29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Начная крама: Абарачэнне павялічылася ў чатыры разы, гарэлку не паспяваем закупляць

15
Начная крама: Абарачэнне павялічылася ў чатыры разы, гарэлку не паспяваем закупляць

Што змянілася пасля скасавання абмежаванняў на продаж алкаголю?

Абмежаванні на начны гандаль алкаголем скасавалі 26 жніўня. Здарылася гэта пасля крытычнага выступу Лукашэнкі. І вось з моманту вяртання легальнага алкаголю ў начное жыццё прайшоў тыдзень. Журналісты «Еўрарадыё» спыталі ў менскіх «начнікоў», ці змяніўся ў іх таваразварот.

«Прыбытак падняўся ў чатыры разы. І алкаголь, і спадарожныя тавары», - здзіўляюць велізарнай лічбай у краме Preston, што знаходзіцца па праспекце Машэрава ў сталіцы. Пры гэтым нават у краме не прагназавалі, што менчукі і госці сталіцы кінуцца да іх літаральна лавінай.

«Мы не чакалі такога наплыву пакупнікоў. Проста працуем з колаў. Аплацілі «Крышталю», у гэты ж дзень адгрузілі, прадалі. Далей працэс паўтараецца», - апісваюць у краме.

Праўда, не ўсе «начнікі» адчуваюць такі шалёны рост тавараабароту.

«Павялічыўся адсоткаў на 15-20. Наша крама заўсёды працавала круглыя суткі. Нават тады, калі ўводзілася абмежаванне. Толькі алкаголь тады ў начны час прадаваць мы перасталі», - дзеляцца інфармацыяй у краме пры чыгуначным вакзале Менска.

Нягледзячы на тэндэнцыі пашыраць гандаль беларускім алкаголем па ўсіх франтах, не ўсе крамы збіраюцца аднаўляць начны гандаль.

Да прыкладу, універсам «Першамайскі» ў менскім раёне Уручча калісьці быў папулярным «начніком». У кастрычніку 2013 начны гандаль наважылі спыніць.

«Мы не плануем вяртацца да начнога рэжыму працы. Калі шчыра, ніколі не рабілі вялікай стаўкі на алкаголь. Мы заўсёды выконвалі заканадаўства напоўніцу, але таксама мы патрыёты Беларусі. Пажадана, каб у нас была здаровая нацыя», - расстаўляюць акцэнты ва ўніверсаме «Першамайскі».

31 жніўня стала вядома аб новых патрабаваннях да рэалізацыі пладовых і фруктова-ягадных вінаў, якія ў народзе называюць «чарнілам». Усе харчовыя крамы могуць абавязаць гандляваць гэтай прадукцыяй.

Раней грамадскае меркаванне было такім, што «чарніла» - апошняя стадыя знітоўвання для многіх беларусаў. Аднак сёння Мінгандлю прасоўвае новую ідэалагічную канцэпцыю: такія віны беларускай вытворчасці якасныя і ледзь не карысныя для здароўя.

«З адкрыцця крамы мы ніколі не гандлявалі пладова-ягаднымі вінамі і ніколі не будзем імі гандляваць. У нас ёсць партугальскія партвейны. Гэта адзіная пазіцыя па мацаваным вінам. Мы заўсёды былі прыхільнікамі продажу тавараў, якія не ніжэйшыя за сярэдні ўзровень. Тым больш, калі гэта тычыцца алкаголю. Культура піцця павінна быць на высокім узроўні. Лепш менш, але каб прадукцыя была якаснай», - мяркуюць у краме Preston.

Нагадаем, што нядаўняе зняцце абмежаванняў на начны гандаль алкаголем патлумачылі тым, што ў Беларусь сталі пастаўляць шмат кантрафакту. Пры гэтым не паведамлялася, чаму велізарны штат беларускіх праваахоўнікаў не можа справіцца з кантрабандыстамі.

Беларускія нарколагі прытрымліваюцца думкі, што ранейшыя абмежавальныя захады з нагоды продажу алкаголю былі плённымі, а барацьбу за дэалкагалізацыю грамадства сёння трэба прадаўжаць.

Паказчыкі спажывання алкаголю на душу насельніцтва ў Беларусі крытычныя.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках