Юры Хашчавацкі: Ацаніць Лукашэнку можа толькі доктар Шчыгельскі
31- 8.09.2015, 9:21
- 35,217
ФОТА: CHARTER97.ORG
Чалавек з народу ніколі не будзе насіць гадзіннік за некалькі дзесяткаў тысяч даляраў.
Дыктатар Аляксандр Лукашэнка ў папулісцкіх заявах любіць падкрэсліваць сваё «сялянскае» паходжанне. У народнай традыцыі менавіта восень з'яўляецца часам падвядзення вынікаў года.
Што можна сказаць пра цяперашнюю «восень дыктатуры»? У якім стане сустракае наша краіна першыя прыкметы восеньскага надвор'я і заканчэнне гарачага, у многіх сэнсах, лета? На гэтыя пытанні ў інтэрв'ю charter97.org адказвае вядомы беларускі рэжысёр Юры Хашчавацкі.
- Вынікі гэтага года лёгка падвесці паводле некалькіх катэгорыяў. Напрыклад, калі ў студзені даляр каштаваў нешта блізу 11 тысяч рублёў, то цяпер - больш за 17. Значыць, у нас дэвальвацыя склала амаль 50%.
Вынікі года беларусы могуць убачыць па коштах у крамах, гэта значыць яны могуць зразумець, наколькі высокая інфляцыя. Я думаю, адсоткаў блізу 20. Хоць я і не эканаміст і так ужо дакладна не магу падлічыць усе гэтыя «харчовыя кошыкі», але іх апусташэнне цалкам відавочнае.
Аляксандр Лукашэнка сапраўды быў «чалавекам з народу». Але чалавек з народу, блізкі па духу народу, які ведае памкненні людзей, які разумее, што такое працаваць на зямлі - ніколі не будзе насіць гадзіннік за некалькі дзесяткаў тысяч даляраў. Не будзе будаваць сабе рэзідэнцыі коштам чвэрць мільярда даляраў. Чвэрць мільярда! Ды які ён «з народа»?
Я скажу так: з гразі ў князі - вось што атрымалася. І гэта жахліва. Гэта чыста біблейская гісторыя: раб, які стаў царом. Вось што мы назіраем. Гэта чалавек, які, апрануўшы маску «міратворцы», на самай справе ўпусціў сюды расейскія вайсковыя базы, павялічыў расейскую вайсковую прысутнасць.
Пры гэтым, як заўсёды, прымудраецца яшчэ і зманіць, што гэта абсалютна «мірныя» расейскія базы. «Мірныя расейскія вайсковыя базы» (а гэта яго словы) - гэта прыклад узроўню «праваслаўны атэіст», як ён сябе калісьці называў. Гэта чалавек, сатканы запар з кагнітыўнага дысанансу. Я думаю, пра гэта ўжо трэба браць інтэрв'ю не ў мяне, а ў доктара Шчыгельскага. Ён дакладней апіша гэты дыягназ.
- Што можна сказаць пра палітычныя вынікі праўлення Лукашэнкі? Улада шмат у чым спадзявалася на маючыя адбыцца «выбары» і сцэнар іх безумоўнага прызнання Еўропай. А цяпер мы бачым, што цікавасць народа да выбарчага спектакля мінімальная і ўсё цяжэй выдаваць жаданае за сапраўднае.
- Немагчыма казаць пра палітычныя вынікі года толькі ў гэтым сэнсе. Варта казаць пра палітычныя вынікі ўсяго часу кіравання Лукашэнкі.
За час ягонага праўлення ў Беларусі была знішчаная наогул палітычная сістэма. Былі знішчаныя ўсе палітычныя інстытуты - пачынаючы з парламента, з судоў і заканчваючы ўсёй грамадзянскай супольнасцю.
На сённяшні дзень усе інстытуты, якія працуюць як бы ад дзяржавы, ператварыліся ў сілавыя структуры. Міністэрства адукацыі - гэта сілавая структура, якая забяспечвае фальшывы вынік «выбараў».
Суды - гэта сілавая структура, якая кіруецца перш за ўсё «мэтазгоднасцю» з пункту гледжання ўлады і штампуе абсалютна антызаконныя прысуды. Сілавікі - не існуе, напэўна, ні адной запаведзі Божай, якую яны б не парушылі. Напрыклад: ілжэсведчанне. У судах - суцэльныя ілжэсведчанні, прычым ведаюць пра гэта абсалютна ўсе: суддзі, ілжэсведкі-сілавікі і гэтак далей.
Успомніце, як дырэктарка дзіцячага садка спрабавала не аддаць дзядулі з бабуляй Даніка, сына Андрэя Саннікава і Ірыны Халіп, каб перадаць яго органам апекі. Дзіцячы садок - гэта таксама сілавая структура. Гэта жахліва.
Неабходна паглядзець на вынікі кіравання Лукашэнкі ў сацыяльным сэнсе. Яшчэ менш за гэты час сталі шанавацца інтэлект і адукацыя. Усё больш цэніцца - гэта новае слова - «ватніцтва». І тое, што можна назваць старым словам «гопніцтва». Гэтыя людзі цяпер усплылі на паверхню і яны самыя «крутыя».
Тэлебачанне таксама з'яўляецца сілавой структурай. Сілавым спосабам уздзейнічае на мазгі людзям. «Прамывае» мазгі людзям і палохае іх. Для таго, каб людзі забіліся ў шчыліны, як мышы пад венік і сядзелі, не падымаючы галавы. Годнасць беларусаў за ўвесь гэты час значна ўпала, усе яны жывуць у страху - вось вынікі сацыяльнага і палітычнага кіравання Лукашэнкі.
А гэты год - гэта проста ўзмацненне гэтых тэндэнцый, і мы гэта бачым. Людзі знаходзяцца «ў ступары», гэтыя «выбары» яны не лічаць сумленнымі. Скажам так: толькі адсоткаў 30 прыхільнікаў Лукашэнкі ўважаюць «выбары» сумленнымі, адсоткаў 40 грамадзян ўважаюць іх адназначна фальшывымі, а астатнія праз страх не скажуць вам, што лічаць іх несумленнымі.
Вось да чаго мы прыйшлі: грамадства дэмаралізаванае і практычна кожны малады марыць з'ехаць з краіны. Марыць альбо пайсці ў АМАП і біць дубінкамі па галовах сваіх суайчыннікаў, альбо з'ехаць, таму што іншага спосабу зарабіць на жыццё не існуе. Далей можа быць толькі катастрофа.
За час свайго кіравання Лукашэнка фактычна здаў Беларусь Расеі. Яго папярэджвалі, яму казалі - але не, марачы аб Крамлі, аб шапцы Манамаха, ён усё спрабаваў стварыць «саюз». Чым закончыўся гэты «саюз»? Зараз мы бачым: і Назырбаеў, і Лукашэнка не ведалі аб украінскай авантуры Пуціна. Іх паставілі перад фактам - вось вам і «саюз». І цяпер усе гэтыя санкцыі - вельмі сур'ёзным чынам адбіваюцца на беларускай эканоміцы. Вось вам і «саюз»!
Лукашэнка прадаў, усё што можна было. Яшчэ трохі засталося ў «загашніку» - але ён прадасць гэта найбліжэйшым часам. Ён прадасць Расеі ўсё, што толькі можна. І паспрабуе «нахапаць» крэдытаў, у тым ліку і на Захадзе пад маскай «міратворца» і «лібералізатара». А за гэта прадасць яшчэ і будучыню нашых дзяцей і ўнукаў, якія вымушаныя будуць гэтыя пазыкі аплочваць. Ён разбурыў не толькі сучаснасць, але і будучыню беларусаў.
Я ўпэўнены, што сіл усё ж хопіць, але я не ведаю, колькі іх давядзецца прыкласці, каб выблытацца з той ямы, у якую Лукашэнка завёў краіну.