18 красавiка 2024, Чацвер, 13:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазіцыя ўсё роўна пераможа

14
Апазіцыя ўсё роўна пераможа
Андрэй Саннікаў

Цікавы час, цікавыя пытанні. Адказы няпростыя, але нічога, разбярэмся.

Нейкі чарговы этап мы праходзім з гэтымі «выбарам». Вельмі складаны і вельмі небяспечны. Калі яго не разглядзець, то можна так зваліцца, што вяршыня маральнасці будзе вымярацца глыбінёй мярзоты.

Ёсць вялікая спакуса судзіць паводле вонкавых прыкмет. Тым больш, што інфармацыйная прастора настойліва навязвае моманты ў стылі Рэдмера Хукстры, такіх эстэтычна прымальных генетычных мутантаў, якія напраўду несумяшчальныя з жыццём.

Вельмі лёгка сёння можна прэпараваць тое, што засталося ад незалежнай прэсы. Можна сцябацца, можна абурацца, можна зрабіць выгляд, што ўсё гэта паддаецца сур'ёзнаму аналізу. Сутнасці гэта не змяняе.

За вельмі рэдкім выключэннем уся гэтая прэса з зачараваннем аблізвае яго нікчэмнасць дыктатара. Нават ролі размеркаваныя. Хтосьці павінен пераканаўча распавядаць, што ў нас сапраўды адбудуцца выбары і прапаноўваць рабіць стаўкі на вынік забегу мёртвых прусакоў. Хтосьці павінен да падучкі пераконваць, што народ чакае не дачакаецца дня выбараў, каб на досвітку рынуцца на выбарчыя ўчасткі і перасягнуць такі паўночнакарэйскі прыход. Тыя, хто больш жоўты, павінны абавязкова даваць скандальную хроніку з жыцця апазіцыі і журналістаў, этычна таўраваць іх за тое, што яны апазіцыя і журналісты. Найбольш набліжаныя павінны пераканаўча, на прыкладах шматвектарнасці даводзіць, што альтэрнатывы не тое, што няма, яе і быць не можа. Што гэты «народзец» зусім і не заслугоўвае такога шчасця, а таму яго і не шануюць.

Работнікі пяра, пісьменнікі, філосафы, прадусары, аналітыкі і іншыя быццам бы незалежныя творцы дружна расхапалі лісточкі з гэтымі напісанымі ролямі і напружана варушачы вуснамі зачытваюць іх услых. Не мае значэння, што фальшыва, словы то зацверджаныя. А некаторыя нават стараюцца з выразам...

Старыя канфармісты не заўважылі, як сваім прыкладам выгадавалі бойкую цынічную моладзь, якая ў гэты подлы час выцесніла іх з утульнай нішы пад назвай «па-над канфліктам». Гадзяняты хутка скемілі, што такі тавар можна за валюту прадаваць і сталі лізаць рэжым на экспарт. Да таго ж мовы падвучылі.

У кожнага сваё тлумачэнне матываў. Пераканаўчыя тлумачэнні: і са слязой, і з пафасам. Толькі вось пераканаўчасць балюча ўжо паходзіць на спробу апраўдаць уласную подласць.

Можна з лёгкасцю спрагназаваць паводзіны некаторых медыя і іх фронтмэнаў цягам найбліжэйшых дзесяці дзён. Усе сілы кінутыя на тое, каб «народзец» паверыў высновам несапраўдных сацыёлагаў і пацягнуўся да жыватворчых скрынь для галасавання. Гаворка зусім не ідзе пра дзяржаўныя СМІ. Ім так пашчасціла: былыя апаненты ўсё робяць за іх, ды з якім запалам!

Вось і малююць супольна, думаючы, што гуляюць у Хукстру, і не заўважаючы, што ствараюць творы ў духу Гюнтэра фон Хагенса, з мёртвых чалавечых целаў. А гэта ўжо за межамі...

Аднак апазіцыя - гэта не толькі асобы, а паняцце. Шчаслівыя тыя народы, у якіх гэта паняцце ў цяжкія часы дэспатыі супадае з асобамі. Яны перамагаюць.

Незалежная журналістыка - гэта таксама не асобы, а прынцыпы. Ёсць прынцыпы - ёсць незалежны журналіст. Ну, а калі іх няма - мы чуем тужлівыя стогны аб «аб'ектыўнасці». Гэта амаль як дзве дзяржаўныя мовы ў нас. Таксама, маўляў, «аб'ектыўна» раўнапраўныя.

Няма сэнсу разбірацца, чаму палітыкі, якія называюць сябе апазіцыйнымі, і журналісты, якія называюць сябе незалежнымі, кінуліся дапамагаць дыктатару. У кожнага можа быць свая меркантыльнасць, а можа і свая трагедыя. Толькі вось паводзіны іх разлічаныя на «народзец». Народ ім не паверыць.

Народ сёння ўсё больш становіцца апазіцыяй. Ну не пойдуць людзі добраахвотна да скрыняў для галасавання хаваць сваю будучыню. У 2010 годзе пайшлі, бо падтрымлівалі апазіцыю, а цяпер не пойдуць.

А апазіцыя ўсё роўна падужае дыктатуру. Па-іншаму не бывае. І незалежныя журналісты напішуць пра гэта першымі.

Андрэй Саннікаў, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках