27 красавiка 2024, Субота, 2:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Васьковіч вернецца на працу ў «Бабруйскі кур'ер»

Яўген Васьковіч вернецца на працу ў «Бабруйскі кур'ер»
Яўген Васьковіч

Былы палітвязень распавёў пра свае планы пасля вызвалення падчас сустрэчы з прыхільнікамі аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Прынамсі, Яўген Васьковіч заявіў, што і далей будзе працаваць журналістам у газеце «Бабруйскі кур'ер», паведамляе «Радыё Свабода».

«Калі пасля вызвалення я сустрэўся з Анатолем Санаценкам, рэдактарам гэтага выдання, дзе я працаваў да зняволення, то ён паведаміў, што не звальняў мяне, і я па-ранейшаму застаюся ў штаце рэдакцыі. Гэта было вельмі прыемна», - распавёў Яўген.

Актывіст таксама паведаміў, што застанецца ў складзе БХД і збіраецца прадаўжаць палітычную дзейнасць.

Яўген Васьковіч таксама распавёў пра ўмовы ўтрымання ў зняволенні. Прынамсі, былы палітвязень адзначыў, што турэмныя варункі жыцця накіраваныя не на фізічнае, а на псіхалагічнае і маральнае прыніжэнне зняволеных, што цяжэй за ўсё было трываць не холад ці спробы здзекаў, а бяздзейнасць:

«Ва ўмовах ізаляцыі, асабліва ў СІЗА, дзе я правёў 295 дзён, дапамагала выжываць любоў да жыцця і прага дзейнасці. Але турма - гэта як атрыманне жыццёвага досведу ў пэўнай навучальнай установе.

Да прыкладу, было жудасна даведацца ад іншых зняволеных, што ў гэты час у турме таксама знаходзіліся два чалавекі з так званай «расстрэльнай каманды». Гэта азначае, што цяперашняя ўлада не пагрэбуе нічым: знішчыць нават сваіх самых адданых слуг, калі гэта ёй спатрэбіцца».

Са слоў актывіста, для зняволеных, якія прызнавалі сябе праваслаўнымі хрысціянамі, былі створаныя лепшыя ўмовы для спаткання са святарамі: да іх прыязджалі часта і праводзілі малітвы, прычашчалі. Каталіцкія і пратэстанцкія святары бывалі ў турме рэдка. Актывіст кажа, што аддаваў перавагу ў турэмных варунках не прыступаць да споведзі, бо ўважаў гэта за небяспеку.

Выхад знаходзіў у чытанні Бібліі, беларускіх каталіцкіх выданняў і малітоўнікаў, у самой малітве. Літаратуру ў турму перадавалі з волі, а потым актывіст пакідаў яе іншым зняволеным-каталікам:

«Мне яна дапамагала, павінна дапамагчы ім таксама. Бо без веры чалавек у турме не мае будучыні. Ён нешта кажа, а потым шкадуе, што нешта робіць, а потым шкадуе. Чалавек, які верыць, - ён адразу ведае, што вось гэта ён не зробіць ніколі. А вось так - будзе рабіць заўсёды, і гэта яго робіць усё больш упэўненым, трымае і дапамагае пазбегнуць непатрэбных памылак. Я ўспрымаў сваё зняволенне як пасланае мне Богам выпрабаванне і, адбываючы яго, выконваў Божую волю».

У час сустрэчы актывістка руху салідарнасці "Разам" Надзея Батура перадала Яўгену Васьковічу лісты салідарнасці, якія былі напісаныя яшчэ да вызвалення ўкраінскімі актывістамі на кіеўскім Майдане.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках