Туск заклікаў ЕЗ падвоіць фінансавую падтрымку рэформаў ва Украіне
- 3.09.2015, 14:59
- 50,710
Прэзідэнт Еўрапейскага Звязу Дональд Туск заклікаў ЕЗ падвоіць падтрымку рэформаў ва Украіне і супрацьстаяць спробам дэстабілізаваць краіну.
Пра гэта ён заявіў у сваім звароце да паслоў ЕЗ.
Пры гэтым ён вітаў пастанову ЕЗ падоўжыць санкцыі супраць Расеі, уведзеныя ў сувязі з анэксіяй Крыму, паведамляюць "Украінскія навіны".
"Вядома, я задаволены, што ЕЗ захаваў адзінства ў пытанні санкцый супраць Расеі, уведзеных пасля незаконнай анэксіі Крыму. Шлях наперад - гэта падвоіць нашы намаганні ў падтрымцы рэформаў ва Украіне і супрацьстаяць спробам дэстабілізаваць краіну", - заявіў Туск.
Паводле ягоных слоў, Украіна з'яўляецца тэстам на праверку фундаментальных каштоўнасцяў Еўропы ў пытанні суседства.
"Краіны рэгіёну сочаць за парушэнне межаў суверэннай краіны, бо гэта мае значэнне для іх уласнай бяспекі. Яны хочуць ведаць, ці чакае іх вяршэнства права або сумесь карупцыі і сілавых метадаў", - заявіў кіраўнік Еўрапейскага Звязу.
"Будучыня Украіны з'яўляецца люстраным адлюстраваннем будучыні ЕЗ як глабальнага гульца", - падкрэсліў ён.
Пры гэтым ён выказаў надзею, што менскія пагадненні будуць выконваць, асабліва ў святле пагаршэння сітуацыі на Данбасе ў апошнія тыдні.
Са слоў Туска, апошнія падзеі ў Кіеве пацвярджаюць, наколькі складаным з'яўляецца працэс імплементацыі гэтых пагадненняў.