18 красавiка 2024, Чацвер, 20:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У лякарняў няма грошай на ўтылізацыю небяспечных медпрэпаратаў

11
У лякарняў няма грошай на ўтылізацыю небяспечных медпрэпаратаў

Уздзеянне небяспечных цытастатыкаў зазнаюць і пацыенты, і звычайнае насельніцтва.

Загадчыца лабараторыі прафілактычнай і экалагічнай таксікалогіі Навукова-практычнага цэнтра гігіены Ірына Ільюкова распавяла, што такія прэпараты належаць да небяспечных адкідаў і патрабуюць спальвання пры тэмпературы вышэйшай за 1.200 градусаў альбо, калі спальванне немагчымае, пахавання ў герметычнай металічнай капсуле на палігоне небяспечных адкідаў. Цяпер у Беларусі ёсць адзін такі палігон у Чачэрску (Гомельская вобласць), аднак прыём адкідаў на ім абмежаваны, і цытастатыкі назапашваюцца ў медыцынскіх установах, паведамляе БелаПАН.

«На жаль, нягледзячы на тое, што ва ўсіх медыцынскіх установах для захоўвання цытастатыкаў вылучаецца асобны пакой без доступу старонніх асоб, пры тэмпературы вышэйшай за 25 градусаў змесціва цытастатычных прэпаратаў нават з герметычных капсул паступае ў навакольнае асяроддзе», - сказала Ільюкова. Паколькі паліклінікі і лякарні звычайна размешчаныя ў густанаселеных раёнах, уздзеянне цытастатыкаў зазнаюць і пацыенты, і звычайнае насельніцтва, дадала яна.

Спецыялістка таксама сказала, што цяпер у Беларусі ёсць шэсць установак, здольных утылізаваць цытастатычныя прэпараты, але не ўсе з іх адпавядаюць патрабаванням. «Улічваючы, што ўтылізаваць тону цытастатыкаў вельмі дорага і ўтылізацыю адкідаў аплачвае ўласнік, то бок лякарня або паліклініка, якая іх стварыла, то яны шукаюць, дзе танней утылізаваць адкіды, - адзначыла загадчы лабараторыі. - Не заўсёды ў медустаноў ёсць магчымасць адшукаць грошы на ўтылізацыю адкідаў, часам бывае прасцей захоўваць».

Са слоў начальніка цэха абясшкоджвання адкідаў КУП «Экарэс» Руслана Хурсіка, спальванне 1 кілаграма цытастатыкаў каштуе 58.800 рублёў. «Цытастатыкі - гэта рэальная праблема. Імі забітыя ўсе цэнтры. Гэтыя адкіды нельга выкінуць, вядзецца іх улік, і каб спісаць прэпарат, неабходна падаць дакумент, што ён утылізаваны», - растлумачыў спецыяліст.

Магутнасць КУП «Экарэс» дазваляе перапрацоўваць 370 тон цытастатыкаў на год, аднак вытворчасць задзейнічаная не цалкам, адзначыў Хурсік. Пры наяўнасці сродкаў прадпрыемства здольнае перапрацаваць усе назапашаныя цытастатыкі менш чым за год.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках