Украіна і Польшча створаць супольнае абароннае прадпрыемства
- 3.09.2015, 20:35
- 37,892
Украіна ўзяла курс на ўступ у структуры калектыўнай бяспекі NATO.
Дзяржаўны канцэрн "Украбаронпрам" і польская кампанія "Lubawa SA" створаць супольнае прадпрыемства, паведамляе "Еўрапейская праўда".
Пра гэта гаворыцца ў Мемарандуме, які стораны падпісалі ў рамках удзелу ўкраінскай дэлегацыі ў Міжнароднай выставе "MSPO-2015", што праходзіць у польскім Кельцэ, паведамляе сайт "Украбаронпрама".
"Украіна ўзяла курс на ўступ у структуры калектыўнай бяспекі NATO. Польшча з'яўляецца годным партнёрам у гэтым кірунку нашага развіцця. Аб'яднання вытворчага і навуковага патэнцыялу "Украбаронпрама" і "Любавы" дасць магчымасць падвысіць якасць айчыннай прадукцыі, а таксама будзе ўзмацняць супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі", - заявіў генеральны дырэктар канцэрна Раман Раманаў.
Паводле ягоных слоў, супрацоўніцтва з польскай кампаніяй дазволіць стварыць першае ў Украіне дзяржаўнае прадпрыемства супольна з заходнімі партнёрамі.
На ўкраінскіх вытворчых магутнасцях размесцяць сучасныя тэхналогіі, абсталяванне і пададуць усе патрэбныя зыходныя матэрыялы.
Польская кампанія "Lubawa S.A." спецыялізуецца на вытворчасці шматмэтавага камуфляжу для Узброеных сіл краін NATO, яе прадукцыя карыстаецца попытам на больш чым 40 рынках свету.