29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бізнэс патрабуе скасавання пастановы №666

11
Бізнэс патрабуе скасавання пастановы №666

Бізнэс-супольнасць будзе дабівацца скасавання пастановы Саўміна №666.

Бізнэс-супольнасць вельмі негатыўна ўспрыняла пастанову Саўміна №666 "Аб увядзенні дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспэртызы на ўвозныя тавары" і будзе звяртацца да Лукашэнкі з просьбай аб скасаванні дакумента, заявіў БелаПАН 4 верасня ў Менску старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін.

У канцы жніўня ўвайшла ў дзеянне пастанова Савета міністраў №666 ад 6 жніўня 2015 года, якой уведзеная абавязковая дзяржаўная санітарна-гігіенічная экспэртыза прадукцыі замежнай вытворчасці з выдачай адпаведнай высновы. Пад патрабаванні аб правядзенні экспэртызы падпадаюць імпартныя вырабы лёгкай прамысловасці, бытавая тэхніка, прадукты харчавання, тавары для дзяцей, бытавая хімія і многае іншае.

"Даслоўна ўся дзелавая супольнасць Беларусі ўстурбаваная фактам прыняцця гэтай пастановы і яго наступствамі, і самой формай яе падрыхтоўкі і рэалізацыі. Прыняцце гэтага дакумента груба парушае дырэктыву №4 у плане таго, што з праектам гэтага дакумента не была азнаёмленая дзелавая супольнасць, бізнэс-асацыяцыі, БелГПП", - адзначыў Карагін.

Паводле ягоных слоў, канфедэрацыя атрымала "занепакоеныя званкі з 20 краін свету". "Тэлефануюць з-за мяжы, бо шэраг важных, у тым ліку інвестыцыйных, тавараў знаходзяцца пад пагрозай, бо так раптоўна прынятая такая пастанова", - адзначыў кіраўнік бізнэс-аб'яднання.

Як заявіў Карагін, ні камерцыйныя арганізацыі, ні асацыяцыі "не бачаць ніякага пазітыву ў прыняцці гэтых захадаў і не бачаць прычын, праз якія яны былі прынятыя". "Гэта дзеянне раўназначна дыверсіі, прычынення вялікай шкоды нашай эканоміцы. Не паступяць сродкі як мінімум месяц, калі яна не будзе скасаваная, многія прадпрыемствы будуць мець вялікія страты, будзе падарваны наш маральны аўтарытэт, дзелавая рэпутацыя краіны", - мяркуе ён.

Карагін паведаміў, што 3 верасня канфедэрацыя накіравала ліст прэм'ер-міністру Андрэю Кабякову з патрабаваннем прыпыніць дзеянне гэтай пастановы, а таксама правесці супольна з прадпрымальніцкімі структурамі нараду аб праблемах яго рэалізацыі.

Як адзначыў сябра Рады прадпрымальніцтва пры Лукашэнку і старшыня канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў, ніякіх дакументаў для ўзгаднення гэтай пастановы ў раду не паступала. "Гэта вельмі сумна, парушаны рэгламент Савета міністраў. Тут мала таго, што тут шлейф парушэнняў дзейнага заканадаўства нашай дзяржавы, міждзяржаўных стасункаў, я мяркую, што гэта дзяржаўная здрада ў пэўнай ступені. Гэта пастанова надзвычай негатыўна адаб'ецца на эканоміцы нашай краіны. Гаворка павінна быць не пра яе прыпыненне, а пра неадкладнае скасаванне", - мяркуе Маргелаў.

Як адзначыў дырэктар аналітычнага цэнтра праблем ІП пры канфедэрацыі Анатоль Змітровіч, гэтая пастанова ў аднабаковым парадку на тэрыторыі Беларусі ўстанавіла новыя правілы перамяшчэння і рэалізацыі тавару з трэціх краін у парушэнне раней падпісаных міждзяржаўных пагадненняў аб стварэнні Мытнага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза. "Прадукцыя, выпушчаная ў абарачэнне на тэрыторыі ЕАЭС, знаходзіцца пад юрысдыкцыяй не нацыянальных прававых актаў, а нарматыўна-прававой базы ЕАЭС, і ўвядзенне дадатковай працэдуры санітарна-гігіенічнай экспэртызы не толькі парушае міждзяржаўныя пагадненні, але і ставіць беларускі нацыянальны бізнэс у няроўныя ўмовы з суб'ектамі гаспадарання Расейскай Федэрацыі і Казахстана", - адзначыў экспэрт.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках