаеце, ёсць адзін момант: трэба, каб ягоная фірма была зарэгістраваная менавіта ва Украіне, а не ў Данецку і не ў якіх-небудзь там ЛНРах або ДНРах - толькі ва Украіне. Няхай нам напіша, а мы яму потым самі патэлефануем.

- А калі ёсць праблемы з рэгістрацыяй ці аб'ёмамі, то да каго можна там на месцы звярнуцца?

- Кампанія ёсць, якая перыядычна бярэ ў нас тавар. Вось, да прыкладу, «Луганскпрадлагсітыка».

- Я так разумею, што рэгістрацыя фірмы на тэрыторыі Украіны патрэбная для таго, каб спакойна завозіць тавар праз беларуска-ўкраінскую мяжу?

- Навошта?! Расейска-ўкраінскую? Мы СТ-1 не робім для іх, і тады трохі прасцей з дакументамі, прасцей з афармленнямі...

- Вы маеце на ўвазе тую расейска-ўкраінскую мяжу, якая не кантралюецца украінскімі ўладамі?

- Так!

І сапраўды, чаму б не зарабіць на вайне? Тым больш, што і пад уладай сепаратыстаў жывуць людзі, якія хочуць есці. Тэлефаную «прадстаўніку берасцейскага піўзавода ў Данецку» Мікалаю з прапановай рэалізацыі з яго дапамогай усялякіх беларускіх прадуктаў.

- Ну, не ведаю... У прынцыпе, у нас ужо ёсць дамоўленасці з заводамі малочнымі наконт малака, сыру... Прапаноўвайце, можа, вы нам нешта больш цікавае, - павольна адказвае суразмоўца.

- Магчыма, вас зацікавіць наша вэнджаная кілбаса, крупы якія або тушонка?..

- Тушонку... Гэты варыянт мы яшчэ не разглядалі. Прапануйце, можа і пойдзе. Кілбасы... Я разумею, што якасць у беларускіх кілбас добрая, але задорага для нас, напэўна, будзе. Але прапануйце - можа, недзе і знойдзем зацікаўленых.

- Думаю, трэба адразу і лагістыку паставак прадумаць: праз Украіну лепш або праз Расею ўсё рабіць?

- Не, мы ўсё адно цягаем праз Расею - праз Украіну мы не завозім нічога. «Успенка» у нас пераход...

Безумоўна, забароны на пастаўку прадукцыі беларускіх вытворцаў у Данецк або Луганск няма - ні з боку Кіева, ні з боку Менска. І «суб'екты гаспадарання» маюць права ўкладаць кантракты на пастаўку з кім хочуць. Калі ў сферу бізнэсу не ўмяшаецца вялікая палітыка. А яна пакуль маўчыць. Не ведае?

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках