20 красавiка 2024, Субота, 16:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Гуркоў: Родная мова - неабходная самаідэнтыфікацыя для любой нацыі

8
Віталь Гуркоў: Родная мова - неабходная самаідэнтыфікацыя для любой нацыі
ВІТАЛЬ ГУРКОЎ
ФОТА: CHARTER.ORG

Заслужаны майстар спорту Беларусі Віталь Гуркоў распавёў аб сваёй кар'еры, музыцы, Міхалку і ролі роднай мовы.

Шматразовы чэмпіён свету ў тайскім боксе і ўдзельнік групы Brutto Віталь Гуркоў па мянушцы «Гурыч» гоіць свае старыя болькі паводле індывідуальнай праграмы ў модным сталічным фітнес-клубе Moby Dick, паведамляе «Белгазета».

«Тут я часта бываю, падтрымліваю сваю фізічную форму», - адзначыў Віталь Гуркоў.

У спартыўнай кар'еры Віталя цяпер вымушаная паўза: «Мне патрабуецца яшчэ недзе месяц на аднаўленне, трэба пазбавіцца ад старых траўмаў, вярнуць сабе аптымальныя фізічныя кандыцыі, пасля чаго буду гатовы да новых бітваў».

Аб кар'еры і амбіцыях

Адзін з лепшых тайбаксёраў Беларусі ў мінулым годзе да дзясятку сваіх чэмпіёнскіх тытулаў на аматарскім узроўні дадаў першую сур'ёзную перамогу на прафесійным рынгу паводле версіі WBC: «Цяпер я рыхтуюся да пераходу ў больш цяжкую вагавую катэгорыю. Садзіцца на дыету і зганяць пастаянна па 10 кілаграмаў перад боем ужо цяжкавата, таму я добраахвотна адмовіўся ад абароны свайго тытула, вырашыў, што трэба паберагчы свае звязкі, суставы, сухажыллі, і змяніць вагавую катэгорыю. Прынамсі, я і цяпер магу скончыць са спортам, каб сысці непераможаным. Але ў мяне яшчэ ёсць спартовыя амбіцыі і пару гадоў для таго, каб паставіць тлустую кропку ў сваёй кар'еры».

Пра тое, што наогул адбываецца ў нас цяпер з відам спорту, у якім не так даўно было складаней стаць чэмпіёнам Беларусі, чым чэмпіёнам свету, Віталь кажа з некаторым шкадаваннем: «Такая вялікая колькасць чэмпіёнаў у адным відзе спорту, засяроджаных у адной краіне і ў адным горадзе, - гэта сапраўды феномен, які хутка скончыцца. Тайскі бокс развіваецца ва ўсім свеце імкліва, а мы ўсё яшчэ жывем і перамагаем за кошт старых кадраў сярод трэнераў і сярод спартоўцаў, за кошт старых методык і сістэм падрыхтоўкі. Перспектыўная моладзь у нас ёсць і цяпер, але ўвесь кіроўны апарат не вельмі спрыяе надалейшаму развіццю, і думаю, што гады праз тры наш від спорту ў Беларусі можа чакаць сур'ёзны спад».

Аб музыцы і Міхалку

Вядомы спартовец з мінулага года з'яўляецца яшчэ і ўдзельнікам панк-групы Brutto, саліруе ў якой былы лідар «Ляпісаў» Сяргей Міхалок: «Калі б калісьці да мяне, дзесяцігадовага, прыйшоў хтосьці і сказаў:« Віталя, бачыш вось гэтага барадатага і поўнага дзядзьку ў кліпе? Праз столькі-та гадоў ты будзеш з ім корэш, а потым ён стане зусім іншым - напампаваным і брутальным, і ты будзеш з ім іграць у адной групе», то я б, натуральна, мог у гэта паверыць толькі ў тым выпадку, калі б гэта сказаў мне які-небудзь сапраўдны Майстар Ёда - паўтараметровая зялёная істота з трыма пальцамі і адтапыранымі вушамі. Але рэчы, якія не ўкладваюцца ў галаве, усё ж такі адбываюцца. І з Сяргеем Міхалком я знаёмы ўжо восьмы год. Магу сказаць, што ён сёння мой жалезабетонны старэйшы надзейны таварыш. Ягоная творчасць падабалася мне заўсёды, а ў апошнія гады тыя змены, якія з ім здарыліся, адбываліся на маіх вачах. Мне вельмі падабаецца, што ён, нягледзячы на свае шырокія і фундаментальныя веды, заўсёды гатовы вучыцца і пераймаць некаторыя рэчы ў больш маладога пакалення. Цяпер акурат заканчваем працу над новым альбомам. Першы наш альбом быў свайго роду букваром, з якога трэба пачынаць чытанне, а новы альбом - гэта ўжо будзе кніжка больш сур'ёзная».

Аб культуры і традыцыях

Заслужаны майстар спорту Беларусі Віталь Гуркоў - першы спартовец у нашай краіне, які стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека. Ён перамог у намінацыі «За смеласць у творчасці» і вылучыўся на агульным фоне сваіх калегаў-спартоўцаў выдатнымі выказваньнямі пра беларускую гісторыю, нацыянальную сімволіку і ролі роднай мовы: «Я не ведаю, чаму гэта да гэтага часу можа кагосьці здзіўляць, таму што сёння вельмі многія людзі, у тым ліку спартоўцы, адчуваюць глыбокую павагу да сваёй гісторыі, культуры і мовы. Гэта неабходная самаідэнтыфікацыя для любой нацыі - разумець гістарычную глыбіню зямлі, на якой жывеш, ведаць культуру, любіць родную мову».

Менавіта ў нацыянальных традыцыях і павазе да продкаў Гуркоў чэрпае свае сілы і натхненне: «Тайскі бокс - гэта від спорту, максімальна набліжаны да сапраўднага бою з элементамі ўсходніх адзінаборстваў. І ў нас байцоўскі характар - гэта перш за ўсё дух продкаў, шанаванне воінаў сваёй зямлі, даніну павагі нацыянальнай культуры. Займаючыся воінскім мастацтвам, мы чэрпаем энэргію роднай зямлі з мінулага, з гісторыі значных перамог нашых продкаў. Вазьміце нават нашы словы «змагайся» або «наперад». Я адчуваю ў іх нашмат больш духоўнасці і энэргіі, чым у словах сражайся» або «вперед». Пры ўсіх іншых роўных умовах, калі ў спартоўцаў аднолькавая падрыхтоўка, аднолькавая тэхнічная аснашчанасць, аднолькавыя характарыстыкі, на першы план выходзіць менавіта ўнутраная энэргетыка, звязаная з гісторыяй, традыцыямі, культурай, мовай. Шмат у чым менавіта гэта тлумачыць поспехі беларускіх байцоў у тайскім боксе».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках