29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: Вырашчаныя кавуны аддаю ў дом састарэлых

73
Лукашэнка: Вырашчаныя кавуны аддаю ў дом састарэлых

Дыктатар даў інтэрв'ю журналістам «Еўрарадыё», «Радыё Свабода» і tut.by.

Сустрэча прайшла ў рэзідэнцыі дыктатара. «Еўрарадыё» прыводзіць адказы Аляксандра Лукашэнкі.

Давайце Давыдзьку даручым, каб ён даў слова на тэлевізіі рок-музыкам

- Шчыра кажучы, не ведаю, з якога боку падысці да гэтага [пытання аб «чорных спісах»]. Можа, сапраўды кагосьці негалосна кудысьці не пускаюць. Можа, яны дзесьці і «накасячылі». Можа, не час і не месца так да іх падыходзіць, можа, яны зменяць сваю пазіцыю, калі яна не правільная.

Мне міністр культуры казаў, што няма ў нас спісаў. Але бывае, што адмарожаныя дзесьці нахамілі супраць дзяржавы. Можа, давайце Давыдзьку даручым, каб ён даў ім слова ў нейкім фармаце на тэлевізіі.

Аб зборах у дзіцячых садках і школах: Нельга гэтага патрабаваць з тых, хто не можа.

- Я ведаю гэтую праблему. Мы ж кампенсуем выдаткі дзіцячага садка адсоткаў на 30. Астатняе гэта ж бюджэт. Калі хтосьці можа, то гэта не дорага абыдзецца, калі ён зарабляе шмат. Але агулам нельга гэтага рабіць. А справа не ў тым, што там чагосьці не хапае, каб пафарбаваць школу. У нас няма старых школ. Дзяржава ж не сыходзіць ад гэтага. Мы вылучаем сродкі, але гэтага, вядома, не хапае. Таму ёсць людзі, якія могуць падставіць плячо. І яны гатовыя. Але нельга гэтага патрабаваць з тых, хто не можа, бо ў іх грошай няма.

Кавуны, якія я выгадаваў, аддаю ў дамы састарэлых

- Кавуны, якія выгадаваў, я іх аддаю ў дамы састарэлых. Я пасылаю малога, яны вязуць з кімсьці і аддаюць. Бульбу, выгадаваную ў Драздах, таксама раздаём. Я як быў простым чалавекам, селянінам, такім я застаўся.

Ніякай інтэрвенцыі з тэрыторыі Беларусі ва Украіну не будзе

- Абсалютна не падтрымліваю ніякіх войскаў ва Украіне. Ні расейскіх, ні якіх-небудзь іншых. Тое, як падаецца канфлікт у расейскіх СМІ, - гэта пасмешышча. Тое самае робіцца з боку ўкраінскіх СМІ - ідзе інфармацыйная вайна. Уварвання якіх бы там ні было войскаў і наймітаў не падтрымліваю. Я калі сустракаўся з Турчынавым, сказаў яму, што ніколі гэтага не адбудзецца. Ніколі з нашай тэрыторыі ніхто не будзе атакаваць Украіну, калі гэта не будзе супярэчыць нашым інтарэсам або калі Украіна сама не нападзе на Беларусь. Але такога ніколі не будзе. Ніякай інтэрвенцыі з тэрыторыі Беларусі ва Украіну не будзе.

Аб расейскіх вайсковых базах у Беларусі: самалётаў расейскіх у нас тут няма

- На нашай тэрыторыі дзве абсалютна мірныя вайсковыя базы. База ў Баранавічах - там напэўна 3 чвэрці нашых людзей служаць. База ў Ганцавічах - можна сказаць інжынерная высокатэхналагічная станцыя, якая вядзе кантроль за пускам ракет. Яны могуць атакаваць Украіну? Не. У нас ёсць невялікая група мытнікаў і некалькі чалавек расейскіх памежнікаў, паколькі мяжы паміж Расеяй і Беларуссю няма. Я даў дабро, каб іх назіральнікі маглі з нашага ведама паглядзець. Гэта дзесяць чалавек.

Самалёты я ў іх прасіў: «Дайце ці прадайце танна дзясятак самалётаў. Чэмпіянат свету мне трэба ў плане бяспекі гарантаваць». Яны сказалі, што могуць 3 самалёты даць. Я кажу: «Добра, адзін ваш лётчык і два нашыя». Я не ведаю, нясуць яны цяпер дзяжурства ці не. Па-мойму, яны выбылі сёння. Самалётаў расейскіх у нас тут няма.

Пройдзе час, і нават Данбас будзе ўкраінскім, такім, як хочуць нацыянальна арыентаваныя ўлады Украіны

- У Расеі канфліктам ва Украіне наеліся ўсе, асабліва кіраўнікі. Я не веру, што кіраўніцтва Украіны хоча, каб заўтра там быў мір. Трэба быць разумнейшымі і хітрэйшымі, каб памежнікі ўкраінскія зачынілі мяжу. Ніхто не забудзе гэта, але з часам усё ўстаканіцца. 30 мільёнаў загінула ў Другой сусветнай вайне, а ў абдымку з немцамі ходзім. Вядома, трэба шмат часу, але трэба рабіць гэтыя крокі. Пройдзе час, і нават Данбас будзе ўкраінскім, такім нават, як хочуць нацыянальна арыентаваныя ўлады Украіны. З Крымам складаней, амаль немагчыма.

Калі выпускаць Статкевіча, то выпускаць да выбараў

- Я не буду хітраваць, гэтае пытанне [аб вызваленні Статкевіча] у парадку дня. Вызначыць гэта магу толькі я. Але я не вызначаўся, калі гэта будзе. Я гэтае пытанне ў такім ключы не разглядаў. Калі яго выпускаць, то выпускаць да выбараў. Калі не выпускаць, то не выпускаць. У найбліжэйшы час вы будзеце пра гэта ведаць. Калі іншы варыянт, то часу шмат. Ён хоча быць у турме і выйсці адтуль героем. Я яму даю такую ​​магчымасць, а вы кажаце выпусціць. І што мне рабіць? Я магу выпусціць, калі чалавек звернецца да мяне з прашэннем, але ён не звяртаецца, бо хоча быць героем.

Наўрад ці б я перамог, калі б цяпер быў на месцы апазіцыі

- Тады [ў 1994 годзе] яшчэ больш жорстка было. Тады заплацілі людзям і сказалі: «Вось так вось павінна быць». Але тады людзі валам ішлі за Лукашэнку галасаваць. Тады яшчэ больш жорстка лічылі. Не ў гэтым справа. Сітуацыя іншая і замежная, і ўнутраная. Але наўрад ці б я перамог, калі б цяпер быў на іх месцы. Таму што людзі многае зразумелі. Цяпер у людзей ёсць што губляць. Ніхто не хоча жыць у ваюючай краіне.

Ужо занадта далёкія яны [апазіцыя] ад народа. І вы ж не верыце ў сваю перамогу - усюды пішаце, што Лукашэнка пераможа. Нават тыя, хто хацеў супраць мяне змагацца, думаюць: «Ну, Лукашэнка пераможа».

Аб дэбатах: Назавіце прозвішча! Пра што я з імі буду размаўляць?

- Назавіце прозвішча. Пра што я з імі буду размаўляць? Кебіч быў прэм'ерам і ён пагадзіўся з Лукашэнкам дэбатаваць. Пра што мне гаварыць з Някляевым? Я не баюся з імі сесці і абмяркоўваць штосьці.

Вы будзеце мець магчымасць сачыць за падлікам галасоў. Я вам гэта гарантую.

Адказваючы на ​​пытанне пра гатоўнасць правесці адкрытыя выбары, Лукашэнка адзначыў:

- Я кажу: «Не чапайце - хай збіраюць подпісы, дзе хочуць». Але калі вы ўпэўненыя ў тым, што мы можам перамагчы, ну навошта ствараць праблемы? Нават калі яны дзесьці парушылі правілы. Такую я даю ўстаноўку. Усё на роўных умовах.

Памятаю, з якой працай я збіраў подпісы ў першую прэзідэнцкую кампанію. Я кідаўся па камісіях, каб давесці, што гэтыя подпісы рэальныя. 120 тысяч подпісаў нам залічылася з 170 тысяч. Напэўна не паспелі нас такім шляхам выбіць. Я не хачу, каб так было цяпер.

Вы будзеце мець магчымасць і сачыць за падлікам галасоў, і быць на участках. І вы зможаце атрымаць усю інфармацыю. Я вам гэта гарантую.

Мы далі сабе клятву, што за пяць гадоў развяжам праблему пазыкаў

- Ва Уфе мы далі сабе клятву, што за пяць гадоў развяжам праблему пазыкаў. Мы будзем праводзіць мадэрнізацыю больш спакойна і не пазычаць такія вялікія грошы. У гэтых пазыках шмат сродкаў, якія пайшлі толькі пад мадэрнізацыю. Гэтыя грошы не праядаюцца, мы іх выдаткавалі на мадэрнізацыю прадпрыемстваў, - адзначыў Лукашэнка, адказваючы на ​​пытанне аб замежных крэдытах.

Цягам года-двух мы вернемся на той узровень заробкаў, які быў учора

- Ведаючы, што не можам падвышаць заробкі, мы сталі рэгуляваць кошты. І па многіх пытаннях, дзе дзяржава рэгулюе кошты, мы іх замарозілі фактычна. Сітуацыя складваецца такім чынам, што мы заробкі падвышаць не можам. Мы прывязалі заробкі да аб'ёмаў вытворчасці. Калі няма вытворчасці, то і заробак падвышаць няма за што. Грошы друкаваць мы не будзем. Я ўпэўнены, што цягам года-двух мы вернемся на той узровень заробкаў, які быў учора. Нават калі сітуацыя на нашых традыцыйных рынках будзе такой жа, як цяпер.

Не мы былі ініцыятарамі 30% -й дэвальвацыі

- Гэта абяцанні, якія павінны выконвацца вечна. Рост заробкаў павінен быць заўсёды. Тое, што заробак не вырас у далярах, вы ж не за даляры купляеце прадукты і адзенне ў Беларусі. Я не аспрэчваю ваш тэзіс. Вы сказалі, што ў рублях заробак у нас вырас, а вось у далярах скараціўся. Вы заўважылі, што не мы былі ініцыятарамі 30% дэвальвацыі. Гэта адбылося на нашых рынках: спачатку ў Расеі, потым у Казахстане. Мы не маглі з гэтых прычын трымаць валюту. Таму мы не стрымліваем, ніякай інтэрвенцыі Нацбанку няма. Як складаецца курс, так і ёсць. І так будзе заўсёды.

Ідэя расейскага свету - гэта глупства, якое нехта прапанаваў прапагандзе. Я думаю, гэтае пытанне знятае з парадку дня

- Гэта не праўда, што большасць за расейскі свет. Я пытаўся пасла [расейскага]: «Што значыць збіранне расейскіх зямель і што такое расейскі свет?». Ніхто мне так і не патлумачыў. Але цяпер гэта так не гучыць у расейскіх СМІ. Я думаю, што яны пачулі маё крытычнае пытанне і знялі гэта з парадку дня.

Расея ніколі не будзе ваяваць з Беларуссю. Гэта будзе катастрофа для самой Расеі

- Расея ніколі не будзе ваяваць з Беларуссю. Гэта будзе катастрофа для самой Расеі. І вы ў гэта не верыце, я не ведаю, чаму вы пра гэта пішаце, што там ва Украіне, а мы наступныя. Беларусь засталася адзіным сумленным прыстойным хаўруснікам Расейскай Федэрацыі.

Ваша бяда ў тым, што вы не ведаеце, што адбылося ва Украіне і што адбываецца. СМІ стварылі нейкі трэнд таго, што адбываецца ва Украіне. Я ведаю сітуацыю больш глыбока. Не трэба было падстаўляцца. Можа заўтра нехта захацеў бы адрэзаць кавалак Палесся. Вы ўяўляеце, якая была б мая рэакцыя і нашага народа? Мы б ваявалі за кожны кавалачак зямлі. Я Турчынаву казаў, што калі гэта ваша зямля, то чаму вы тады за яе не ваявалі. Тым больш там было шмат украінскіх войскаў. Чаму не ваявалі? Што прызналі, што не ваша зямля? Занадта шмат там хітраспляценняў і глыбока закапаныя прычыны і таго, пра што не прынята казаць публічна. Але гэта не значыць, што мы гэта не абмяркоўваем у закрытым рэжыме.

Лукашэнка ў верасні паедзе ў Нью-Ёрку і выступіць з трыбуны ААН

- Прапанова была ўсім кіраўнікам дзяржаў. Мы разглядаем магчымасць візіту. Гэта будзе 28-29 верасня. Мы рыхтуемся да гэтага візіту на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Таму што гэта такі саміт, дзе будуць збірацца кіраўнікі дзяржаў. Прапанавалі двойчы выступіць на саміце ААН: на агульнай дыскусіі і тэматычнай. Давядзецца ехаць, гэта будзе няправільна, калі кіраўніка дзяржавы там не будзе.

З малодшым сынам усё больш размаўляю па-беларуску

Журналіст «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук прапанаваў Лукашэнку весці прэс-канферэнцыю па-беларуску.

- Вы мяне з першага кроку абмяжоўваеце. Гэта не дэмакратычна. Я скажу шчыра, што больш размаўляю па-беларуску, - адказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што з малодшым сынам пачынае ўсё больш гаварыць па-беларуску.

- Я заўсёды дэманстраваў сваю пазіцыю, што нікому нельга паказваць, на якой мове размаўляць. За сваю родную мову беларускую ўважаюць больш за 60% насельніцтва. Калі б мы пачалі ціснуць, было б наадварот.

Не баюся гаварыць з СМІ, якія мяне крытыкуюць

Аляксандр Лукашэнка пачаў прэс-канферэнцыю са слоў, што прычынай сустрэчы стала прапанова журналістаў, агучаная на прэс-канферэнцыі паўгода таму. Ён адзначыў, што не баіцца мець стасункі з СМІ, якія яго крытыкуюць.

Лукашэнка дадаў, што называць СМІ недзяржаўнымі, на ягоную думку, не зусім правільна, бо СМІ могуць быць прыватнымі, але людзі, якія там працуюць, жывуць у Беларусі.

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках