28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

99,45% участковых камісій сфармаваныя без апазіцыі

10
99,45% участковых камісій сфармаваныя без апазіцыі
ФОТА: RFE/RL

Участковыя выбарчыя камісіі ў сфармаваным складзе не ў стане забяспечыць сумленны падлік галасоў.

Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі 31 жніўня на прэс-канферэнцыі ініцыятывы «Права выбару - 2015», піша БелаПАН.

У ініцыятыву ўваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», кампанія «Гавары праўду», рух «За Свабоду», Партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя, прафзвяз РЭП, аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу.

«Скончыўся адзін з самых важных этапаў назірання [за выбарчай кампаніяй] - фармаванне ўчастковых выбарчых камісій, - сказаў Рымашэўскі. - Непасрэдна на этапе фармавання ўчастковых камісій адбываюцца ўсе фальсіфікацыі, непасрэдна там толькі можна пракантраляваць, як людзі галасуюць напраўду. Ва ўмовах, калі назіральнікаў нават блізка не падпускаюць да сталоў, наяўнасць у складзе ўчастковых камісій прадстаўнікоў апазіцыі з'яўляецца адзінай магчымасцю праверыць дакладнасць галасавання».

Рымашэўскі падкрэсліў, што на гэты момант ва ўчастковыя выбарчыя камісіі ўключаны «беспрэцэдэнтна нізкі адсотак прадстаўнікоў дэмакратычных сіл». «Унесеныя ў 2013 году змены ў Выбарчы кодэкс не прадухілілі няроўнага доступу палітычных сіл да працы ў выбарчых камісіях», - сказаў ён.

Акрамя таго, падкрэсліў Рымашэўскі, створаныя ўчастковыя выбарчыя камісіі «цалкам знаходзяцца пад кантролем уладаў». «Большасць людзей, якія ўключаныя ў іх склад, - гэта прадстаўніку БРСМ і «Белай Русі». Гэта праўладныя, па сутнасці інтэграваныя ва ўладную сістэму структуры. Цалкам улады і дзейны кіраўнік дзяржавы, які з'яўляецца адным з кандыдатаў, кантралююць падлік галасоў, што ўжо ставіць у няроўныя ўмовы ўсіх астатніх кандыдатаў», - сказаў Рымашэўскі.

У сваю чаргу каардынатар ініцыятывы «Права выбару - 2015» Алесь Сіўкоў адзначыў, што 99,45% участковых выбарчых камісій будуць працаваць без прадстаўнікоў апазіцыі. Паводле ягоных слоў, ва ўчастковыя камісіі трапілі ўсяго 21 чалавек ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», тры - ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), чатыры - ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі, два - ад Партыі БНФ і адзін - ад аб'яднання «БНФ «Адраджэнне». Усяго ў склад участковых выбарчых камісій уключана больш за 66 тысяч чалавек.

Каардынатар ініцыятывы Дзяніс Садоўскі заявіў, што нядопуск апазіцыі ў склад участковых выбарчых камісій сведчыць аб тым, што ўлады рыхтуюць фальсіфікацыі ў дачыненні да яўкі выбаршчыкаў і падліку галасоў. «Ідзе адхіленне палітычных партый ад назірання за выбарамі», - сказаў ён.

Са слоў Садоўскага, ініцыятыва «Права выбару - 2015» вылучыць максімальна магчымую колькасць назіральнікаў, якія будуць працаваць больш чым на тысячы ўчасткаў па ўсёй Беларусі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках