18 красавiка 2024, Чацвер, 13:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парашэнка запрасіў прэзідэнта Польшчы наведаць Украіну

Парашэнка запрасіў прэзідэнта Польшчы наведаць Украіну
Пятро Парашэнка
ФОТА: BLOOMBERG

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка запрасіў прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду наведаць Украіну.

Як паведамілі УНІАН у прэс-службе прэзідэнта Украіны, пра гэта ішла гаворка на сустрэчы Парашэнкі са спецыяльным пасланцом прэзідэнта Польшчы дзяржаўным сакратаром Канцылярыі Кшыштафам Шчэрскім.

Кіраўнік Украінскай дзяржавы выказаў падзяку Польшчы за нязменную актыўную пазіцыю і салідарнасць у абароне інтарэсаў Украіны на міжнароднай арэне, а менавіта, на шляху еўрапейскай інтэграцыі.

Пятро Парашэнка адзначыў патэнцыял і важнасць развіцця стасункаў паміж краінамі. Сярод іншага, асаблівую ўвагу Украіна надае ўзмацненню вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў рамках украінска-польска-літоўскай брыгады.

Шчэрскі пацвердзіў нязменнасць пазіцыі польскага прэзідэнта аб працягу стратэгічнага партнёрства паміж краінамі.

Суразмоўцы абмеркавалі «дарожную карту» кантактаў лідэраў Украіны і Польшчы.

Кіраўнік Украіны запрасіў прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду наведаць Украіну.

«Развіццё нашых стасункаў зробіць краіны больш моцнымі і ўзмоцніць ўзровень даверу», - упэўнены Парашэнка.

Стораны абмяняліся думкамі аб бягучай сітуацыі на Данбасе. Прэзідэнт Украіны паведаміў, што на працягу 6 дзён захоўваецца рэжым спынення агню, што дае асцярожную надзею на мірнае развіццё працэсу».

Суразмоўцы падкрэслілі важнасць аб'яднання намаганняў міжнароднай супольнасці ва ўсталяванні супакою ва Украіне і захаванні бяспекі ў Еўропе.

«Спадар Дуда запэўніў, што адна з найважнейшых задач у замежнай палітыцы - гэта бяспека і дасягненне міру ў рэгіёне. У гэтым кантэксце развіццё сітуацыі ва Украіне крытычна важнае», - адзначыў дзяржсакратар Канцылярыі прэзідэнта Польшчы.

У часе сустрэчы акцэнтавалася ўвага на дэструктыўнай пазіцыі тэрарыстаў наконт намераў правесці незаконныя мясцовыя выбары ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей, якія падважваюць Менскі працэс.

Таксама была абмеркаваная хада канстытуцыйнай рэформы ва Украіне, сярод іншага, у сфэры дэцэнтралізацыі. Прэзідэнт падкрэсліў, што рэформа дэцэнтралізацыі грунтуецца на польскай мадэлі і пры актыўнай падтрымцы польскіх экспэртаў.

Парашэнка падзякаваў за цёплыя віншаванні, накіраваныя Дудам на адрас прэзідэнта Украіны і ўкраінскага народа з нагоды Дня незалежнасці Украіны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках