18 красавiка 2024, Чацвер, 18:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падманлівае зацішша ў Данбасе

1
Падманлівае зацішша ў Данбасе
Фота: EPA

Стратэгія Пуціна - загадка не толькі для Захаду, але і для самога расейскага прэзідэнта.

«Вось ужо шмат тыдняў, як рэпартажы аб вайне ў Данбасе зніклі са старонак сусветных газет. Нягледзячы на тое, што і Ангела Мэркель і Пятро Парашэнка шукаюць спосаб спыніць вайну, яна доўжыцца, а ахвяры множацца», - піша аналітык Brookings Institution Марвін Кальб у сваёй калонцы для Chicago Tribune.

Аўтар адзначае, што канца гэтай вайны не відаць, а сепаратысцкія анклавы ў Данецку і Луганску па-ранейшаму застаюцца зброяй, якой Расея можа карыстацца для ціску на Украіну і Захад.

«Украіна перастала быць прыярытэтам для амерыканскіх дыпламатаў. Яны занадта занятыя ўгодаю з Іранам у Кангрэсе», - кажа калумніст. Ён таксама цытуе міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова, які нядаўна намякнуў, што Абама, магчыма, спрабуе палепшыць стасункі з Пуціным. Больш за тое, апошнія заявы самога Пуціна паказваюць, што і ён імкнецца наладзіць стасункі з Захадам, якія пацярпелі праз расейскае ўварванне ва Украіну.

«Але Абама і яго дарадцы, ужо абпаліўшыся, калі Пуцін захапіў Крым, не хочуць памыліцца зноў. Яны разумеюць, што Пуцін - былы палкоўнік КДБ, а цяпер яшчэ і самаабвешчаны Пётр Першы сучаснасці (з лёгкім прысмакам Сталіна) - па-ранейшаму здольны пачаць у Еўропе супрацьстаянне ў стылі Халоднай вайны», - тлумачыць Кальб.

Ён распавядае, што Расея непараўнальная з маштабамі СССР, але ўсё ж мае значны ўплыў ва Усходняй Еўропе. Кальб апісвае тое, што адбываецца ва Украіне пры дапамозе тэрміна «кіраваная нестабільнасць».

«Пуцін можа паспрыяць развязанню крызісу, а можа і распаліць канфлікт зноў. Але, хутчэй за ўсё, ён прыме пастанову яго замарозіць. Ключавое пытанне ў тым, што менавіта ён вырашыць распачаць», - разважае аналітык.

На ягоную думку, збольшага суцяшае тое, што зараз у Пуціна ёсць мноства праблем і акрамя Украіны; таму ёсць шанец, што расейскі прэзідэнт паспрабуе палепшыць стасункі з Захадам. Адна з галоўных праблем Пуціна - катастрофа ў расейскай эканоміцы, выкліканая санкцыямі Захаду і падзеннем коштаў нафты.

Аўтар адзначае, што пры гэтым расейскі прэзідэнт усё яшчэ ў стане ўвесці Украіну ў хаос і перашкодзіць ёй свабодна развівацца.

«Таксама ёсць версія, што Пуцін проста чакае моманту, калі зможа павялічыць маштаб канфлікту - ва Украіне і не толькі», - папярэджвае аўтар. З ягоных слоў, больш небяспечна для Захаду магчымасць пачатку гібрыднай вайны ў краінах Балтыі, між іншым, у Эстоніі, дзе 24% насельніцтва - этнічныя расейцы. Эстонія з'яўляецца членам NATO, а значыць, NATO будзе абавязаны прыйсці ёй на дапамогу.

«Ці наважыцца Пуцін зайсці так далёка? - задаецца пытаннем Кальб. - Ці будуць ЗША, змучаныя бясконцымі войнамі на Блізкім Усходзе, змагацца за Эстонію? Абодва варыянты малаверагодныя. Адказ, на жаль, залежыць ад стратэгіі Пуціна, якая з'яўляецца загадкай не толькі для Захаду, але, таксама і для самога расейскага прэзідэнта і ягоных дарадцаў».

Пераклад: «Новы час»

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках