29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Яскевіч: Прадпрымальнікі сцішыліся ў чаканні новага курсу беларускага рубля

7
Ірына Яскевіч: Прадпрымальнікі сцішыліся ў чаканні новага курсу беларускага рубля
Ірына Яскевіч
ФОТА: FREEREGION.INFO

Калі сітуацыя не зменіцца, і ўсё застанецца, як ёсць - будучыні ў малога бізнэсу ў Беларусі няма.

Індывідуальныя прадпрымальнікі ў Беларусі - традыцыйна вельмі ўразлівыя сацыяльная група да вагання курсу айчыннай валюты. Аб новых праблемах, якія дадаліся абясцэньваннем беларускага рубля, сайту charter97.org распавяла лідарка прадпрымальніцкага руху з Віцебску Ірына Яскевіч.

- Як чарговая дэвальвацыя ўдарыла па індывідуальных прадпрымальніках, і якія настроі цяпер у іх асяроддзі?

- Пытанне амаль рытарычнае. Калі і раней у беларускіх прадпрымальнікаў прыбытак быў спрэс умоўны праз нізкую пакупніцкую здольнасць насельніцтва, то цяпер усё проста сцішыліся ў чаканні таго, што далей будзе з курсам даляра. Ніхто не паехаў па тавар, увесь тыдзень людзі чакаюць.

Шчыра кажучы, гаворка цяпер ідзе не пра тое, які будзе прыбытак, а дзе і адкуль узяць грошы, каб аплаціць арэнду і камунальныя паслугі, якія становяцца нашым «бізуном». Калі вялікі бізнэс ён можа проста на час закрыцца, маючы «ахоўны тлушч» на месяцы два-тры, то ў большасці індывідуальных прадпрымальнікаў гэтага «тлушчу» ўжо няма.

- Акрамя чакання, ці ёсць нейкія ідэі, планы - што рабіць у гэтай сітуацыі?

- Казаць аб выразным плане пакуль рана. Мы наважылі спакойна дапрацаваць да 1 верасня, бо мы таксама бацькі, і гандаль школьнымі таварамі, вельмі патрэбнымі цяпер людзям, прадаўжаецца.

А з пачатку верасня мы будзем збірацца, і адным з пытанняў нашай сустрэчы будзе разгляд гэтага падвышага каэфіцыента ПДВ і заканадаўчай бязглуздзіцы вакол яго. Бо нас прыраўнялі да крам і выкарыстоўваюць да нас усе нарматыўныя дакументы тэхрэгламенту ЕўрАзЭС.

Мы будзем заяўляць пра тое, што нельга да нас выкарыстоўваць гэтыя нормы, не так шмат засталося тых, хто выплачвае адзіную стаўку падатку. У сённяшняй сітуацыі мы не можам проста сысці з рынку, бо сыходзіць нам няма куды. За намі стаяць нашы сем'і, нашыя дзеці. Я не хачу сказаць, што нам горш за ўсіх: крызіс актуальны і для працаўнікоў заводаў і фабрык.

Як будзе адбывацца нашая сустрэча - мы пакуль яшчэ не вызначылі. Магчыма, мы будзем збірацца і ў Менску, каб прыцягнуць туды і рэгіёны. Будзем спрабаваць размаўляць з людзьмі, якія працуюць на рынках непасрэдна. Бо нават вельмі паважаныя намі эканамісты-тэарэтыкі часта не разумеюць рэальных праблем індывідуальных прадпрымальнікаў.

З нагоды палітыкі ўладаў у дачыненні да прадпрымальнікаў: у прыродзе нават драпежнікі не забіваюць без патрэбы. Таму што ўсё збалансавана, і ў грамадстве прадпрымальнікі - важнае звяно. Мы такія ж грамадзяне, як і ўсе, а не нейкія нахабныя багатыры, якім няма куды падзець грошы. Мы вымушаныя плаціць крэдыты, аплачваць жыллё, і ў нас няма будучыні на сённяшні дзень у Беларусі. Калі нічога не зменіцца і ўсё застанецца, як ёсць - будучыні ў нас няма.

- У чым, на вашую думку, галоўная цяжкасць у барацьбе прадпрымальнікаў за свае правы?

- Нашы поспехі «з'ядаюцца» няўвагай іншых груп, падзелам грамадства па сацыяльных групах, сектаральным падыходам: вось тут лекары са сваімі праблемамі, тут - прадпрымальнікі... Нельга гэтага рабіць. Сёння людзі павінны згуртавацца. Кожны павінен разумець: выжыць паасобку ўжо немагчыма.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках