Беларусь хоча адправіць у акупаваны Крым дзяцей-чарнобыльцаў
17- 24.09.2015, 16:06
- 10,186
Беларускія ўлады разлічваюць за кошт бюджэту адпраўляць на адпачынак у Крым дзяцей з чарнобыльскіх раёнаў.
Пастанова аб гэтым можа быць прынятая, нягледзячы на ўсе вынікаючыя з гэтага кроку магчымыя наступствы праз анэксію паўвыспы Расеяй, паведамляе БелТА.
"Гэта пытанне не здымаецца сёння з парадку дня, але патрабуе ўнясення змяненняў у нарматыўную базу", - заявіў сёння ў Менску дырэктар Рэспубліканскага цэнтра ў аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі, адзначыўшы, што гаворка ідзе пра курорт Місхор.
Ён не стаў хаваць, што ёсць пэўныя складанасці з дастаўкай дзяцей у Крым і назад, піша АФН.
"Дастаўка дзяцей у Крым магчымая толькі авіяцыйным транспартам. У прынцыпе, авіякампаніі і пастаўшчык "Цэнтркурорт" гатовыя прадставіць кошт праезду, супастаўны з дарожным транспартам, на такіх умовах мы не бачым праблем праз тэрыторыю Расеі накіроўваць дзяцей у Місхор. Але гэта будзе толькі пасля ўнясення зменаў ва ўказ аб санаторна-курортным лячэнні", - сказаў Балбатоўскі.
Аднак, дырэктар цэнтра маўчаў пра магчымыя палітычныя наступствы такога кроку як для стасункаў паміж РБ і Украінай, так і для саміх дзяцей, якім "пашанцуе адпачыць" у Крыме.
Балбатоўскі таксама не ўдакладніў, ці ўзгодненая гэтая ініцыятыва з адміністрацыяй прэзідэнта і МЗС РБ, ці яна грунтуецца выключна на нібы асаблівай пазіцыі Лукашэнкі аб Крыме.
Разам з тым ён выказаў упэўненасць, што неабходныя змены ва ўказ будуць унесеныя да канца года і, магчыма, ужо ў гэтым годзе дзеці паляцяць на аздараўленне ў Крым за кошт дзяржавы.