Федэрыка Магерыні: Нам не варта забываць, што адбываецца на ўсходзе Еўропы
1- 4.09.2015, 16:46
- 12,396
Нягледзячы на востры міграцыйны крызіс, ЕЗ не варта забываць аб тым, што адбываецца ва Украіне.
Пра гэта заявіла журналістам у Люксембургу высокая прадстаўніца ЕЗ у пытаннях замежнай палітыкі і бяспекі Федэрыка Магерыні перад пасяджэннем міністраў замежных спраў краін Еўразвязу, піша "ЕвроПравда".
"Я цягам месяцаў паўтарала, калі ў нас была самая гарачая пара ўкраінскага крызісу: у той час як мы засяроджваемся на нашым усходнім суседстве, мы не павінны забываць, што адбываецца ў Лівіі і Сірыі", - адзначыла яна.
"Сёння я магу сказаць, што мы не павінны забываць пра тое, што адбываецца на ўсходзе", - падкрэсліла Магерыні.
"Таму мы будзем абмяркоўваць нашы дачыненні з Расеяй, нашу падтрымку сябрам на ўсходзе, пачынаючы, вядома, з Украіны", - сказала высокая прадстаўніца ЕЗ.
Нагадаем, раней Магерыні ўхваліла пастанову Вярхоўнай Рады прыняць папраўкі да Канстытуцыі ў першым чытанні, але выказала шкадаванне ў сувязі з пацярпелымі ў сутыкненнях ля парламента.