25 красавiка 2024, Чацвер, 13:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэвід Крэмэр: Сітуацыя ў Беларусі нагадвае «Дзень сурка»

11
Дэвід Крэмэр: Сітуацыя ў Беларусі нагадвае «Дзень сурка»
Дэвід Крэмэр

Санкцыі супраць дыктатараў неабходныя, каб вызваляць палітвязняў.

Пра гэта ў інтэрв'ю галоўнай рэдактарцы charter97.org Наталлі Радзінай заявіў старэйшы дырэктар у правах чалавека і дэмакратыі ў Інстытуце Маккейна Дэвід Крэмэр, які ў гэтым годзе ўзначаліў амерыканскую дэлегацыю на Канферэнцыі АБСЕ ў чалавечым вымярэнні.

- Дэвід, палітыка ЗША ў дачыненні да Беларусі заўсёды адрознівалася ад палітыкі ЕЗ цвёрдасцю і прынцыповасцю. Але цяпер падыходы амаль не адрозніваюцца. З чым вы гэта звязваеце?

- Я думаю, што ўсё яшчэ ёсць некаторыя адрозненні. На маю думку, Еўразвяз ідзе далей і плануе зняць санкцыі ці часова прыпыніць іх. Яны ўсё яшчэ чакаюць выбараў, як і ЗША. Хоць, шчыра кажучы, я не думаю, што з выбарамі ў Беларусі будуць нейкія сюрпрызы. Я думаю, што прычына чакання - для таго, каб паглядзець, ці будуць рэпрэсіі пасля выбараў, як гэта было ў снежні 2010 года.

Але тое, што сапраўды адрознівае гэтыя выбары ад 2010 года - гэта сітуацыя ва Украіне і Расеі. Як вы ведаеце, цягам многіх гадоў, ці быў я ва ўрадзе ЗША ці калі яго пакінуў, я сцвярджаў, што мы не павінны разглядаць Беларусь праз прызму Расеі, мы павінны глядзець на тое, што адбываецца ў Беларусі як такой.

Нядаўняе вызваленне ў краіне палітзняволеных - гэта вельмі важны крок. Вызваленне з турмы тых, хто не павінен там быць, вельмі важнае, але мы ўсё яшчэ чакаем палітычнай рэабілітацыі ўсіх палітвязняў, бо ні адзін з іх не атрымаў гэтага. Я спадзяюся, што Захад зразумее неабходнасць мець у запасе некаторыя крокі, якія можна выкарыстоўваць як рычагі ціску, каб дамагчыся палітычнай рэабілітацыі, магчымасцяў для бесперашкоднай працы незалежных СМІ, уключаючы сайт charter97.org.

- Чаму ў Беларусь з ЗША апошнім часам зачасцілі візіцёры высокага ўзроўню?

- Я ведаю, што была цікавасць у аднаўленні працы пасольства ЗША ў поўным аб'ёме. Як вы ведаеце, у 2008 годзе амбасадар ЗША быў высланы з Беларусі, а колькасць амерыканскіх супрацоўнікаў зменшылася прыкладна з 45 да 5-6. Таму ўжо даўно была зацікаўленасць у аднаўленні колькасці супрацоўнікаў амбасады ЗША.

Складанасць задачы заўсёды ў тым, каб гэта не стала мэтай, за якую Лукашэнка атрымае ўзнагароду. Шчыра кажучы, Лукашэнка вельмі лёгка дазволіць амбасадару ЗША вярнуцца, дазволіць 45 амерыканскім супрацоўнікам зноў працаваць у Менску.

- Ужо 21 год у Беларусі кіруе жорсткі рэпрэсіўны рэжым, які, дарэчы, менавіта ў ЗША назвалі «апошняй дыктатурай Еўропы». Чаму ж сёння Захад выдае Лукашэнку такія авансы?

- Адна з праблем - цяпер у Еўразіі з'явіўся яшчэ адзін дыктатар. Гэта прэзідэнт Ільхам Аліеў у Азербайджане, дзе сітуацыя, на жаль, горшая, чым у Беларусі. Я думаю, што на Захадзе агулам ёсць пачуццё стомленасці ад санкцый, бо санкцыі не далі таго выніку, на які мы спадзяваліся. Я заўсёды сцвярджаў, што мы павінны паменшыць нашы чаканні ад таго, чаго можна дасягнуць санкцыямі.

Першае, да чаго павінны прывесці санкцыі - спыніць рэпрэсіі. Другое, на што яны нацэленыя - вызваленне палітвязняў. Санкцыі створаныя, каб прынесці дэмакратыю, і тут няма лёгкіх шляхоў. Мы павінны паменшыць нашы чаканні, і пачаць з таго, каб спыніць рэпрэсіі ў Беларусі, якія не спыняюцца з 2010 года, з дня выбараў.

Я думаю, калі ў нас будзе лепшае разуменне таго, чаго можна дасягнуць санкцыямі, да іх будуць ставіцца больш цярпліва. Аднак у святле таго, што адбылося з Украінай, з боку Еўропы і нават ЗША ёсць жаданне ўсталяваць кантакты і праверыць, ці зацікаўлены Лукашэнка ў тым, каб знайсці агульную мову з Захадам.

Але мы павінны быць асцярожныя, каб не патрапіць у пастку. Лукашэнка - майстар нацкоўваць Захад і Расею ў сваіх інтарэсах. І мы не павінны купляцца на гэтыя гульні.

- У тым ліку дзякуючы вашай працы на пасадзе намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША ў Беларусі ў 2008 годзе вызвалілі палітвязняў. Аднак у 2010 годзе ў Беларусі зноў прайшлі масавыя арышты, і колькасць палітвязняў вырасла ў разы. Сёння Захад вітае тое, што праз пяць гадоў катаванняў у турмах вызваленыя апошнія 6 вязняў сумлення. Калі, паводле вашых прагнозаў, Лукашэнка возьме новых закладнікаў?

- Я сапраўды ўпэўнены, што санкцыі, якія мы ўвялі ў 2006 годзе і ўзмацнілі ў 2007-м, прывялі да вызвалення палітвязняў. Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін быў апошнім, і гэта заняло яшчэ некалькі месяцаў, а таксама спатрэбіліся яшчэ санкцыі ў сакавіку 2008 года. Гэта каштавала нам амбасадара ЗША ў Менску Карэн Сцюарт. Але мы мелі на ўвазе канкрэтныя мэты для гэтых санкцый, і я б сказаў, што мэта вызваліць людзей з турмы была дасягнутая. Рэабілітацыі не дачакаліся, ніхто з тых палітвязняў не быў рэабілітаваны.

Але затым пачалася ледзь не гонка, спаборніцтва, асабліва сярод еўрапейскіх міністраў, якія завязвалі кантакты з беларускімі ўладамі, хоць і не адбылося палітычнай рэабілітацыі. З канца 2009 года і да выбараў 2010-га Беларусь сустракалі з распасцёртымі абдымкамі. Затым ківач хіснуўся назад, і мы ўбачылі гвалт, рэпрэсіі, адны з самых моцных за ўвесь час.

Такім чынам, мы павінны быць упэўненыя, што зноў не пападзёмся у гэтую пастку. Гэта нагадвае фільм «Дзень сурка» - мы ўжо бачылі такое раней. Ніхто не хоча паўтарэння таго, што было ў 2010 годзе. Гэта значыць, што мы павінны заставацца вернымі сваім прынцыпам, павінны разглядаць падзеі ў Беларусі самі па сабе, не праз прызму Расеі. І мы павінны наўпрост заяўляць, у што мы верым, і вяртацца да таго, што, як мы мяркуем, павінна быць зроблена ў Беларусі. Гэта ўключае палітычную рэабілітацыю, стварэнне больш адкрытай атмасферы для журналістаў, блогераў, апазіцыянераў, каб яны маглі дзейнічаць, не асцерагаючыся арыштаў, пераследу, запалохвання ці выгнання.

Гэта патрабуе цярплівага падыходу. Гэты хлопец ва ўладзе ўжо 21 год. І я не думаю, што нехта чакае зменаў на гэтых выбарах. Ён збіраецца быць пераабраным. Гэта выбары, вынік якіх збольшага прадвызначаны. Але я думаю, што Захад хоча паглядзець, што адбудзецца, ці будуць рэпрэсіі зноў, ці будуць пратэсты і дэманстрацыі супраць выбараў.

Па большай частцы апазіцыя абрала пазіцыю няўдзелу ў гэтых выбарах. То бок, гэта адрозніваецца ад 2010 года, калі некалькі чалавек балатаваліся ў прэзідэнты, і большасць з іх апынулася ў турме.

Мы павінны пачакаць і паглядзець, што будзе. Спадзяюся, што ў Захаду ў запасе ёсць некаторыя стымулы, якія ў перспектыве спатрэбяцца, як рычаг уздзеяння на Лукашэнку. Ён павінен зрабіць яшчэ шмат чаго перад тым, як адбудзецца нармалізацыя стасункаў. А мы павінны пераканацца, што ён робіць гэта не як касметычныя або павярхоўныя захады, а на сталай аснове. Думаю я, што Лукашэнка можа змяніцца? Наўрад ці. Але ў канчатковым выніку ён - той, хто наўпрост цяпер яшчэ ля стырна, і Захад імкнецца разабрацца, як нам весці з ім справы.

- Расея адкрывае на тэрыторыі Беларусі вайсковую базу. Ці ўсведамляюць ЗША пагрозу, якую яна нясе?

- У наш час з'яўленне расейскіх вайскоўцаў дзе заўгодна - гэта падстава для турботы. Па-мойму, Пуцін так дзейнічае невыпадкова. Відавочна, ён ціснуў на Лукашэнку - той не здаецца такім ужо зацікаўленым у наяўнасці гэтай базы ў той час, калі спрабуе зноў наладжваць стасункі з Захадам. Таму я думаю, што гэта спробы Пуціна зблытаць карты Лукашэнкі на Захадзе.

Думаю, што з боку Захаду будзе некаторае разуменне таго, што гэта не ідэя Лукашэнкі, а пастанова Пуціна. І гэта частка геапалітычных гульняў расейскага прэзідэнта, у якія ён гуляе ўжо дастаткова доўга, хоць гэта і не вітаецца іншымі. Размяшчэнне ў Беларусі расейскай вайсковай базы выкліча неспакой у краінах Балтыі і Польшчы.

- Сёння відавочна, што Пуцін аднаўляе СССР. Што ЗША могуць супрацьпаставіць новай «імперыі зла»?

- ЗША не прызнаюць ідэю сфер уплыву, якая адлюстроўваецца ў жаданні Пуціна аднавіць імперыю, аднавіць Савецкі Саюз. ЗША выступаюць за незалежнасць і суверэнітэт, за тэрытарыяльную цэласнасць усіх краін рэгіёну. Уварванне ва Украіну, акупацыя і анэксія Крыму - такое адбылося ўпершыню пасля Другой Сусветнай вайны, так што гэта сур'ёзны выклік Захаду, Еўропе і ЗША. Тое, што мы хочам зрабіць - пацвердзіць, што мы выступаем за незалежнасць усіх краін рэгіёну, уключаючы Беларусь, і блакаваць спробы ўмяшання Расеі, не кажучы ўжо пра ўварванне, у суседнія дзяржавы.

Я быў у Грузіі некалькі тыдняў таму. Грузіны ўсё яшчэ нервуюцца з нагоды свайго вялікага суседа на поўначы. Спробы перасунуць дэмаркацыйную лінію адбываюцца рэгулярна. І ў Грузіі ўжо ёсць досвед уварвання расейскіх сіл у 2008 годзе. Эстонія станавілася мішэнню кібер-нападаў у 2007 годзе. Гэта значыць, у нашы дні нават краіны-чальцы NATO ўстрывожаныя.

І мы павінны прыкласці ўсе сілы, каб пацвердзіць, што мы з нашымі саюзнікамі ў NATO, мы падтрымліваем гарантыі пятага артыкула NATO і павінны зрабіць усё, каб падтрымаць іншыя краіны рэгіёну, якія хочуць захаваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках