20 траўня 2024, панядзелак, 3:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскі лінгвіст: Многія палякі Віленшчыны размаўляюць па-беларуску

5
Польскі лінгвіст: Многія палякі Віленшчыны размаўляюць па-беларуску

На Віленшчыне пражывае шмат людзей, якія ўважаюць сябе за палякаў, але размаўляюць пры гэтым «па-простаму».

Пра гэта заявіў у інтэрв'ю Zw.lt польскі лінгвіст, супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук Міраслаў Янковяк, піша «Крынiца».

«Я беларусіст і ведаю беларускую дыялекталогію, і «простая мова» для мяне з'яўляецца сінонімам беларускай мовы», - адзначыў ён, падкрэсліўшы, што польская мова для гэтых людзей з'яўляецца мовай «культурнай, высокай і мовай інтэлігенцыі».

Вучоны паведаміў таксама аб рознасці беларускіх гаворак у Літве. Так, у Рымшы (Ігналінскі раён) моцны ўплыў паўночных беларускіх гаворак і шмат рускіх слоў, тады як у астатніх раёнах Літвы пераважаюць цэнтральныя беларускія гаворкі.

Міраслаў Янковяк адзначыў таксама, што ў розных мясцовасцях Віленшчыны людзі размаўляюць па-рознаму. У Пабрадзе, Неменчыне і Швянчонісе дамінуе польская мова, а найбольш беларускімі з'яўляюцца Дзевянішкіес і іншыя памежныя з Беларуссю раёны. «Асобы, якія перад вайной хадзілі ў польскую школу, больш адчуваюць сябе палякамі і ў іх простай мове будзе больш паланізмаў», - сказаў ён.

«Што цікава, аўтар першай граматыкі беларускай мовы Браніслаў Тарашкевіч паходзіў з-пад Лаварышкес, і можна казаць, што яго гаворка, або яго «простая мова», стала ў вялікай ступені падставай для кадыфікацыі беларускай літаратурнай мовы. Памятаю, як першы раз прыехаў на Віленшчыну ў 2009 годзе і папрасіў, каб людзі гаварылі са мною часткова па-польску, а часткова «па-просту», так здзівіўся, навошта гэтыя людзі размаўляюць са мной беларускай літаратурнай мовай», - дадаў лінгвіст.

Міраслаў Янковяк адзначыў, што 90% яго суразмоўцаў называлі сябе палякамі, віленскімі палякамі або «пілсудскімі палякамі». Пры гэтым ён дадаў, што з апавяданняў мясцовых жыхароў вынікае, што «па-простаму» людзі тут размаўлялі мінімум з другой паловы XIX стагоддзя.

«Цяжка сказаць, гэта беларусы, якія паланізаваліся, ці палякі, якія трапілі пад беларусізацыю, або літоўцы, якія спачатку беларусізаваліся, а потым паланізаваліся. Гэта пытанне для гісторыкаў. Трэба было б таксама даследаваць гісторыю кожнай сям'і, кожнага чалавека. Моўная гісторыя, або памяць маіх суразмоўцаў, дасягае канца XIX стагоддзя. Як лінгвіст я большага не магу дасягнуць», - заявіў супрацоўнік Польскай акадэміі навук.

Само ж існаванне беларускай мовы ў Літве навуковец назваў феноменам, так як, паводле розных моўных тэорыяў, беларускія гаворкі павінны былі знікнуць за дзесяткі гадоў паланізацыі, дзвесце гадоў русіфікацыі, а пазней і літуанізацыі. «Але ў нас XXI стагоддзе, стагоддзе глабалізацыі, бярэм дыктафон, ідзем у вёску і бачым усюды чыстую беларускую гаворку з добра захаванай структурай. Мяркую, што ў значнай ступені гэта вынікае з таго, што мова гэта, добра разумеецца іншымі народнасцямі, з'яўляецца вельмі добрым сродкам камунікацыі», - падкрэсліў лінгвіст.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках