23 красавiка 2024, aўторак, 18:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ультрас з Львова: Раней мы біліся з беларусамі, але Пуцін нас аб'яднаў

22
Ультрас з Львова: Раней мы біліся з беларусамі, але Пуцін нас аб'яднаў

Сёння беларускія і ўкраінскія фанаты братаюцца ў Барысаве і Львове. Калісьці яны былі лютымі ворагамі.

«Радыё Свабода» паразмаўляла з заўзятарам, які заспеў і часы боек, і братанні пасля гульні.

Тарас Паўлаў пачынаў фанацкае жыццё ў 17 гадоў — заўзеў за родны клуб «Карпаты». За 9 гадоў ён дарос да лідэра фан-руху галоўнай ільвоўскай каманды, узначальвае грамадскую арганізацыю «Заўжды верныя».

Як у большасці краін свету, ва Украіне раней былі сяброўскія і варожыя клюбы. «Карпаты», напрыклад, ніколі не мелі добрых стасункаў з адэскім «Чарнаморцам» і харкаўскім «Металістам». Але падзеі на майдане Незалежнасці ў 2013–2014 гадах ператварылі былых ворагаў у сяброў.

«Як толькі пачалася рэвалюцыя, мы між сабой стэлефанаваліся, дамовіліся, што ўсталёўваем замірэнне паміж усімі клубамі, — расказаў Свабодзе Тарас. — На ўсходзе (у зоне АТА. — РС) цяпер часта здараецца, калі ў адным батальёне разам служаць і ваююць фанаты з розных клубаў».

Паводле фаната, дзялілі краіну на захад і ўсход толькі палітыкі, а фанаты розных клубаў, у тым ліку і ў Севастопалі, і ў Данецку адназначна былі праўкраінскія.

«А фанаты рэгулярна каталіся па Украіне, яны разумелі, што пытання паміж усходам і захадам няма, — расказаў Тарас. — Таму пасля рэвалюцыі ўсе зразумелі, што ніякія футбольныя нюансы не важныя. Паўстала пытанне існавання краіны».

З таго часу аніякіх боек паміж фанатамі ва Украіне няма. Наадварот, у дзень матчу праходзяць супольныя акцыі.

«Першыя супольныя маршы прайшлі паміж прынцыповымі ворагамі», — расказаў Тарас.

Трыбуны скандавалі адна адной «Слава Украіне» і «Жыве Беларусь»

Яшчэ адзін былы вораг стаўся ці не найбліжэйшым сябрам — гаворка пра беларускіх фанатаў. У 2008 годзе ўкраінцы збілі фанатаў з Беларусі на аўтавакзале Львова. Яшчэ раней была вялікая бойка ў Менску. Тады ад чыгуначнага вакзалу беларускі АМАП стварыў калідор для ўкраінцаў. І адны, і другія спрабавалі праткнуць гэты кардон, перакідваліся бутэлькамі ды бітамі.

«Супярэчнасці былі, але не прынцыповыя. Не было такіх, што нельга было б прабачыць, — расказаў Паўлаў. — Я з хлопцамі з Беларусі і раней сябраваў, не зважаючы на ўсякія бойкі».

Аднак пасля апошняга Майдану беларускія і ўкраінскія фанаты займелі агульныя вартасці і аб’ядналіся.

«Пуцін меў для нас іншую мадэль, — расказаў Паўлаў. — Калі пачаўся Майдан, паказальна было, што адной з першых ахвяраў быў беларус. Пасля таго ніякіх пытанняў (да беларусаў. — РС) не ўзнікала».

Кульмінацыяй яднання стаў леташні матч паміж нацыянальнымі камандамі Украіны і Беларусі ў Барысаве. Тады фанацкія трыбуны скандавалі адна адной «Слава Украіне» і «Жыве Беларусь». Пры гэтым, што будзе адбывацца ў Барысаве, украінцы да канца не ведалі.

«Фанаты Беларусі — яны ў большасці патрыёты, — расказаў Паўлаў. — Выглядае, і мы, і беларусы маем супольныя тэмы, адну субкультуру, адну мэнтальнасць. Усе пераклічкі — гэта спантанна выйшла. Ніхто пра гэта не дамаўляўся».

Праўда, сам Тарас да Барысава не даехаў. Беларускія памежнікі паставілі яму ў пашпарт штамп аб забароне ўезду — толькі аднаму чалавеку з усяго мікрааўтобуса. Без тлумачэння яго проста высадзілі.

З ягоных слоў, украінцам было прыемна адчуць такое нечакана цёплае прыймо на выязным матчы.

«Мы разумелі, што і ў вас ёсць людзі з іншым пунктам гледжання, — расказаў Паўлаў. — Ёсць людзі, якія думаюць сваёй галявой, а не глядзяць навіны».

Яшчэ раней беларускія фанаты прыязджалі ў Ільвоў на фан-турнір. Гэтым разам перад матчам яны плануюць здаваць кроў для байцоў АТА. Такім чынам беларусы выкажуць падтрымку Украіне, якая другі год цярпіць ад вайсковага канфлікту на Данбасе. Тым больш шмат хто з мясцовых фанатаў трапіў у набор ці пайшоў добраахвотнікам на вайну.

«Здаваць кроў прапанавалі хлопцы зь Беларусі, — расказаў Тарас. — Рэвалюцыя ўсё змяніла. У нас з’явіўся агульны вораг. Кожны адэкватны беларус гэта бачыць».

Украінец кажа, што сяброўства паміж заўзятарамі дзвюх краінаў — сапраўды ўнікальнае. Беларусы, увогуле, адзіныя замежныя заўзятары, з кім украінцы праводзяць агульныя акцыі.

«Такога ўвогуле не існуе. У нас з беларусамі ёсць агульнае разуменне праблем, не зважаючы на межы і адлегласці, — расказаў Паўлаў. — Дай бог, так будзе далей, і ніякія прапагандысцкія машыны не будуць сеяць разлад між народамі».

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках