20 траўня 2024, панядзелак, 2:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы міністр юстыцыі прадае катэдж у Драздах за $1,4 мільёна

90

Калі жыць на сярэдні заробак і плаціць падаткі, на катэдж экс-міністра юстыцыі Віктара Галаванава давядзецца адкладаць ашчаджанні 330 гадоў.

Колькі каштуе элітнае жыллё беларускіх чыноўнікаў у Драздах? Рыэлтары не даюць аргументаванага адказу на гэтае пытанне, раячы лічыць ад 1 мільёна даляраў, піша «Наша Ніва».

Міністраў у Беларусі можна ўважаць за мільянераў, аднак за апошнія гады ніхто з сотні чыноўнікаў, якім выдалі зямлю ў Драздах і Вяснянцы, не абмяняў свой «бонус» на жывыя грошы.

Віктар Галаванаў
ФОТА: TOXABY.LIVEJOURNAL.COM

Былая старшыня Нацбанка Надзея Ермакова спрабавала здаць адзін з сваіх асабнякоў у арэнду за 6 тысяч даляраў, але, хутчэй за ўсё, марна.

І вось з'явіўся першы ахвотны атрымаць поўны кошт катэджа. На сайтах агенцтваў нерухомасці з'явілася аб'ява аб продажы дома на Ціхім завулку за 1,4 мільёна даляраў. І гэта за адзін з самых маленькіх, простых катэджаў у Драздах!

Гаспадар дома - выкладчык міжнароднага права Беларускага інстытута правазнаўства (БІП) Сяргей Галаванаў. Элітная нерухомасць дасталася яму ў падарунак ад бацькі, былога міністра юстыцыі Віктара Галаванава. Цяпер адстаўны чыноўнік працуе рэктарам у тым самым БИПе.

Зрэшты, перапісваць элітную нерухомасць на сваякоў - нярэдкая практыка для чыноўнікаў пасля сыходу з пасады.

Здымкі, далучаныя да аб'явы, дазваляюць убачыць, як выглядае катэдж міністра ўнутры.

Госці Галаванава трапляюць у прасторны хол (30 м2). Адтуль разыходзяцца дзверы ў гасціную (39 м2), жылы пакой (22 м2) і гараж (32 м2). Таксама ўнізе знаходзяцца кухня (20 м2), гардэробная (8 м2), санвузел і топачныя. Праз шкляныя дзверы можна выйсці ў двор з двух бакоў дома.

Калі падняцца па драўлянай лесвіцы на мансардны паверх, апынешся ў чарговым холе (40 м2). Вакол яго тры жылыя пакоі (блізу 20 м2 кожная), яшчэ адна гардэробная і яшчэ два санвузлы.

Інтэр'еры выглядаюць простымі. На сценах развешаны карціны і нейкія граматы. Над працоўным сталом - дартс.

Выгляд з балкона таксама не ўражвае, суседнія катэджы стаяць ушчыльную. Затое можна вітацца са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, якая жыве насупраць.

Агульная плошча дома складае 267 м2, гэта не шмат у параўнанні з суседзямі. Калі пералічыць запытаны Галаванавым кошт на квадратныя метры, атрымліваецца 5235 даляраў за квадрат.

У камплекце ідзе яшчэ і ўчастак (менш за 10 сотак), але фармальна ён не знаходзіцца ва ўласнасці Галаванава. Сям'я былога міністра валодае ім паводле права пажыццёвага спадчыннага валодання.

Калі жыць на сярэдні заробак і плаціць падаткі, на катэдж былога міністра прыйдзецца адкладаць зберажэнні 330 гадоў.

За якія заслугі Галаванаў атрымаў элітнае жыллё? Ён узначальваў міністэрства ў 2001-2011 гадах. За гэты час у краіне не зарэгістравалі ніводну новую палітычную партыю, ліквідавалі сотні грамадскіх арганізацый. Была ўведзеная крымінальная адказнасць за «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі». Адвакаты, якія баранілі ўдзельнікаў Плошчы-2010, атрымалі воўчыя квіткі і былі выкінутыя з прафесіі.

За гэты Галаванаў трапіў у чорны спіс Еўразвяза. «Гэта, вядома, непрыемна для нашай краіны і людзей, супраць якіх уведзеныя санкцыі», - заявіў ён і сказаў, што пастанова Еўразвяза - «неправавая».

Прадаўшы дом у Драздах, Галаванаў «на вуліцы» не застанецца. Яшчэ з 1990-х у яго была прасторная трохпакаёвая кватэра ў «чырвоным доме» на вуліцы Максіма Танка. Яе цяперашні кошт - блізу 110 тысяч даляраў.

Віктар Галаванаў нарадзіўся ў 1952 у Барысаве. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ (1979), Інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання КПБ (1991). Кандыдат юрыдычных навук.

У 1980-1987 быў на партыйнай працы, у 1987-1988 - кіраўнік аддзела юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама. У 1988-1992 - інструктар дзяржаўна-прававога аддзела ЦК КПБ, начальнік аддзела, намеснік начальніка ўпраўлення Міністэрства юстыцыі Беларусі. У 1992-1995 - намеснік старшыні Дзяржаўнай патэнтнай установы. У 1995-1996 - сябра Менскай гарадской калегіі адвакатаў.

У 1996-2000 - намеснік, першы намеснік міністра юстыцыі. У 2000-2001 - начальнік Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення адміністрацыі Лукашэнкі. У 2001-2011 - міністр юстыцыі.

Цяпер - рэктар Беларускага інстытута правазнаўства.

Жанаты. Мае дваіх дзяцей.

Напісаць каментар 90

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках