20 красавiка 2024, Субота, 7:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Бутусаў: Гэта брудная правакацыя, магчыма, расейскіх спецслужбаў

7
Юрый Бутусаў: Гэта брудная правакацыя, магчыма, расейскіх спецслужбаў
Юрый Бутусаў
Фота: telekritika.ua

Хутчэй за ўсё, гэтая правакацыя звязаная з дзейнасцю расейскіх спецслужбаў, мяркуе вядомы журналіст.

На мітынгу праціўнікаў змяненняў Канстытуцыі Украіны каля Вярхоўнай Рады была падарваная граната. Паводле папярэдніх звестак, пацярпела ад 20 да 100 чалавек.

Трагічную падзею сайту charter97.org пракаментаваў галоўны рэдактар украінскага выдання «Цензор.нет» Юрый Бутусаў.

- Што цяпер адбываецца каля будынка Вярхоўнай Рады?

- Я цяпер знаходжуся на гэтым мітынгу. Параненых толькі што эвакуявалі. Усе параненыя - супрацоўнікі праваахоўных органаў. Наўпрост у работнікаў міліцыі была кінутая баявая граната.

Мітынг прадаўжаецца, выступаюць прадстаўнікі партыі «Свабода», падыходы да Вярхоўнай Рады перакрытыя кардонамі міліцыі. Асаблівай напружанасці цяпер няма, мітынгоўцаў значна менш, чым міліцыі, нейкай агрэсіўнасці не назіраецца, ніхто нічога ўжо не кідае, сітуацыя супакоілася.

- Хто мог кінуць гранату? Каму гэта было выгадна, на вашу думку?

- Цяжка сказаць, каму гэта было выгадна. Я думаю, што гэта можа быць выгадна тым людзям, якія хочуць дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне.

- Гэта значыць, гэта правакацыя?

- Ды гэта правакацыя, прычым вельмі брудная.

- Ці звязаная яна, на вашу думку, з дзейнасцю расейскіх спецслужбаў?

- Хутчэй за ўсё, так. У нас быў Майдан шмат месяцаў - і не было ніводнага выбуху, ніхто не кінуў ніводнай гранаты ў прадстаўнікоў улады. Тут людзі засталіся тыя ж самыя - а граната паляцела.

- Як мітынгоўцы ацанілі гэты інцыдэнт?

- Яны заяўляюць, што гэта правакацыя. Праўда, у правакацыі абвінавачваюць уладу. Не думаю, што такое напраўду магчыма. Проста «Свабода» - гэта партыя, якая не прайшла ў парламент, і рыторыка іх зразумелая ў сувязі з жаданнем рэабілітавацца на найбліжэйшых выбарах.

Сама ж падзея - вельмі сумная. Упершыню за час акцый пратэсту адбыўся такі радыкальны сцэнар.

- Як, па-вашаму, будуць развівацца падзеі? Якія палітычныя наступствы можа мець мітынг праціўнікаў змены Канстытуцыі?

- Сам гэты мітынг асабліва не паўплывае на развіццё палітычных падзей вакол канстытуцыйнай рэформы. Што тычыцца трагедыі, якая адбылася на ім: колькасць смерцяў ва Украіне цяпер настолькі вялікая, што гэта не выклікае тут шоку. Мітынг не разышоўся, міліцыя таксама, панікі ніякай няма ў людзей.

Я думаю, тое, што адбылося, дэманструе, што абстаноўка ўнутры Украіны ў грамадстве застаецца досыць напружанай, бо сілы, якія працуюць на дэстабілізацыю нашай краіны і расейскія спецслужбы, прадаўжаюць сваю дзейнасць і не спыняцца, пакуль не дасягнуць сваіх стратэгічных мэтаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках