16 красавiка 2024, aўторак, 19:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Майдан» у Малайзіі: 100 тысяч дэманстрантаў патрабуюць адстаўкі прэм'ера

1

Небывалыя масавыя пратэсты выбухнулі пасля абвінавачванняў прэм'ера краіны Наджыба Разака ў карупцыі.

У сталіцы Малайзіі Куала-Лумпуры стотысячная дэманстрацыя збіраецца другі дзень. Партыя ўлады абяцае арганізаваць мільённы "антымайдан" са сваіх прыхільнікаў-чырвонакашульнікаў, пагражае пратэстоўцам арыштамі, перадае Reuters. Тым часам да дэманстрантаў далучыўся экс-прэм'ер Махатхір Махамад, адна са знакавых палітычных постацяў краіны. Ён заклікаў народны рух да скідання цяперашняй улады, піша NEWSru.com.

У ліпені сёлета ўрад Малайзіі пачаў расследаванне ў дачыненні да Наджыба Разака пасля таго, як стала вядома, што на асабовы банкавы рахунак прэм'ер-міністра краіны былі пералічаныя 700 млн даляраў з дзяржаўнага інвестыцыйнага фонду 1Malaysia Development Bhd (1MDB). Асяродак прэм'ера назваў гэткія публікацыі "палітычным сабатажам, накіраваным на дыскрэдытацыю кіраўніка ўрада". Сам Разак сцвярджаў, што атрымаў грошы ад фундатараў з Савудаўскай Арабіі на палітычныя патрэбы. Апазіцыя патрабавала растлумачыць, чаму ў такім выпадку фінансы на партыйныя выдаткі былі пералічаныя на асабовыя рахункі. Прэм'ер Разак адправіў у адстаўку генпракурора, які ўзначальваў расследаванне, а таксама аднаго з віцэ-прэм'ераў - за крытыку.

У Куала-Лумпуры другі дзень запар праходзіць антыўрадавы выступ, сабраліся, паводле розных ацэнак, ад 25 да 250 тысяч чалавек. "Bersih" - у перакладзе з малайскай мовы азначае "чысціня". Гэтае слова было абранае ў якасці нефармальнага аб'яднання апазіцыі, якая патрабуе "чысціні выбараў, дзейнасці ўрада". Як і пратэстоўцы ў Ганконгу, малайзійцы абвясцілі сваім колерам жоўты. Цяперашняя акцыя накіравана наўпрост супраць прэм'ер-міністра Наджыба Разака.

Новы віцэ-прэм'ер і міністр унутраных спраў Малайзіі Ахмад Захід Хамідзі ў нядзелю прыстрашыў арганізатараў і ўдзельнікаў пратэсту сур'ёзнымі пакараннямі ў выпадку парушэнняў закона, паведамляе ТАСС. "Несумненна, яны панясуць адказнасць, калі парушаць закон. І не трэба вінаваціць урад у тыраніі, калі будуць ужытыя ў дачыненні да іх правамерныя метады", - заявіў чыноўнік. Паводле ягоных слоў, "паліцыя ўважліва асочвае дзеянні і ўсе выступы, якія гучаць на мітынгу".

Хамідзі таксама заявіў аб тым, што партыя ўлады правядзе свой шматтысячны мітынг, на які плануе вывесці да мільёна прыхільнікаў, якіх Reuters называе "чырвонакашульнікамі". Адзначым, што насельніцтва ўсяго Куала-Лумпура - блізу двух мільёнаў чалавек. Праўладная дэманстрацыя прызначаная на 10 кастрычніка.

На поўдні краіны паведамляюць пра затрыманні пратэстоўцаў: у горадзе Малака затрыманыя 12 чалавек з сімволікай Bersih. Шэф гарадской паліцыі Чуан Гхіі Луе заявіў, што яны блакавалі дарогі.

З Куала-Лумпура на момант напісання нататкі паведамленняў аб супрацьпраўных дзеяннях падчас масавай дэманстрацыі не паступала.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках