19 красавiка 2024, Пятніца, 12:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Сапелка: Аўтуховіча фактычна пазбавілі права на абарону

1
Павел Сапелка: Аўтуховіча фактычна пазбавілі права на абарону
Павал Сапелка

6 жніўня мусіў закончыцца тэрмін прэвентыўнага нагляду над Мікалаем Аўтуховічам.

У калегіі Гарадзенскага абласнога суда сёння разглядаецца справа аб працягу прэвентыўнага нагляду над былым палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам. Спачатку разгляд прызначылі на 6 жніўня, аднак нечакана дату перанеслі на дзень раней і Аўтуховіч не паспяваў дамовіцца з адвакатам. Ён папрасіў суд перанесці пасяджэнне, каб у суд змог дабрацца адвакат.

Аднак судовая калегія абвясціла, што працэс працягнецца а 14-й гадзіне, і калі адвакат не даедзе дагэтуль, то Аўтуховічу дадуць дзяржаўнага адваката.

Ваўкавыскі раённы суд 17 ліпеня адмовіў Ваўкавыскаму раённаму аддзелу ўнутраных спраў у хадайніцтве аб працягу прэвентыўнага нагляду над Мікалаем Аўтуховічам, аднак неўзабаве на гэтую пастанову быў вынесены прыватны пратэст выканаўцам абавязкаў пракурора Ваўкавыскага раёна.

Мікалай Аўтуховіч падрабязна каментуе спешны перанос разгляду справы ў судзе:

"Разгляд прыватнага пратэсту быў прызначаны судом на 6 жніўня. Пра тое, што справа будзе разглядацца 5 жніўня, мяне апавясціў супрацоўнік Ваўкавыскага РАУС 4 жніўня ўвечары. Такім чынам, я быў пазбаўлены магчымасці выкарыстоўваць, як гэта планавалася, дзень 5 жніўня на ўкладанне дамовы з абаронцам. Улічваючы тое, што я пазбаўлены з прычыны нагляду права без дазволу пакідаць месца жыхарства, а адвакат вядзе сваю дзейнасць у Менску, мне дапамагчы з укладаннем дамовы павінны былі сябры, і ў іх была дамоўленасць аб удзеле адваката ў судовым пасяджэнні 6 жніўня. З'явіцца 5 жніўня ў Гарадзенскі абласны суд гэты, абраны мной, адвакат не мог, у сувязі з гэтым дамова на ягоны ўдзел у судовым пасяджэнні 5 жніўня не адбылася, бо гэта супярэчыць правілам працы адваката.

У судовым пасяджэнні я паведаміў ўсе гэтыя абставіны і хадайнічаў аб разглядзе справы 6 жніўня. Аднак судовая калегія паставіла мне загадзя невыканальныя ўмовы: забяспечыць яўку абранага мной адваката да 14.00 5 жніўня, а ў выпадку немагчымасці гэтага, я буду забяспечаны абаронцам на прызначэнне. Уважаю такі падыход за парушэнне, а дакладней, за прафанацыю права на абарону: прызначанаму абаронцу спатрэбіцца час для азнаямлення з маёй сітуацыяй і час для падрыхтоўкі да судовага пасяджэння. Гэты абаронца павінен прачытаць два мае прысуды, атрымаць ад мяне звесткі аб гэтых крымінальных справах і маім стаўленні да прысудаў, маёй біяграфіі, працоўнай, грамадскай і прадпрымальніцкай дзейнасці, паводзінах да і пасля асуджэння. І толькі пасля гэтага вывучыць матэрыялы ўласна разгляданай справы. За мізэрны час да заканчэння працоўнага дня гэта немагчыма".

Юрыст-праваабаронца Павел Сапелка бачыць у гэтых дзеяннях судовай калегіі парушэнне права на абарону:

"Адмаўляючы ў задавальненні хадайніцтва аб пераносе слухання справы, суд, тым самым, пазбаўляе Аўтуховіча права на абарону. А пазбаўленне права на абарону з'яўляецца безумоўнай падставай для скасавання судовага вызначэння паводле крымінальнай справы.

Скасаванне пастановы суддзі аб адмове працягнуць прэвентыўны нагляд будзе яшчэ і неабгрунтаваным, бо:

Мікалай Аўтуховіч правёў тэрмін прэвентыўнага нагляду з мінімальнымі паводле колькасці і значнасці парушэннямі. Ён выключна станоўча характарызуецца, працуе, мае сталае месца жыхарства, сям'ю. Мае ўрадавыя ўзнагароды.

А мэтам кантролю над ім, як за асуджаным, цалкам адпавядае замацаванае артыкулам 81 Крымінальнага кодэкса права органаў унутраных спраў весці за ім прафілактычны нагляд".

Дарэчы, 6 жніўня павінен быў закончыцца тэрмін прэвентыўнага нагляду над Мікалаем Аўтуховічам.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках