5 траўня 2024, Нядзеля, 16:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Ніякага глабальнага крызісу няма, ёсць крызіс у Беларусі

28
Станіслаў Багданкевіч: Ніякага глабальнага крызісу няма, ёсць крызіс у Беларусі
Фото: «Радыё Свабода»

Далейшы абвал беларускага рубля можа адбыцца праз крэдытаванне ўладамі нерэнтабельных прадпрыемстваў.

Перадапошні жнівеньскі панядзелак запомніцца беларусам чарговаю дэвальвацыю айчыннай валюты. 24 жніўня курс даляра вырас адразу на 872 рублі, ці 5,21%, да 17601 рубля. Курс еўра падскочыў на 1098 рублёў, або 5,83%, да 19 935 рублёў, нагадвае «Берасцейская газета».

З 1 да 26 жніўня беларускі рубель абрынуўся у дачыненні да даляра на 16,97%. У сераду на гэтым тыдні даляр каштаваў на 2588 рублёў больш, чым у суботу 1 жніўня. У параўнанні з еўра наша айчынная валюта абрынулася за гэты ж час яшчэ больш - на 22,76% (3796 адзінак). За тыя ж 26 дзён жніўня расейская валюта патаннела ў параўнанні з амерыканскай на 9,6003 адзінкі, або на 15,91%. У параўнанні з еўра расейскі рубель, як і яго беларускі сабрат, абрынуўся яшчэ больш - на 14,7246 адзінкі, або 22,31%.

Дэвальваваў тыдзень таму сваю валюту і Нацыянальны банк Казахстана. Аб скасаванні валютнага калідора было абвешчана 20 жніўня. Пасля абвяшчэння гэтай пастановы, паводле інфармацыі Regnum, за лічаныя гадзіны казахстанская валюта абрынулася ў дачыненні да даляра на 28%.

Ці звязана неяк паміж сабой гэтак дружнае абрынанне валют трох дзяржаў, якія ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС), што з’явіўся 1 студзеня 2015 года?

«Кожны падае індывідуальна. Мы незалежная дзяржава, у нас свой Нацыянальны банк, і таму нельга ўсё звальваць на тое, што нашы суседзі, з якімі мы цесна звязаныя, падаюць», - растлумачыў сітуацыю экс-кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Беларускі рубель, з ягоных слоў, падае таму, што ў нас знізілася валютная выручка на 5 млрд даляраў, валавы прадукт знізіўся на 4% у параўнанні з мінулым годам, таму што ў нас высокая інфляцыя. «Эканоміка краіны хворая, і таму мы абрынаемся», - заявіў Багданкевіч.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што цяперашняй сітуацыі можна было пазбегнуць. «Мы маглі б стварыць канкурэнтную апрацоўчую прамысловасць і не падалі б так, як Расея, - упэўнены Станіслаў Антонавіч. - Мы ж не сыравінная краіна». А Расея, з ягоных слоў, падае таму, што сыравінная краіна. Уся яе эканоміка пабудаваная на продажы нафты, газу і ды іншага. А вось Нямеччына не падае, як не падаюць Польшча і Літва.

«Расце Вялікабрытанія. Расце ЗША на 3%. Сусветны УБП вырас на 3,3% за першае паўгоддзе. Гэта значыць ніякага глабальнага крызісу няма, ёсць крызіс у Беларусі, - падкрэсліў Станіслаў Багданкевіч. - Прычыны, перш за ўсё, унутраны».

У якасці прыкладу для параўнання ён прывёў Польшчу, якая плаціць 400 даляраў за 1 тыс кубаметраў газу. «А мы - 139 сёлета. І мы не вытрымліваем канкурэнцыі, мы не канкурэнтаздольныя ў апрацоўчай галіны. Вось гэта бяда», - панаракаў былы кіраўнік Нацбанка.

Абвал айчыннага рубля, на ягоную думку, можа адбыцца тады, калі ўлады прымусяць Нацбанк крэдытаваць такія прадпрыемствы, як «Гомсельмаш», трактарны завод, выпуск тавараў, якія ляжаць на складах, без шанцаў быць рэалізаванымі. «Калі такі неразумны ціск на банкаўскую сістэму будзе, то можна чакаць і абвалу», - рэзюмаваў Станіслаў Багданкевіч.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках