Някляеў і Статкевіч адмовіліся ісці ў суд за акцыю на плошчы Свабоды
16- 30.09.2015, 10:29
- 31,824
У судзе Цэнтральнага раёна Менска сёння павінны прайсці разгляд справы за акцыю 23 верасня на плошчы Свабоды ў Менску.
Яе праводзіў экс-палітвязень Мікалай Статкевіч, арганізаваўшы як сустрэчу выбаршчыкаў з Лукашэнкам.
У акцыі ўдзельнічаў і экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў. На акцыю сабралася ад 400 да 500 чалавек, піша «Наша Нiва».
Выступоўцы - Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў - у сваіх выступах зрабілі акцэнты на няўдзеле ў выбарчым фарсе, рэпрэсіях і недапушчэнні прысутнасці расейскіх войскаў у Беларусі. Яны запрасілі прысутных на акцыю 4 кастрычніка, якая пройдзе пад лозунгам пратэсту супраць расейскіх баз.
Някляеў сёння прыйшоў на ганак суда, але ў будынак ісці адмовіўся.
«Навошта ісці ў суд, калі ні справядлівага правасуддзя, ні выбараў у краіне няма», - сказаў ён. У выніку палітык сышоў.
Лябедзька зайшоў у будынак суда, чакае пачатку працэсу. Статкевіча няма. Лябедзька кажа, што той адмовіўся ісці, бо не атрымаў позву належным чынам.
Нагадаем, што за сустрэчу з народам 10 верасня каля ГУМа Статкевіч атрымаў 7,2 млн штрафу.